Бобікі думалі, што немцы памятаюць той выпадак і таму гэтак шалеюць.
Каб дадаць адзін аднаму злосці, паліцаі гарланілі таксама. Яны лаяліся і лупцавалі смяротнікаў прыкладамі, не разбіраю-чы — галава, плечы, жывот. Паліцаі бралі рэванш і лезлі са ску-ры, каб давесці, не так яшчэ могуць, бо недарма пераводзяць нямецкі паёк.
Матрунін сын заўважыў знаёмых. Цяпер яны нікому нічога больш не маглі сказаць, можна было не цырымоніцца. Былога члена Кампартыі Заходняй Беларусі з Гарадка Чэсек Павала здзяліў ботам, а настаўніка-шахматыста Варанцова — па спіне прыкладам:
— Ага, і вы, сабакі, трапілі сюды?! — крыкнуў ён ужо цяпер без аглядкі.— Хіба я вам не абяцаў гэтага яшчэ на падворку турмы? Казаў вам, паршывыя свінні, нэ?!. А вы ўсё думалі — на вяселле вязуць!..
Аглушаныя і прыдаўленыя гвалтам людзі паступова сталі кумекаць, чаго ад іх хочуць, і нястройнай калонай рушылі каля навалам пакіданай у вялізныя кучы вопраткі.
Асуджаныя не бачылі, што лявей таго месца, куды іх гналі, з-за бруствера выглядаў нацэлены на іх «машынгэвэр» з закладзенай у казённік металёвай лентай.
Кулямётчык обер-яфрэйтар, звесіўшы ногі ў ячэйку, пакуль што сядзеў на брустверы, з апетытам аплятаў бутэрброд з шынкай і глядзеў на іх вачыма раўнадушнага мясніка. Побач на газеце ляжала яго снеданне і стаялі дзве бутэлькі піва.
Недалёка ад кулямётчыка, ля горкі свежай зямлі тырчэў камандзір узвода з доўгім бізуном і нездаволена чакаў, калі «фэрфлюхтэ поліцістэн» зробяць тое, што трэба. Камузвода «эсэсманаў» раптам выявіў: не ўсе ахвяры раздзетыя. Абураны такім непарадкам, ён закрычаў і, збіваючы расу на траве, кінуўся насустрач калоне.
Крайні ў калоне брыў Толуць з Зуброў. Атрымаўшы бізуном, Міша спыніўся і пачаў сцягваць нагавіцы. Звязанымі рукамі зрабіць гэта было нялёгка. У гэты момант афіцэр, які камандаваў усёй «акцыяй», здалёк віскнуў:
— Ахтунг!..
Узводны ўстрапянуўся — позна. Немец толькі піхнуў мок-рым ботам Толуця ў бок доўгай ямы і рынуўся прэч, пакідаючы людзей кулямёту. А обер-яфрэйтар, пачуўшы каманду, не спяшаючыся, адклаў бутэрброд, дажаваў сняданне.
Тады ён узяўся за бліскучы, пакрыты свежым лакам прыклад «машынгэвэра» і стаў спакойна даводзіць ствол.
Людзі здзівіліся, што нарэшце няма звар'яцелай паспеш-насці, што ніхто іх больш не лупцуе. Усе стаялі босымі нагамі — хто на халаднаватай траве, хто на пацямнелым ад вільгаці пяску. У апошні момант эсэсаўцы прыперлі аднекуль і далучылі да іх сям'ю з шасці чалавек — мужыка, жонку, чацвёра дзяцей. Самае меншае маці несла на руках і, каб супакоіць, яму паціху штосьці спявала. Муж трымаў васьмігадовага сына, ласкава штосьці яму тлумачыў ды гладзіў па галоўцы, а хлопчык уз-дрыгваў ад прыглушанага плачу. Крыху большыя два хлопчыкі ішлі, трымаючыся за рукі, і ўсхліпвалі, бытта іх хто пакрыўдзіў.
За гэтай сям'ёй Міша толькі цяпер з жахам убачыў яму, а ў ёй — поўна народу. Людзі там нібы спалі, аднак позы ў іх былі незвычайныя, і ляжалі яны адзін на адным, як дровы...
— Шлюс! — рэзка прагучала апошняя каманда.
— Шлюс! — як рэха, паўтарылі яе арганізатары «акцыі».
— Шлюс, фэртых!..
— Анфангэн! — зноў падаў голас першы немец. Міша ніяк не чакаў, што самае страшнае здарыцца вось цяпер, у гэты момант. Ён жа яшчэ не гатовы, тут жа дзеці і ўсё гэта так недарэчна! — апошні раз у ім устрапянулася ды закрычала душа. Але нечакана секануў кулямёт. Хлапец не паспеў нават перавесці дых. Нешта чужое і бесцырымоннае раптам штурхнула яго ў спіну, апякло, і ён адразу перастаў чуць стрэлы. У вушах зазвінела, перад вачыма пайшлі нейкія колы, і таго імгнення, калі хлапец, змецены чаргой хуткастрэльнага «машынгэвэра», падаў у страшную адхлань з целамі, для яго свядомасці ўжо не існавала. Яму папоўніў яшчэ адзін труп.
Па заданні оберштурмбанфюрэра Цымермана разам з транспартам асуджаных мог ехаць і Мікалай Буднік. Потым ён мог прысутнічаць пры ўсім гэтым жаху ды бачыць, як рас-стрэльвалі яго знаёмага, Мішу Толуця. Магчыма, такое бывала не раз, і Мікалай глядзеў на жудасную бойню, але не мог і паль-цам пашавяліць у абарону няшчасных. I, магчыма, было б тое самае, калі б ля ямы ў Песках апынуўся я, Валодзька ці каторы-небудзь з яго братоў, бо адмяніць лёс няшчасных ён бы не змог, а толькі выдаў бы сябе.
Апісаныя выпадкі ўражваюць чалавека нават у перасказе. Як жа было перажыць патрыёту тыя жудасныя мінуты, будучы побач з сябрамі і знаёмымі, якіх арыштоўвалі, дапытвалі, катавалі ды расстрэльвалі?
Читать дальше