Ліке надта пашкадаваў, што не захапіў апарата.
— Гін! — обер махнуў рукой у бок гумна. Немцы прыставілі веласіпеды да жэрдак, якімі быў агароджаны тытунь, і накіраваліся да паказанага месца. На дарозе застаўся адзін паліцай — ён бытта думаў і вырашаў, што яму рабіць.
Грыцук ішоў спакойпа і ўпэўнена, яму яшчэ не хацелася верыць, што болей ніколі не ўбачыць гэтага расцёртага на муку сотнямі пакаленняў і высушанага на попел дарожнага пяску, выгаралай травы, што апошні раз дакранаўся да яловых жэрдак, якімі сам гарадзіў яшчэ ўчора тытунь.
Грыцук сябе суцяшаў: не можа быць, каб яго расстралялі. Ён жа адзіны мужчына дома, гаспадар, як жа будзе жонка з дзецьмі, са старой маці?.. I рамкі для вулляў не паспеў зрабіць, цяпер медабранне якраз!.. Вечарам з Замкавага лесу меліся прыйсці на хутар тры байцы, што хаваліся два месяцы ў гушчары.
Грыцук яшчэ не ведаў, што двое з іх мінулай ноччу напароліся на ізабэлінскіх немцаў, якія сядзелі ў засадзе, і загінулі.
Хлопцы прасілі, і ён падрыхтаваў дзесяць галовак квашанай капусты...
Учора і ліпу спілаваў на клёпкі!..
Немцы не дурні, не павінны за нішто ўзяць ды і расстраляць здаровага мужчыну, яны ж ад яго карысць могуць мець. Нічога не зробяць, напалохаюць ды пусцяць...
Грыцук быў і рэалістам. Адначасова ён бачыў і разумеў, што сапраўды вядуць яго на расстрэл. Успамінаючы падобныя выпадкі ў суседніх вёсках, ён адчуў — няма ратунку.
Што рабіць?
Стукнуць таго, якога пчала ўкусіла, рыдлёўкай па галаве, вырваць карабін, перастраляць здыхлякоў і — да рэчкі, у кусты! Покуль ізабэлінскі паліцай зніме вінтоўку, покуль пачне паліць — да альшынкі дабяжыць, адтуль — у Замкаў лес ці ў Козі горы!.. А куды падзецца Галі з дзецьмі?.. А Біскупцы?!.
Хіба не так было ў Шаўлічах, за што потым знішчылі ўсю вёску?.. Няўжо няма выйсця? I няма!
Грыцука агарнула жудасная трывога, у галаве ліхаманкава паўставалі абрыўкі вобразаў.
Учора вечарам вярнуўся ён з лесу ад хлопцаў, а Тася ўжо спала з маткай. Перакладваючы малую да бабкі, ён заўважыў — яна трымае нешта. Расшчаміў кулачок, а з яго выпала фасолька...
Прасіцца ў немцаў?.. Ліха іх бяры, дзеля дзяцей трэба застацца жыць...
— Шнэлер, гунд! — Гофман стукнуў яго ў плечы кантам акутага прыклада, а ў голасе пачулася такая варожасць, што ў Грыцука прапала ўсялякая надзея.
Цяпер ён не прасіў бы літасці, калі б расстрэльвалі і цэлую сям'ю,— усё роўна дарэмна. Калі Грыцук набліжаўся да паказанага месца, сэрца яго абліваў халодны страх.
Брумель пабег наперад. Вось ён спыніўся і з маўклівай згоды обера пачаў крэсліць ботам на мяккай зямлі квадрат: два метры на паўтара.
Ліке падвёў Грыцука і загадаў:
— Гір грабэн! Лёс!..
У обера злосць паволі праходзіла. Яму гэты мужчына ста-навіўся нават сімпатычны. Чалавек так спакойна і незалежна ўзяўся капаць сабе магілу, як гэта адно рабілі французскія камуністы перад расстрэлам, што паказвалі ў кінахроніцы. А як гэты мужык схапіў загрудкі выскачку Брумеля?! Гэтаму чалавеку тут можна паставіць помнік — Ліке лічыў сябе культурным чалавекам, паважаў гордых і смелых ворагаў.
Але обер-яфрэйтар быў перапоўнены пачуццём абавязку, а сімпатыі да гэтага селяніна былі не такімі моцнымі, каб ад-пусціць яго. Ліке быў цвёрда перакананы — перад ім сапраўд-ны вораг, а вораг кожны мусіць быць бязлітасна знішчаны, гэ-та ясна. Нечуванае нахабства! Што атрымаецца, калі кожны паршывы славянін пачне кідацца на нямецкага салдата з кіем?! Толькі кулю і бізун заслугоўваюць гэтыя басаногія насякомыя, адно так можна іх выхаваць і прыручыць, каб былі нам карысныя!
Пра тое, што Брумель мужчыну абразіў, Ліке і не ўспомніў: па цвёрдым перакананні обера не мог той пратэставаць, хто на гэта не меў права.
Аднак обер-яфрэйтар быў ужо часткова здаволены і ра-нейшай злосці да чалавека не адчуваў. Цяпер ён мог нават вы-канаць яго апошняе пажаданне, паказаўшы сваю велікадуш-насць: завязаць яму вочы перад расстрэлам, даць пакурыць цыгарэту ці чаго-небудзь напіцца, але не было часу. Ды і з падворкаў за імі напружана сачылі дзесяткі пар вачэй. Не тое што Ліке іх вельмі баяўся, але хацелася хутчэй скончыць гэты спектакль.
Недалёка ад іх пасвілася прывязанае да коліка пярэстае цяля. Устрывожанае крыкам, яно падняло сваю вільготную мысачку і нявіннымі вачыма здзіўлена глядзела на людзей ды пускала сліну.
«Цікава, пра што яно думае?» — спытаў сам сябе Ліке, але зараз жа выкінуў гэта з галавы.
Яму здалося, што ў яго цяпер вельмі маляўнічы выгляд. Усё яшчэ адчуваючы на сабе напружаныя позіркі вясковых людзей, Ліке нагнуўся да мяжы, сарваў высілёк і панюхаў. Знаёмы з дзяцінства пах...
Читать дальше