Эх, каб убачылі яго ў гэткай ролі родныя!.. Фэрфлюхтэ, як шкада, што не захапіў фотаапарата, атрымаўся б цудоўны здымак!.. Хацелася есці. Мабыць, даўно пара абедаць. Каторая гадзіна?
Обер па звычцы зірнуў сабе на руку, але там бялеў незагарэлы след ад раменьчыка. Адно цяпер ён успомніў, што збіраўся ехаць у ваўкавыскае гета к яўрэю па адрамантаваны гадзіннік — жыць без яго нельга. Ваўкавыск побач, вярнуўшы-ся ў Ізабэлін, абавязкова папросіць у лейтэнанта дазволу, толькі змазаць трэба будзе заднюю вось у веласіпедзе, нешта заядае.
Ліке ўявіў сабе, як вяртаецца ў гарнізон. Дакладвае па форме амтскамісару пра выпадак, кладзе на стол планку. Амтскамісар з той няўлоўнай ваеннай грацыяй і спрытам, якія былі ўласцівыя толькі Вернеру, падносіць да казырка руку і ўхваляе яго ўчынак. Затым з маўклівай павагай сустракаюць яго астатнія: пакуль яны адсыпаліся, яму ўдалося знішчыць таго, хто кінуўся на нямецкіх салдат з кіем. Такі потым ліха ведае што мог бы натварыць — машыну ўзарваць ці поезд!.. Зайздрасць сяброў для Ліке — проста шчасце. Ён цэлы дзень ходзіць з узнёслым настроем. Вернер абавязкова пусціць яго ў Ваўкавыск. У Даніі ён з сябрам злавіў яўрэя, то яны атрымалі па тыдню пабыўкі дома...
Вярнуўшыся вечарам з ваўкавыскага гета, ён сядзе пісаць дамоў. На гэты раз будзе пра што пісаць. Але ж як гэта ён не захапіў апарат, паслаў бы заадно і фота, донэрвэтэр!..
Тым часам Гофман, трымаючы карабін напагатове, умудрыўся разглядзець сябе ў люстэрачка з фатаграфіяй дзяў-чыны ў купальніку і, здавалася, нікога больш не бачыў. А Брумель, прычасаўшы мокрыя валасы, пачаў церці ўджаленае месца. Гэта не дапамагала, таму ён выцягнуў з похвы плоскі штык і паспрабаваў прыкласці да патыліцы халоднае жалеза.
8.
А Грыцук усё так жа моўчкі капаў яму.
Вось і жоўценькі пясок. Рыдлёўка прывычна ўлазіла ў мяккую вільготную зямлю, і чалавек рытмічна выкідваў яе наверх. Ад таго, што з вёскі глядзелі людзі, яму было як бы лягчэй. З імі яго яднала варожасць да немцаў і ўпартая заця-тасць. Гэтае пачуццё было магутным, у ім ён бачыў працяг сва-ёй сутнасці, якая мала мела адносін да таго, будзе ён жыць ці не. Толькі часамі ў яго ад страху млела цела, аднімаліся ногі, перасыхала горла, і чалавеку многа каштавала, каб не выдаць сябе.
Халаднаватая і вільготная яма была ўжо яму па калена.
Грыцук раптам спахапіўся, што ў яго зусім мала часу. Няўжо так і не ўбачыць нікога са сваіх?!
Баючыся, што не паспее пра ўсё нават падумаць, ён пачаў ліхаманкава ўспамінаць. Перад вачыма паўстала Галя — яна абнімае дачку.
«I трэба ж было мне на яе так напаследак накрычаць!» — папракнуў ён сябе.
Пад ногі шлёпнулася жаба. Грыцук падчапіў істоту на рыдлёўку, узяў у жменю і пусціў на раллю. Упершыню да гэтага стварэння не паспытаў агіды і адзначыў, якое халоднае, моцнае і трапяткое ў яе цельца.
Ад хутара, выбіваючыся з апошняй сілы, цяжка бегла маці.
Убачыўшы яе, Грыцук адчуў аблягчэнне і надзею. Зямлю стаў выкідваць павальней.
9.
Калі мужа павялі, Галя ўспомніла:
— Ізабэлінскі паліцай хацеў, каб узятку ім далі!
Маці спахапілася:
— Ах, бо-ожа, у мяне недзе ж тыя пяць царскіх рублёў!
Пра маленькі залаты кружочак, з якога свякруха ўсё збіралася яшчэ перад вайной уставіць сабе зубы, ведала і нявестка. Яна з надзеяй і перапалоханая, што могуць не паспець, закрычала:
— Мамо, хутчэй іх даставайце!
Грыцучыха кінулася ў дом. Перавярнула ўсё ў куфры, але манеткі не знайшла. Па беспарадку ў сваёй маёмасці яна зразумела — там гаспадарылі ўнучкі.
Жанчына накінулася на старэйшую дзяўчынку:
— Ты сюды лазіла, прызнавайся!
— Я семак шукала...— вымавіла тая пасля адгавораў і расплакалася.— Капейку Тася ўзяла...
Галя пачала тузаць малую, але дзіця толькі бяздумна на яе пазірала перапалоханымі вачыма.
— Тасечка, дзетка, успомні, куды ты падзела капейку? — падступіла Галя да яе з ласкай.
Малая ўпарта маўчала.
— Такі жоўценькі-жоўценькі кружочак... Ён вельмі, вельмі патрэбны тату, разумееш, дзетка?! — вымальвала яна ў дзіцяці ратунак, баючыся, што старанні яе дарэмныя, з жахам адчуваючы, як знікаюць яе апошнія надзеі, і ў яе чамусьці мяняецца нават голас.
— Мамо, вы бяжыце туды да іх, а я, калі выпытаю, прынясу адразу! — разважала яна ўжо амаль спакойна, раптам пастарэўшы на многа гадоў.
Грыцучыха панеслася на вуліцу прадухіліць няшчасце.
10.
Сына старая ўжо застала ў яме па пояс.
— Пано-очку, за што-о вы яго?! — кінулася маці к Брумелю і ўпала перад ім на калені.
Читать дальше