Старыя мае надта цяжка працавалі, але жылі не дружна. Бацька, бывала, прыязджаў з далёкай дарогі вельмі стомлены, злы, найчасцей адубянелы ад холаду ды галодны. I вось, напрыклад, натыкаўся на кухні ў паўзмроку на табурэтку, на якой маці крышыла капусту, ды не паспела паставіць на месца. Бяда не вялікая, здаецца, вазьмі табурэтку ды адстаў, твая жонка гэтаксама цэлы дзень правяла на нагах, і яна ж не ведала, што якраз у гэтую хвіліну будзеш ты праходзіць тут. Але бацька лічыў сябе ўжо абражаным ды бачыў у непарадку на кухні няўвагу да гаспадара дому, бо дарога для яго павінна быць выслана ходнікам і ўсе ў хаце павінны падпарадкаванымі быць і служыць яму. Бацька нагой шпурляў табурэтку на сцяну і нешта вострае кідаў маці. Той рабілася так крыўдна, што яна не магла сцярпець. I замест таго каб сваю стомленасць ды цяжкае жыццё супакоіць абаім у павазе і ў згодзе, яны за пару мінут так, бывала, перасварацца ды столькі нагавораць адно другому глупстваў, што потым цэлы тыдзень не размаўляюць, покуль не развеецца гэтая ржа бруду.
Ці не выйшлі карэнні майго няшчасця і з гэтага фальшывага ўсведамлення, што я — мужчына, мне ўсё дазволена, усе астатнія дома павінны падпарадкавацца мне? Каб быў да Іры ўважлівы, то, відаць, гэтага не здарылася б.
Кажуць музыканты — тон робіць музыку. Мая дружба з Ірай была з самага пачатку пабудавана на некалькі тонаў вышэй, таму і не магло быць у нас ладу і шчасця, бо ўсё гэта бывае пры супадзенні адносін і натуральнасці паводзін.
Выходзіць, я піхнуў яе на гэта? Тып з «Інтурыста» падставіў ёй той бок, якім адвярнуўся я? Не зусім так — ён на гэта запрымітыўны, я ж яго бачыў. Тады — што, Іра займалася самаашуканствам?
Пісаў пра тонкасці чалавечай псіхалогіі, аб эмоцыях, а самому, чорт на яго, менавіта гэтага і не хапала. Не хапіла якраз шляхетнасці душы, чуласці, бо ва мне — чэрствасць салдафона?..
Цяпер, калі завяду сям'ю, буду сябе паводзіць напэўна не гэтак. Покуль што трэба вяртацца дамоў і ставіць кропку, хоць рабіць гэта і непрыемна. Збяру неабходныя рэчы ў чамадан ды зараз жа выеду ў іншы горад. Нават ведаю — у які. У Гомелі мой франтавы сябра, пры яго сям'і лягчэй будзе перанесці першыя месяцы выгнання. Разлік у рэдакцыі аформлю пасля, там усе свае людзі, дастаткова схадзіць у партыйныя органы і дамовіцца; заадно папярэджу — раскажу, што ў мяне здарылася, каб не было ім нечаканасці.
Толькі трэба яшчэ крыху пачакаць. Будзе непрыемна пакавацца і размаўляць з Ірай пры дзецях. Няхай Віця з Марынкай паспедаюць ды пабягуць на двор — у школу ім на другую змену, а маці іх навучыла рабіць дамашнія заданні пасля прыходу са школы. Халера, як буду жыць без іх?
Зноў думаю пра тое, што сямейная атмасфера, якая часамі мне здавалася цяжарам і перашкодай у працы,— якраз і давала энергію да яе. Анёльскай гэтай атмасферы не заўважаў дагэтуль, як не заўважаюць людзі паветра, калі дыхаюць, і спахапляюцца адно тады, калі яго не хапае.
10.
Дзеці ўстаюць позна, трэба валэндацца па горадзе яшчэ пару гадзін.
Уперадзе мяне тата і мама вядуць карапуза. Абое, мабыць, былі ў адпачынку ці мо прыехалі ў госці і нікуды не спяшаліся: ходзяць сабе па горадзе і цешацца раніцай, свабодай. Свежае сонца свеціць ім у плечы, кладзе цень, усе трое па ім ідуць. Малы захапляецца, які тата вялікі. Чалавек прысядае, цені раўняюцца, хлопчык зноў дзівіцца. Бацька выпростваецца, і малы ўжо з захапленнем крычыць:
— О, які тата до-оўгі!..
У мяне ўжо гэтага не будзе?!
Адчуваю, як у горле хапае мяне скурч, а сам я вось-вось заплачу. Больш ні хвіліны не магу глядзець на чужое шчасце, таму кірую ў другі бок.
Вяртаюся з парку на тратуар, падключаюся да патоку людзей ды раблю выгляд, што і я такі самы, што і мне трэба некуды паспець.
Спераду аддзяляецца маладзіца з тугой чорнай касой. Такую касу мае толькі адзіны чалавек у нашым горадзе — Камілія, а мы з ёю разам канчалі інстытут. Прыбаўляю крок ды ўраз апынаюся побач.
— Кама, прывітанне!
— Гэта — ты-ы? — шчыра радуецца сяброўка, павярнуўшы да мяне распрамянёны твар шчаслівай дзяўчынкі, якой надта добра паводзіцца ў жыцці.
— Выходзіць, я.
— Няўжо — ты?! О-ей, першы раз убачыла цябе няголеным! Што здарылася, Косця?
Ведаю яе гадоў з пятнаццаць. Пад канец вайны Камілія перажыла трагедыю. Малалетнюю дачку памешчыка (ёй тады было пятнаццаць) згвалціў фашысцкі афіцэр. Пасля інстытута Камілія не змянілася ані крыху, і мо таму з ёю адчуваю сябе на паўтара дзесятка гадоў маладзейшым, а ўсе мае звычкі пры ёй былі звычкамі бесклапотнага студэнта.
Читать дальше