Тым часам маё пытанне гаспадара ўсё ж кранае. Ён уздыхае, а твар яго ўпершыню робіцца такім шчырым ды заклапочаным.
— Сам не ведаю, што рабіць,— уздыхае.— Калі Ірына Іванаўна была яшчэ ў раддоме, я марыў пралезці туды ды выкрасці сына...
Выходзіць, і сын не мой?! I ўсе гэтыя пялюшкі, бурбалкі, кугаканне — прызначаны не мне?!. Бо-ожа, пра гэта я і не падумаў.
Апошнія, суровыя ў сваёй шчырасці, словы саперніка ледзь мяне не забілі. Такое ўражанне, як бы мяне хто ўдарыў абухам па галаве і парушыў здольнасць адчування гравітацыі: зноў сцены перада мной захісталіся, зноў — як бы расступілася зямля, а мяне агарнуў жах свабоднага падзення, і на хвіліну я нібы трачу прытомнасць.
— ...Але справа не выйшла. Не здолеў арганізаваць... А мо пабаяўся скандалу? Сам не ведаю!..
Ён яшчэ нешта гаворыць, бытта вучань, які пабіў шыбу і ахвотна цяпер яе ўставіў бы, толькі гэта не ў яго сілах. Зноў бачу ўсю смешнасць свайго намеру пагаварыць з ім, як мужчына з мужчыпам, пра тое, як нам цяпер быць. Бачу, як памыляўся, ад гэтага мне яшчэ цяжэй, а перад вачыма — бездапаможны кірпаты тварык сіраты. Мо першы раз так выразна адчуваю да малога шчырую бацькоўскую спагаду.
5.
Увесь горад здаецца суцэльнай маной, крывадушшам. Людзі ходзяць. Смяюцца. Ездзяць. Сядзяць ля тэлевізараў. Размаўляюць па тэлефоне. Апавядаюць адзін аднаму байкі. Кладуцца спаць. I не адчуваюць фальшу, маскі? Як яны так могуць?! Плятуся далей ад дамоў.
Над рэчкай у цемры — парачка закаханых. Да хлапца і дзяўчыны абуджаецца, бадай, варожасць, і нават з нейкай злараднасцю кажу ў душы.
«Радуйцеся, радуйцеся, смейцеся, смейцеся — усё гэта мана, рана ці позна адзін з вас прадасць другога!.. Нічога, неўзабаве ў вас абаіх павыпадаюць зубы, зморшчыцца цела, цьмянымі паробяцца вочы, і вы самі сабе пастанеце агіднымі!.. Бачыш, як буркуюць, колькі цялячага захаплення, якія меладычныя галаскі — бы ў анёлаў!..»
Паварочваю ад рэчкі і шукаю самотнага месца.
Мабыць, ніколі ў жыцці мне не было так маркотна і непрыемна. Не хочацца жыць. Усё агіднае. У мяне наступіла хвіліна, якую псіхолагі называюць момантам «звужанай свядомасці», калі гэтая самая свядомасць адступае на задні план. Ужо здаецца, а неўзабаве я цалкам перакананы, што нежаданне жыць вынікае не з раптоўнай роспачы, гора, злосці, крыўды і адчаю; яно — абгрунтаванае, выходзіць з цвёрдай неабходнасці.
Калі перадаць словамі мае пачуцці і вобразы, якія мрояцца ва мне, то ўсё выглядае прыблізна так.
Хоць навокал зорная вераснёўская ноч — неабмежаваны прасцяг Сусвету, але яе глыбокая цішыня ўражвае яшчэ больш, чым гарматны грукат. Сярод нейкага енку, выцця і скрыгату ў гэтым бязмежным акіяне Сусвету недзе са сваёй бядой і я — пылінка, выпадковае спалучэнне дробных часцінак матэрыі — атамаў, малекул... I вось гэтую пылінку кранула няшчасце, ды такое, што, каб забыцца на яго, трэба хіба нарадзіцца нанова. Але гэтага самага спалучэння мільярдаў атамаў і малекул другі раз практычна быць не магло, і выходзіць — зноў мне не нарадзіцца. Ды і ці хачу нараджацца яшчэ раз, для чаго, на новыя мучэнні?
Няма сілы вытрываць гэты навакольны енк, няма спосабу вызваліць сябе ад няшчасця. Тады навошта жыць, навошта цярпець, у імя чаго пераносіць аж такія мучэнні? Усё роўна жыццё — міг у Сусвеце. Дзеля чаго трэба было мучыць сваю маці, цярпець некалькі дзесяткаў гадоў самому, ухіляцца ў вайну ад куляў і бомбаў, даваць сябе хірургам рэзаць, сшываць. ды лячыць? Дзеля чаго потым у мірны час трэба было зноў перажываць, да чагосьці імкнуцца, самасцвярджаць сябе, удасканальвацца? Крыху раней, крыху пазней, а ўсё так і скончыцца, ператворыцца ў тлен і пыл, пойдзе ў небыццё.
Што мае сямейныя турботы, што мае творы — брашуры, кніжкі, артыкулы, што дзеці, грошы, знаёмствы, калі рана ці позна знікнуць і яны, а потым знікнуць нават сляды пасля іх. Але пры чым тут я? Хопіць бессэнсоўнай барацьбы. Трэба скончыць з гэтым, трэба мне, смяротна стомленаму чалавеку, выцягнуць збалелыя косці на ўлонні Сусвету, зліцца з прыродай, стаць часціцай яе, пабыўшы крыху ў шчасці і ў горычы свядомага існавання,— я прагну касмічнага спакою.
I раптам ратунак бачу ў смерці. Яе адчуваю ўжо ўсёй душой, яна здаецца не толькі не страшпай — жаданай. Мяне ўсяго ўжо цягне да вады гэтаксама, як, мабыць, змардаванага гарачынёй чалавека ў пустыні цягне ўтапіць засмяглыя вусны ў збавіцельнай вадкасці даўно чаканай крыніцы.
Робіцца нават весялей.
Трэба было павярнуць да рэчкі, аднак гэтага не раблю. Смешна, але факт — на нейкі міг падумаў, што цяпер ужо надта халодная вада. Нават усёй скурай адчуў яе холад. А яшчэ раптам здалося, што да смерці нечым не падрыхтаваны.
Читать дальше