У калідоры з'яўляецца Іра. Каб не даць магчымасці мне апамятацца, каб адцягнуць маю ўвагу, яна моцна стукае дзвярыма ды з фальшывай радасцю крычыць:
— А вось і наш тата ўстаў! Чаго так рана? Паспаў бы яшчэ, татачка!
Звяртацца да мяне ад імя сына ёй зручней. Якое ў яе, аднак, ненатуральна прыгожае, незнаёмае і чужое блісканне вачэй і зубоў?!
— Валодзя, кажы: добры дзень, татачка, ты позна, мабыць, лёг і стамі-іўся?!
У яе вачах толькі цяпер улоўліваю неспакой. На імгненне яна вачыма мерае адлегласць, якая аддзяляе мяне ад паперкі, і стараецца па маім твары нешта разгадаць.
«Бо-ожа, няўжо ты прачытаў?» — мільгае ў яе позірку трывога. Аднак нічога, што сцвярджала б яе здагадку, на мне не ўбачыла. З зайздросным перакананнем і спакоем загадвае:
— Косця, вярніся і надзень свежую кашулю! Хіба сёння субота? Якую кашулю, гэтая ж — чыстая, што за камедыя?!
— Там у шафе ляжаць зверху! Вазьмі сабе сам, а я тым часам прынясу снеданне!
Мусіць, толькі цяпер я па-сапраўднаму ацаніў усю асалоду сямейнага жыцця. Захацелася надта прадоўжыць яго хоць на хвіліну, нават — цаной самаашуканства. Тое, што здарылася, адчуваў толькі свядомасцю, яно не паспела пранікнуць яшчэ ў мае клеткі, у косці, у мозг, у кожны нерв, таму так свабодна магу яшчэ прыкідвацца, бытта нічога і не адбылося. Набытая жыццёвым вопытам асцярожнасць не дае адразу прыняць рашэнне, не дазваляе выбухнуць. У мяне нават з'яўляецца апраўданне, я падпарадкоўваюся такой логіцы: няшчасце здарылася не дзень, не месяц таму назад, нічога не зменіць і хвіліна ўжо, а за гэты час можна падумаць і знайсці якое-небудзь выйсце. На нешта, наіўны, спадзяюся і таму намерваюся рабіць тое, чаго дамагаецца Іра: вярнуцца ў спальню. Адно збіраю ў кулак усю сілу волі толькі б не выдаць сябе, толькі б цвёрда ставіць нагу, толькі б проста трымаць галаву, толькі б не выдалі мяне ногі, рукі!..
Валодзя ўжо не спіць. Свой позірк затрымліваю больш, чым трэба, на кірпатым носіку, пакрытым залацістым пушком, на бяздумных бусінках вачэй, выдаўліваю нават з сябе нешта падобнае на ўсмешку ды зараз жа яе гашу. Тады хмуры, як звычайна гэта робяць сонныя і спрацаваныя людзі, няўклюдна паварочваюся і буркаю:
— Калі табе так хочацца, то змяню, мне — што...
Затым вельмі звычайна, надзіва звычайна і спакойна ды нармальным зусім крокам іду па простай лініі, бытта нічога і не здарылася.
У шафе незнарок чапляю акуратны стосік яе шаўковай бялізны. Гэтыя з мярэжкамі кашулькі, з лямкамі камбінацыі і бюстгальтары цяпер мне здаюцца самым прыгожым і прыемным з таго, што я калі-небудзь на свеце бачыў. На іх гляджу крадком і адразу адымаю руку, бо мяне ўпікае думка: а ці маю права дакранацца зараз да гэтых рэчаў? I не толькі — права да гэтага: я ж страціў і яе ласку ў пасцелі!
Не можа гэтага быць?!
Усё памеркла, бо менавіта гэтую ласку, фізічную блізкасць, права да гэткіх далікатных рэчаў у шафе не бачыў магчымасці замяніць чым іншым.
Маё каханне праяўлялася ў маіх бурлівых парывах. Выяўляецца, цяпер аб іх не можа быць і гаворкі, бо яны залежалі ад такіх жа шчырых Ірыных парываў у адказ.
Каханне — яшчэ і голад па чалавеку, пачуццё неверагоднай унутранай неабходнасці ў ім. Здаецца, не здолею і хвіліны жыць без таго, што кожны твой крок, кожнае імгненне напаўняе сэнсам і дае сілу.
Прыходжу ў жах — як уласная кватэра стала непрыемнай!
Калі пераапрануты зноў выходжу ў пакой, на стале пуста ўжо.
— А цяпер, Валодзя, кажы тату, каб ён хутчэй памыўся ды сядаў з намі снедаць! Ідзі, татачка, на кухню, зрабі куп-куп ды вяртайся да нас хутчэй, а мы цябе пачакаем! Толькі хутчэй, не прымушай нас доўга...
Яна ўжо значна спакайнейшая, туліць бяздумную і кволую Валодзеву галоўку да сваёй, засланяецца дзіцём ды вінавата ўсміхаецца. Гляджу ёй у вочы, і на міг мне здалося: яна ж выдатна ведае, што я пра ўсё ведаю, і выразна бачыць — мне добра вядома, што яна ведае, што яе я разгадаў, але гэтаксама не можа знайсці выйсця і цягне камедыю.
Каб не выдаць сябе, каб не выбухнуць істэрыкай, каб не нарабіць глупстваў, апускаю галаву і моўчкі крочу міма стала.
У калідоры цягну з вешалкі пінжак, накідваю на плечы ды выскокваю на двор. Пад вокнамі лаўлю на сабе Ірын позірк. Нібы ўгінаючыся ад яго цяжару, прабягаю падворак, вылятаю на тратуар і адно тут адчуваю сябе вальней. Стараюся ўздыхнуць, дыхаю на поўныя грудзі, а палёгкі не адчуваю.
3.
Выяўляецца, не небяспека прыгнечвае, забівае чалавека, а — нутраная крыўда, страта веры, адчуванне бяссілля і безвыходнасці. Пачакай, куды ж мяне занесла, дзе знаходжуся? Ага, у нейкай гушчы людзей, бы — сярод дрэў у лесе. Ля прылаўка універмага сціснуты з усіх бакоў народам. Перада мной нейкі мужчына з жонкай выбіраюць малой шапачку — тоўстую, ватовую.
Читать дальше