Здымаю высокія боты, абуваю туфлі, папраўляю каля люстэрка валасы і заходжу ў пакой.
Ад гоману, ад жывога клубка людзей, ад папяроснага дыму ды паху віна губляюся дарэшты. У маіх руках — падарунак! — успамінаю. Сарамліва аддаю імянінніку скрыначку з аўтаручкай, забываю сказаць нават тыя словы, што прынята казаць у такіх выпадках. Гаспадар садзіць мяне побач з тым, хто забаўляе кампанію.
Маё сэрца не ашукала ў прадчуванні: той, каго чакала,— тут.
— Ірыну Іванаўну аддаю на тваю апеку, Пятро! — загадвае яму гаспадар.
Толькі ён чамусьці не надта радуецца нашай сустрэчы. На прывітанне стрымана ківае галавой. Дагэтуль ён забаўляў кампанію, а сваім прыходам я нібы выбіла з яго рук ініцыятыву. Хвіліну позіркі затрымліваюцца на мне, ляцяць у мой адрас агульныя словы ўвагі, жарты, якія прынята гаварыць у такіх выпадках. Затым увагай гасцей авалодвае ўжо другі гаварун.
Пятро маўчыць некалькі хвілін ды нечакана шэпча:
— А я вас чакаў!
— Пра-аўда? — палохаюся сваёй радасці.
— I ведаў, што з'явіцеся так позна!
— А мне здалося, вы незадаволены, што тут з'явілася яшчэ і я!
— Памыляецеся!
— Прыемна гэтак памыляцца...
— А мне прыемна, што вам прыемна!
— То і добра!..
— Я чакаў, чакаў...
— Раней прыйсці не магла. Покуль управілася са сваім калгасам...
— Покуль пачысцілі свае пё-оркі...— паказвае вачыма на прычоску.
Я рагачу.
— Ну, давядзецца цяпер нас даганяць! Па-першае, вам — штрафны!
— Толькі не шмат!... Хопіць, дзякуй!
— Будзем здаровы! Да дна, да дна!.. Во-о, та-ак! А цяпер чым вас пачаставаць?
— Усё роўна — не галодная.
Па нейкім часе адчуваю сябе ўжо свабодней — аж занадта. Мне даўно не было так добра..
14.
Непрыкметна мінае ў гасцях гадзіна, другая.
Пасля тостаў і пачастункаў нехта здагадваецца ўключыць музыку. Ідзём танцаваць. Пятро ўпэўнена водзіць мяне па невялічкім пакоі, то падпявае пласцінцы, то нешта спрабуе расказаць. Раптам нахіляецца ды шэпча:
— Можна вас называць па імені?
— Можна...
— Іра, вам вельмі прыемна апавядаць. Гаварыў вам хто-небудзь пра гэта?
— Не. Чаму прыемна?
— У вас чароўная звычка слухаць з наіўнасцю малога дзіцяці нявіннага.
— ?!
— Праўда, праўда!
— А гэта добра ці дрэнна?
— Самі вырашайце!
— Ладна, падумаю...
— Фу, гэта я ўсё балбачу ды балбачу, а вы маўчыце? Раскажыце што-небудзь таксама!
— У мяне — нічога цікавага на рабоце не бывае! Так, дробязі, бо я ўсяго — настаўніца.
— Аднак?
I я апавядаю пра сённяшні выпадак з вучнямі на ўроку вытворчага навучання. Гавару з хваляваннем ды адчуваю, як у мяне здорава атрымліваецца, як ад уздыму гараць вочы,—я павінна цяпер быць прывабней.
— Го, засталіся ўжо толькі мы, паглядзіце! — раптам абрывае мяне здзіўлены партнёр.
Толькі цяпер спахопліваюся, я ж — у гасцях, ды азіраюся таксама. I праўда, амаль усе госці разышліся. Музыка маўчыць. Мы недарэчы тырчым сярод пакоя, паклаўшы адно на аднаго рукі. За сталом двое падпітых мужчын, але яны не звяртаюць на нас ніякай увагі, заняты размовай.
Садзімся пад сцяну, хвіліну маўчым ды з недаўменнем азіраемся яшчэ раз: аж гэтак забыцца? Ну і ну! Чуваць, як мужчына з крыўдай апраўдваецца перад другім:
— Жылі мы ўтраіх, як браты, разумееш? Дэмабілізаваліся адначасна. Я тут ажаніўся з настаўніцай, а другую пасватаў Фёдару. Трэцюю мы ўжо ўдвух вьібралі Мікалаю, разумееш?.. А праз год, разумееш, выявілася, што яна — з Тэ-Бэ-Цэ!..
— Ай-яй-яй!..
— Ну! Разумееш? Мікалай цяпер распіўся і злуе на нас, разумееш?
— То хіба ж вы вінаватыя? — пераконвае чалавек сябра.— Вы ж — не богі і не маглі ведаць, што яна сухотная, якая можа тут быць крыўда?!
— Я таксама так думаю, разумееш?! Вядома, каб мы ведалі, то хіба ж?.. Мы ж не дурні і не ворагі самі сабе! На выгляд была, разумееш, дзеўка — як рэпа, ды яшчэ з дыпломам і з кватэрай. Нам здалося — якраз Мікалаю тое, што трэба! Ды атрымалася, разумееш, вось што!.. То, скажы, пры чым тут мы? Хіба ж нашыя вочы — рэнтгенапараты?
— Вядома, не апараты! Каб ведаў, дзе ўпадзеш, напэўна, сеў бы!.. Ну, і Мікалай злуе цяпер, гаворыш?
— Яшчэ як! Разумееш, не вітаецца нават, не заходзіць. Мо з паўгода да мяне ўжо не заглядаў. Фёдар з сям'ёй выехаў, і мне цяпер нават выпіць пасля лазні няма з кім!
— Дурань Мікалай.
— I я кажу.
Мужчыны тыкаюць акуркі ў талеркі з вінегрэтам, цяжка ўздыхаюць, упарта і змрочна думаюць.
Я добра ведаю гэтую настаўніцу. Мы ўсе лічылі, што якраз у яе — чулы і клапатлівы, сціплы і працавіты, сумленны і сардэчны муж. Я нават ёй зайздросціла. Мана! I праўда, у ціхім балоце чэрці водзяцца. Робіцца сумна. Узнімаю вочы на сябра. На яго хмурым твары — абурэнне, яму няёмка, што я ўсё чула, хлапец вось-вось нешта рэзкае скажа.
Читать дальше