— Расклеілі?
— Ага-а!
— Малайцы!
— Але ў нас яшчэ мука засталася!
— А есці не хочаце?
— Цёця Маруся нас накарміла!
Гэтая пачцівая жанчына прыходзіць да мяне толькі днём прыбіраць кватэру.
— Добра, Марынка. Тады пакладзі муку ў буфет ды слухай, што табе скажу,— хачу загадаць дзецям рыхтавацца правесці вечар у Веры.
— Мама, ма-ам! — перабівае дачка.— А можна нам з яе бліноў напячы?
— Што ты сказала?
— ...Оля прынесла паўшклянкі тлушчу, Ядзя — патэльню!.. Можна, га, ма-ам?
Уяўляю сабе прыемнасць, якую дзяўчынкі зведаюць пры такім занятку. Суседчыны Оля і Ядзя шмат старэйшыя за маіх, ім можна даверыць і пліту.
— А пажару не наробіце?
— Не-е, што-о ты-ы!..
— Толькі Віцю не крыўдзіце, няхай пячэ разам з вамі!
— До-обра, мамачка!.. Уй, дзяўчынкі, мама дазволіла! Уй, дазволіла!..
Покуль дачка кладзе трубку, чую, як вішчаць ад радасці дзеці. Не трэба іх нікуды адсылаць! Я нікуды не пайду, буду цэлы вечар з імі! — пераконваюся, што мне рабіць.
12.
Столькі было спраў, але, надзіва, я ўсе хутка ўладзіла. Правяла ўрокі і вось ужо напіхваю сшыткамі партфель. Зноў мяне займаюць праклятыя імяніны. Нешта незразумелае, глухое і ўпартае, як зубны боль, мяне ўсю не то цягне, не то хвалюе, не то палохае. Стараюся прыняць разумнае рашэнне. Каторы раз мяркую, як быць.
Не пакінеш жа дзяцей на цэлы вечар адных, не паляціш чорт ведае куды і чаго?! Завесці іх да Веры? А п'яны Барыс?.. Тады — куды? Каго прасіць, каб пасядзеў?
«Вы, калі ласка, пабудзьце з маімі дзецьмі, а я тым часам схаджу на выпіўку».
Язык не павернецца так сказаць. Зрэшты, чаго там не бачыла? Хутка прыедзе Косця на канікулы, будзем разам хадзіць на вечары ды імяніны, у кіно і за кіно.
Са школы выходжу раней, чым заўсёды. Выходжу злая, незадаволеная і гатовая вось-вось успыхнуць. Вуліцы, дамы, людзі чамусьці мяне раздражняюць. Каб супакоіцца, пачынаю чытаць шыльды.
«Камбінат бытавога абслугоўвання».
«Гастраном».
«Дамская зала»...
«Дамская зала»?! А калі б зрабіць сабе прычоску новую. Вядома, не дзеля імянін, а так — хіба яе робяць толькі для візітаў? Я ж — настаўніца, хіба не магу сабе дазволіць зрабіць прычоску пару разоў на тыдзень? Магу! I, вядома, зараз зраблю, адно загляну дамоў!.. Падумаеш, толькі яны там у Сяргея Міхайлавіча будуць з новымі прычоскамі?!.
Адчыняю дзверы ў сені. Смярдзіць нечым гарэлым. Бліны! — успамінаю ды кідаюся на кухню. Лёгка сабе ўявіць, што там адбываецца: дым, чад, сляды, бруд...
— Бо-ожа, што вы натвары-ылі?!
Прапіраю дзяцей з кухні, адчыняю фортачку, выціраю з падлогі муку, разглядаюся па кватэры. У пакоях, дзякуй богу, падмецена і прыбрана. У халадзільніку накуплены харчы для наступнага дня. Удалося знайсці сталую і гаспадарлівую жанчыну, яна заходзіць да мяне на пару гадзін, а карысці ад яе болей, чым ад Тосі. Але я ўжо не задаволеная жанчынай, што ўсё прыбрана — няма мне за што зачапіць рукі!
Шукаю пісьмо ад мужа, каб нібыта знайсці ў ім адказ на мае клопаты. Канверта не відаць, і я пытаюся ў Марынкі. Не, пошты сёння не было. Выходзіць — няма чым заняць сябе, і — нікуды не дзенешся — мушу ісці ў праклятую цырульню.
— Марынка, прыглядзі за братам, я — ненадоўга... У цырульню плятуся неахвотна, без упэўненасці ў слушнасці таго, што раблю. I ў той жа час не ў сілах супрацівіцца сабе, не магу павярнуць назад.
— Як будзем стрыгчыся? — ветліва пытаецца майстра.
Нешта мычу, сарамліва мнуся. Мужчына велікадушна паказвае, што вельмі добра разумее маю збянтэжанасць, яе нават адабрае, што ведае, чаго хачу, і бярэцца ўпэўнена за работу. Уздыхаю з палёгкай, стаўлю ногі гэтак, каб можна было выцерпець без руху цэлую гадзіну. I насцярожана, нібы ў нечым вінаватая, нібы штосьці хаваю, аглядаю ў зале людзей.
Ля акна — дзяўчынка ў белым халаціку ляскае нажніцамі. У люстры бачу яе стройную фігурку. У пышна ўзбітых валасах — жоўтая пластмасавая пласціначка, і яна прыгожа ўпісваецца ў дзявочы профіль. Ляскае дзяўчына пяць, дзесяць мінут, ляскае пятнаццаць...
— Вучаніца, трэніруе пальцы! — паясняе майстра.
— Та-ак?
— Заўважце: і пры гэтым не праміне аглядзець кожнага прахожага,— майстра дадае з паблажлівай усмешкай старэйшага чалавека, які разумее падлетка.
Сяргей навядзе на вечар вось такіх фіфачак — сваіх знаёмых, а што я там буду рабіць? Зрэшты, зусім не збіраюся туды ісці, гэта маё рашэнне — канчатковае і беспаваротнае; мне толькі патрэбна прычоска. Ды і каб нават хацела пайсці, не змагла б — няма ж з кім дзяцей пакінуць!
Читать дальше