«...Я па вушы залезла ў даўгі. Добра, што ў наш час для такіх людзей няма славутых ямаў, сядзела б у ёй на самым дне!.. Шукала сёння гадзіннік, а Марынка паказала — на руцэ. Вось да чаго дакацілася? Усё ж такі збіваліся мы з табой на драбязу, і яна адцягвала нашую ўвагу ад галоўнага. А мо гэта — якраз тыя кілаграмы солі, якой трэба абавязкова з'есці з пуд, каб пазнаць адно аднаго?..»
«Атрымалі тваю пасылку. Каб ты бачыў, як мы яе патрашылі! У руках сякера, вочы нашыя палаюць агнём, усе чакаем, а потым — задаволеныя!.. У маіх дзяцей з'явіліся першыя даку-менты — праязны білет. Сколькі ўрачыстага гонару, калі Віця падыходзіць да аўтобуса з паперкай у руцэ! Потым будзе іх шмат у яго жыцці і розных, але — гэты?!»
«Захварэла. Дзеці хадзілі ў лес. Прынеслі галінак, а Віця — галку за адну нагу!.. Ваюю з Марынкай і Віцем за сшыткі, за неакуратнасць, за яўныя і ўяўныя ды будучыя грахі. Эх, вырвацца б на пару дзён у Маскву, выплакацца б перад табой!.. У мяне нейкае ўпартае пачуццё страты нечага свайго, цябе, чаму?..»
Косця мне адказвае:
«...У цябе гэта — якійсьці бунт на каленях!»
Падумайце, хіба я яму школьніца? А яшчэ — псіхолаг, доктар чалавечых душ! Ото ж яму зараз дам!
Бяру паперу, саджуся зноў пісаць доўгі ліст. Праз гадзіну нясу канверт у паштовую скрыпку.
9.
Сяджу дома над вучнёўскімі сшыткамі. Раптам адчыняюцца дзверы, заходзіць настаўніца англійскай мовы — Кіра.
— Добры дзень, Ірына! Ледзь цябе знайшла! Праз рана даведалася твой адрас!..
— Што такое здарылася, што ты мяне аж так шукаеш?
Але Кіра гаворыць ужо пра другое:
— Табе падабаецца мой капялюш?
Маўчу. Капялюш — яркі, крыклівы, безгустоўны. Лічу прыгожым толькі тое, што простае. Нічога не гаварыць больш нельга.
— Адкуль ён у цябе?
— З Румыніі!
— Ах, дык ты е-ездзіла?!— успамінаю размову ў нашай настаўніцкай.
— Ну. Была ў турысцкім падарожжы! I, ведаеш, усе грошы прасадзіла на гэты капялюш! Вырашыла паказаць і табе...
Тут штосьці не так. Кіра дагэтуль да мяне не заходзіла ані разу. Шукала мой адрас праз рана, каб адно паказаць абнову? Не веру. Дык у чым справа?
Яшчэ некалькі хвілін сяброўка пераскоквае з тэмы на тэму. Затым робіцца сур'ёзнай ды прызнаецца:
— Ведаеш, была ў адной групе з тваім знаёмым...
— З кі-ім?
— Ну, з Пятром Уладзіміравічам Вавілавым з «Інтурыста». Няўжо не здагадалася?!
Я ледзь не абамлела.
— Та-ак?!
— А ведаеш — ён такі абаяльны і элегантны мужчына! — кажа з захапленнем.— Быў нашым кіраўніком.
— А-а...
— Ты ведаеш, ён так цудоўна скроены!..
— Я-ак? — стараюся апрытомнець.
— Ну... плечы шырокія, а тут вужэй і мускулы тут такімі буграмі!.. Такі падніме цябе — як пушынку!.. У Румыніі гаварылі, што з усёй групы вылучаемся мы двое. Нас нельга было адрозніць ад іншых турыстаў з Заходняй Еўропы!.. Усе два тыдні ён даглядаў мяне, быў ласкавым, уважлівым, прадбачлівым! Клапаціўся вельмі!.. Так мне спадабаўся, што не ведаю, як гэта і выказаць! Абяцаў потым званіць.
— I што? — ледзь сябе стрымліваю.
— Не звоніць! Кіра ўздыхае.
— I болей не бачыліся? — пытаюся асцярожна.
— Спатыкаемся ў горадзе. Ён такі ж ветлівы, але толькі элегантна вітаецца ды праходзіць міма. А мяне кожная сустрэча хвалюе, пасля не знаходжу сабе месца!
Ух, як адлягло — аж успатнела. Уздыхаю з палёгкай ды раблюся больш адважнай.
— Дык пры чым тут я-а?
— Іра, малю цябе, калі ўбачыш яго, зрабі для мяне паслугу! Ты нават і не ўяўляеш, як мне гэта важна! Магчыма, гэта мой лёс! Зрабі паслу-угу!..
— Яку-ую? — дзіўлюся пераможна.
У вачах Кіры ўніжэнне:
— Напомні яму мой тэлефон, ладна? Я табе яго напісала на паперцы. Адну дома пакінь ля апарата, другую ў сумку пакладзі...
У старэйшых класах сярэдняй школы ў Кіру ўлюбляліся амаль усе хлопцы. Закахаўся ў яе і дзесяцікласнік, які мне быў не абыякавы. Хлапец дзяліўся са мной перажываннямі, прасіў парады, не заўважаючы маіх мучэнняў. З-за гэтага нават школу кідала. Дзякуй добрым людзям, навучылі...
Ужо даўно вылечылася ад захаплення тым школьнікам. Мая сімпатыя вось гадоў з дзесяць працуе шафёрам таксі, вечарамі бачу яго часамі п'яным і ў кампаніі гарадскіх гуляк ды абармотаў — такіх жа агідных, якім стаў ён: з жыццёвым дэвізам, як яны самі прызнаюць, «хап-хап!». Аднак з таго часу да Кіры ў мяне непрыязь.
Напамінаю ёй са з'едлівым сарказмам.
— Што ж, мне не прывыкаць. Яшчэ ў школе хлопцы ўлюбляліся ў маіх сябровак, а мяне прасілі толькі стварыць ім умовы, каб дасягнуць мэты, ці не так?
Читать дальше