Сядаю ля печы, разглядаю падараваны томік Олдзінгтона «Усе людзі ворагі». Відаць, так не праглынала ніводнай кніжкі. Чытаю і ўсё лаўлю сябе на думцы: яна ж яму падабалася, а з-за чаго? Праз кожны вобраз і фразу хочацца пранікнуць і ў душу чалавека, які чытаў яе перада мной. Мне неабходна, мне вельмі важна, мне абавязкова трэба іх разглядзець.
Пасля кароткага сну раніцой адчуваю сябе свежай, энергічнай, жывой.
11.
Прыходзіць субота зноў.
Прачынаюся і ўспамінаю — Сяргей на сёння запрасіў на імяніны. Ісці на іх не магу, бо няма з кім пакінуць дома дзяцей. Аднак пайсці хочацца.
Мо адправіць дзяцей да Веры?..
Тупаю на работу ды ўсю дарогу ламаю галаву над нявырашаным пытанем.
Прыбываю ў школу, а там — скандал! Мае вучні нашкодзілі, і цяпер мне ўвогуле не да імянін.
Я ўжо кірую шостым класам. Раніцой вывелі маіх выхаванцаў на школьны двор капаць роў для каналізацыі. Настаўнік па вытворчым навучанні ботам накрэсліў на снезе контуры ямы, раздаў рыдлёўкі, ламы, а сам адправіўся ў прахадную будку скуранога завода. Настаўнік меў там многа сяброў і пайшоў слухаць свежыя анекдоты. Аднак клас мой дружны, працавіты, і дзеці горача ўзяліся за інструменты без наглядчыка.
Прайшла гадзіна, другая. З'явіўся загадчык гаспадаркі, накрычаў на дзяцей, што не там капаюць:
— Бярыце два метры правей!
Мёрзлую зямлю дзеці выкалупвалі па крышынцы, ім зрабілася крыўдна. Заггас пайшоў, а яны замітынгавалі:
— Чаму нам адразу пра гэта не сказалі?!
— Мы працуем, а ён сабе грэецца ў будцы!
— Гэта — несправядліва, не будзем больш капаць ніякіх ямаў!
— Бастуем, рабяты!
Мала гэтага. Дзеці як дзеці, трэба ж ім зрабіць усё з фокусам і фантазіяй. Інструмент засыпалі пяском, снегам. Хтосьці збіў з дошак крыж, уваткнуў у капец. Клас разыграў камедыю хаўтур. Стараста паклаў на галаву дзіравы таз, пачаў хадзіць вакол капца ды пацаркоўнаму спяваць, астатнія яму падпявалі.
Праз акенца з будкі ўбачыў «настаўнік», што робіцца на школьным двары, вылецеў на вуліцу. Дапаў да дзяцей, сарваў са старасты тазік і ўдарыў хлопчыка па вуху. Рабяты абурыліся, грудамі зямлі дружна атакавалі мужчыну, і ён мусіў зноў уцякаць у будку.
Да майго з'яўлення ў школе адбылася ўжо лінейка, і ўсім дзецям дырэктар аб'явіў вымову. Вучні мяне акружылі, пачалі адзін перад другім скардзіцца:
— Хіба ён меў права біцца?
— Чэславу вока ледзь не высадзіў!
— Сціхніце! А вы таксама добранькія! Што вы там спявалі?
— Ірына Іва-аўна, мы — жартава-алі! Чэслаў з тазам, як бацюшка, цягнуў: «Согреши-ихом... и во лености животе мое ижи — их...»
— Вы нам чыталі гэта на ўроку літаратуры, памятаеце?
— Мы чэсна працавалі! Хіба вінаватыя, што нам паказалі капаць не там, дзе трэба? Але мы стараліся! Во ў мяне якія пухіры на далонях!..
— I ў мяне, паглядзіце!..
Вачаняты гараць верай у маю справядлівасць. У старасты — сіняк пад вокам, ён яго выстаўляе, нібы медаль.
У школах нядаўна ўвялі вытворчае навучанне. Ідэя сама па сабе вельмі карысная і добрая, аднак для гэтага прадмета няма настаўнікаў. На такой пасадзе — былы рабочы скураной фабрыкі, якога з падазронай ахвотай нам адпусцілі з цэха. Ды і ў нашай дырэкцыі няма ніякага вопыту яшчэ па гэтай дысцыпліне. Незразумелая і праграма. Дзяўчынкі вывучаюць адну чвэрць дамаводства, другую — сталярную справу, трэцююь —слясарную, а ў выніку — нічога толкам не паспяваюць асвоіць, і, як у выпадку з замежнымі мовамі, толькі дысцыпліну «праходзяць». Усе пра гэта ведаюць, на такія ўрокі глядзяць абыякава, а вучняў з іх забіраюць туды, дзе каму спатрэбіцца.
Бягу да завуча, даводжу, сваруся. Потым — да дырэктара. Удаецца яго пераканаць, што гэты «настаўнік» — чалавек выпадковы, трэба хутчэй ад яго вызваляцца, бо ад такога педагога можна чакаць усяго.
Мяне мучыць сумленне.
Вяду ўрокі, а нейкім другім паверхам сваёй псіхікі разважаю. Ці не зачаста пакідаю вучняў адных? У мяне з'явіўся новы інтарэс, ён як бы ахаладзіў мяне да класа. Нават менш стала займацца і сваімі дзецьмі.
На сына пачалі скардзіцца. Учора прыйшоў з вуліцы: «Ну і даў я Кастылю здачы!» — пахваліўся. «А чаго ён да цябе лез?» — пытаюся. «А я яму даў здачы, а тады ён да мяне палез!» Я адно пасмяялася ад душы, але зараз жа пра гэта забылася.
Уладкавала сяк-так справу з лапатамі. На перапынку званю з настаўніцкай дамоў.
— Мама-а,— хваліцца Марынка.— А Мікалай Іванавіч даў мне і дзяўчынкам плакаты расклеіць па горадзе!
Дачка ходзіць яшчэ і ў спартыўную школу. Мікалай Іванавіч — яе трэнер. Вось і заняткі знайшлі сабе дзеці. I будуць спакойна зараз гуляць... А мо мне ўсё ж такі схадзіць на тыя імяніны? Ніколі не выходжу да людзей, і ўсё адна ды адна. Што, хіба я манашка якая?!
Читать дальше