Тып цынічна ўсміхаецца, ляскае бізуном па далоні ды са здзекам пытаецца:
— Ну, Макарэвіч, будзеш яшчэ трымацца ці расколешся? Дапамагчы?..
У «дахадзягі» Паўла звычайная чалавечая гордасць выклікае эмоцыі: ах ты, гадзіна, хочаш, каб і я такім стаў? Трэ было набіць морду мярзотніку, ды Павел адчувае, што «зямляк» зваліць яго з ног адным пальцам.
А праз хвіліну «землячок» ужо катуе палоннага. Але эмацыянальнае абурэнне дадае лейтэнанту новай сілы ды яшчэ большай упартасці. Млее цела, ды ён поўны лютасці і рэшткамі свядомасці сабе ўнушае: не, ніколі! Адпаведна стану напружанасці нерваў з'яўляюцца сілы. Дарэмна злуецца прадажнік — Паўла агортвае асалода перамогі над ім.
У адной кніжцы Бальзака спешчаная і далікатная герцагіня ў адчаі ламае тонкімі, зусім не трэніраванымі пальчыкамі стальныя прэнты турэмных кратаў.
Біёлагі тлумачаць: у такія моманты адбываецца «выбух мышц», калі працуюць абсалютна ўсе клеткі, мабілізуюцца рэсурсы арганізма, перадаецца ў кроў увесь цукар, павышаецца нават тэмпература. А з пункту гледжання псіхолага ў герцагіні наступіў момант звычайнага афекту.
Такое здарылася і з Макарэвічам на допыце.
Вось і ў аўтара ўсё ідзе не ад міфічнага натхнення. Вучоны, артыст ці пісьменнік — чалавек, які здольны эмацыянальна ўзбуджацца да такой ступені, калі яму становіцца даступным многае.
Узровень таленту, відаць, залежыць і ад памераў ці дыяпазону эмацыянальнай узбуджанасці, а таксама ад патэнцыяльнай магчымасці, якая тоіцца ў аўтару да пары, покуль эмацыянальная напружанасць зачэрпвае матэрыял для вобразаў.
Апынаюся ў метро.
Чамусьці найлепшыя ідэі мне прыходзяць у галаву, калі я куды-небудзь іду ці еду. Людзей тады не заўважаю, знаходжуся — нібы ў лесе, а тэмп навакольнага жыцця па нейкай індукцыі перадаецца і мне, напальвае нервы ды прыспешвае думкі. Адно пасля гэтага баліць галава. Як, напрыклад, і зараз.
Каб крыху развеяцца, накіроўваюся ў цэнтральную залу Маскоўскага Дома вучоных на вечар. Эскалатар нясе мяне ўверх. Я ў метро, трымаюся за гумовую стужку поручня ды стараюся пазбавіцца ад назойлівай і дакучлівай ідэі. Гума паступова адносіць руку, я вымушаны час ад часу брацца за іншае месца, бо прыступкі чорнай стужкі рухаюцца не сінхронна з поручнем. Прыладжваюся нарэшце да рытму тэхнікі, узнімаю галаву і дзіўлюся.
Каля мяне стаіць красуня. I такая, што не адвесці вачэй. Дзяўчына адчувае мой позірк, штучна загаварыла да сяброўкі, і адразу прыгажосць яе кудысьці знікае.
Дзіўна.
З іншымі бывае наадварот. Ведаю адну маладзіцу без таліі, з плоскімі грудзямі, з зямлістым тварам, вялікімі вуснамі і доўгім носам. Варта толькі звярнуць на яе ўвагу, як яна раптоўна мяняецца. Тады ў яе з'яўляюцца і мяккасць, і грацыя, і жаночая прывабнасць, і душэўнасць, а вочы прамянеюць ужо ласкай, нават вусны свяжэюць, як у дзіцяці, а твар — ружавее. Бо і ёй хочацца быць прывабнай, і паслужлівыя эмоцыі мабілізуюць увесь арганізм. Талент у такой — падобны таленту вучонага, мастака?..
Глянеш, на выгляд аўтар маленькі, хілы і слабы, а вывеў у кніжцы свайго галоўнага героя волатам ды гэтак падрабязна, бытта сам бываў у яго шкуры — эмацыянальнасць дае магчымасць аўтару пабыць у вобразе свайго героя.
14.
Ужо цямнела, калі я выбраўся з метро на вуліцу, дзе знаходзіцца Дом вучоных. Ля ўвахода чакае галоўны ўрач нашай бальніцы. Ён тут таксама на курсах, толькі на кароткатэрмі-новых — у інстытуце грудной хірургіі. Днём я пазваніў яму, што маю білеты на сустрэчу з пераможцамі алімпійскіх гульняў.
Распранаемся ў гардэробе ды займаем месцы ў зале. Да трыбуны падыходзіць няскладная дзяўчына, пачынае няўмела, нудна апавядаць свае прыгоды:
— Ну, далі старт, і я гляджу: бягу ззаду ўсіх. Ну, думаю, навошта сюды ехала, толькі каб пячыся ў гэтай гарачыні ды яшчэ апошняй прыйсці да фінішу?! Але балельшчыкі як закрычаць на мяне: «Давай, Жэня, давай!..» Аднекуль з'явіліся і сілы, і я ўсіх з лёгкасцю неспадзяванай абагнала!
Дарагая, гэтыя ж самыя балельшчыкі абудзілі ў табе эмоцыі! Вось чаму ў дні адказных матчаў важна, каб былі поўныя стадыёны народу!
У перапынак выходзім у калідор. Мой практычны сябра пачынае да ўсяго прыглядацца і ацэньваць. Нават нагінаецца ды мацае дыван, зайздросціць:
— А то-оўстыя!.. От бы мне такія ў бальніцу — ні гуку не пачуў бы ніхто ў будынку!.. Цікава, падлогу яны паліруюць кожны дзень?
— Не ведаю...
Зямляк бачыць на паркеце акурак:
— Ну-у, закурыў бы гэтак у мяне, нягоднік, я б яго ў два шчо-оты!..
Читать дальше