I вось у адзін такі гарачы дзень, калі за сталом падлічваю плошчу пафарбаванай малярамі падлогі, каб можна было выпісваць ім аплату, да мяне ў канцылярыю вячэрняй школы ўваходзіць нейкі малады чалавек ды аб'яўляе:
— Мне дырэктара!
— Ён перад вамі.
— Я не жартую.
— I мне не да жартаў. Я сказала — ён перад вамі.
— Вы-ы?!.
Пасля хвіліны недаўмення чалавек падае нерашуча руку:
— Пятро Уладзіміравіч.
— Ірына Іванаўна...— з пытаннем узіраюся на яго, устаю і даю яму паціснуць сваю далонь.— Скажыце, а чаму б мне дырэктарам і не быць?
— Не-е, вы мяне не зразумелі, Ірына Іванаўна! Наогул я нічога не маю супроць гэтага! — шчыра бароніцца ён.— Толькі, як жа — такі малады і прыгожы дырэктар?
— А-а!..
З выразу сур'ёзнага твару не то юнака, не то мужчыны вынікае, што госць мае нешта важнае сказаць. Ад пераканання ў слушнасці сваёй справы ён упэўнены да дзёрзкасці. Мяне падкупляюць яго пастава, шчырая рашучасць, зычнасць голасу, а найбольш за ўсё — дзіўна знаёмы позірк. Робіцца надта няёмка за штапельны сарафан у чырвоную клетачку і за стаптаныя басаножкі. Адчуваю, як мяне залівае чырвань, горбяцца плечы, а ўся я бытта імкнуся залезці пад стол.
— Я — з «Інтурыста»,— даносіцца да мяне нібы скрозь імглу.
— З «Інтуры-ыста»?
— Так, ёсць такая арганізацыя ў нашым горадзе. Няўжо ніколі не чулі?
— Крыху пра яе чула... Але чым я вам?.. Чым вы нам?.. Якое вы да нас?..
— Зараз скажу. Слухайце. Учора ехалі галандцы. Нейкія дзве дзеўкі нахабна прыставалі да іх на вакзале, вешаліся чужаземцам на шыі. Сорам, як сябе паводзілі! Кажуць, яны — навучэнцы вашай школы. Пакідаць гэты выпадак без увагі, таварыш дырэктар, нельга! Зрабіце класны сход, ці што ў вас бывае, і дайце ім як трэба, няхай не ганьбуюць нашай моладзі!
— У нас жа няма заняткаў...
— Ведаю. Але праз які тыдзень вы ўжо зможаце гэта зрабіць?
— Бадай, можна...
Чалавек называе прозвішчы дзяўчат. Уздыхаю з палёгкай — незнаёмыя. У шэрых маладых вачах па хвіліну з'яўляецца заклапочанасць.
— Спытайце ў настаўнікаў, мо часамі хто іх ведае? I, прашу вас, тады пазваніце мне. Добра?
— Калі ласка!
— Запішыце тэлефоны!
— Давайце...
Покуль бяру ручку, наладжваю пяро, макаю ў чарніліцу, ён адводзіць вочы, і я адчуваю, што яго надта бянтэжаць мае голыя да плеч, незагарэлыя рукі. Штосьці запісваю ў настольным календары, а на самай справе з пакутай чакаю, каб чалавек хутчэй сабе пайшоў. Тэмп яго гутаркі быў такі, што з пачатку візіту мінула мо ўсяго дзве мінуты. Маладому чалавеку няёмка адразу знікаць, ён хвіліну яшчэ топчацца:
— А прыемна тут у вас — чысціня-а, ці-іха!..
— Бо шчэ нікога няма! — падхопліваю.— Хутка напоўняцца калідоры ды класы галасамі!.. Зноў паабіваюць сцены, паломяць...
— О-о, уяўляю сабе!..
Болей гаварыць няма пра што, і ён усё ж такі выходзіць.
Абяссіленая, падаю ў крэсла. Такое пачуццё, бытта мяне хвіліну таму назад ударыла токам: аж задрыжэлі рукі і ногі. Бачу люстэрка. Мяне і цягне да яго паглядзецца, і чагосьці баюся. Адчуваю якісьці неспакой.
Раптам успамінаю: бо-ожа мі-ілы, дык гэта ж яго я бачыла ў сне!
Пару дзён таму назад сніла, бытта бы зайшла ў нейкую вясёлую кампанію і там, у далёкім кутку пакоя, сядзеў мужчына з вылупленымі на мяне вачыма. Ён так уставіўся ў мой бок, што яго позірк пацягнуў мяне, нібы магнітам. Ішла я тады доўга, ногі мае чамусьці запляталіся, і да чалавека адлегласць усё не мянялася, я ўсё бачыла перад сабой гэты цяжкі гіпнатычны позірк. Наступныя дні я была пад уражаннем гэтага ўпартага позірку і ніяк не магла ад яго адвязацца. Паступова пра ўсё забылася. I вось толькі што зноў убачыла тыя самыя вочы. Так, гэта яны! Успамінаецца ўся атмасфера жудаснага сну...
Прадчуванне? Што за ліха?!
Робіцца страшна-страшна і горача. Школьныя справы раптам перастаюць цікавіць. Азіраю сваё ўбранне — я ж амаль раздзетая, ці звар'явала, што гэтак хаджу? Хутчэй дамоў — накінуць па сябе што-небудзь!
Клічу заггаса, даручаю яму разлічвацца з малярамі.
2.
Дома застаю Веру з Ігарам. Сяброўка прыйшла пажаліцца. Барыс ноччу ўварваўся ў кватэру, напалохаў сына, пабіў посуд і пабудзіў старых суседзяў.
— А сам такі брудны, абарваны. Я не вытрывала, надзела на яго ўсё чыстае, толькі тады праперла...
— Во-во! Цяпер ён і наступны раз прыйдзе!.. Трэ было адвадзіць — не пусціць нават на парог! Ты, Верка, надта добранькая, з-за гэтага і пакутуеш!..
— Самім лёсам наканавана мне пакутаваць, Іра,— не тое што табе, шчаслівай.
Читать дальше