— Ну і ну! Знайшла каму зайздросціць! Таксама саламянай удавой жыву!
— Не грашы, сяброўка! Косця ж — вернецца! I можаш за яго быць спакойнай — у Маскве табе не здраджвае ні з кім!
— О-о, гэта — напэўна! У крайнім выпадку ходзіць там за прыгажунямі з блакнотам ды запісвае! Эх, нічога ты не разумееш у нашых адносінах!.. Не раз сабе думала: мажліва, лепш было б, калі б Косця там і глянуў на каго, як звычайны мужчына!..
— Ы-ы-ых, што ты вярзееш?!.
— Так, так! Давай прызнаемся сабе чэсна — мы з табой так створаны, што любім крыху быць раўнівымі: гэта, прынамсі, асвяжае! А ўсе гэтыя так званыя выдатныя асобы цікавыя толькі для тых, хто пра іх любіць языком мянціць. Зблізку мой муж — нудны рабочы мул ды сумны аўтамат. Вернецца і засядзе за машынку, як пень, ды зноў не будзе да каго загаварыць, адвесці душу...
— Змоўкні, дурніца! Ы-ы-ы, што на цябе найшло, што за грэшныя думкі? Ты не ўмееш яго цаніць! За твайго Косцю трымацца трэба абедзвюма рукамі! Ён — асаблівы! Мала дапамагае, цяжка з ім? Ад майго Барыса і сотні іншых такіх, выходзіць, карысці больш?.. Павер мне, Ірка, самай адданай табе сяброўцы, такому, як твой чалавек, трэ служыць, як служылі нашыя сёстры ў манастырах госпаду богу!..
— А, хіба што... Тады мяне зусім не ведаеш. У паслушніцы я не падыходжу.
Няма больш пра што з Верай гаварыць. Толькі цяпер заўважаю яе абмежаванасць. Слухаю яе далей, нешта раю, нават — спрачаюся, а сама перажываю ўжо каторы раз сон і дзіўнае спатканне ў канцылярыі. Раптам захацелася Косцю ўкалоць — напісаць пра выпадак. Зраблю гэта потым. Нават адчуваю задавальненые ад помсты.
Што мне зараз рабіць?
Ага, насамперш схаджу памыюся. Увечары нагрэю вады ды выкупаю дзяцей дома. А чым заняць на гэты час малых?
— Вера, няхай Ігар пайграецца з маімі, не будзеш жа браць хлопца ў школу! Ды і мае лепш будуць сябе разам адчуваць!..
— Няхай. Буду вяртацца — забяру.
Сяброўка праводзіць мяне да лазні. Што за сон, што за супадзенне?!
Вера пра штосьці безупынна гаворыць і гаворыць, я пры-кідваюся, бытта яе ўважліва слухаю, але не разумею ніводнага слова. Не магу авалодаць і сваім хваляваннем. Ды расказаць сяброўцы пра выпадак не магу таксама. А як ты пра яго раскажаш, калі яна ўсё расхвальвае і расхвальвае Косцю. Бытта яе завялі. Цяпер наогул не змагу з ёю быць шчырай. «Мілая Вера, няўжо надышоў канец нашай дружбе?! Даруй мне, але я нічога не магу з сабой зрабіць!..»
— Ну, бывай, мыцца пайшла!..
Прымаю ванну.
Праз хвіліну ўжо і распарылася. Мяне агортвае радаснае адчуванне свайго цела, я ўпершыню заўважаю гэтак выразна, што яно ў мяне свежае, ружовае. Ніколі яго яшчэ так не любіла. Дагэтуль свайго цела саромелася, а часцей за ўсё — не заўважала. Недарэчы вельмі шкадую — чаму мяне ніхто не бачыць!
— Што за ліха? — пытаюся сама сябе ўголас. Кранае прадчуванне нечага дрэннага. Толькі трывога гэтая кволая. «А чаго мне трывожыцца? Зайшоў да мяне наведвальнік? Го, коль-кі іх ходзіць кожны дзень! Заўтра — нарада дырэктараў вячэрніх школ, на ёй магу вельмі проста даведацца, адкуль тыя дзве дзеўкі-лядашніцы, але ж навошта мне займацца гэтым, яшчэ малады чалавек што-небудзь сабе падумае?! Хітранькі, дай яму гатовае! Пашукай сам!..»
Успамінаю, які ў яго быў выраз твару, калі даведаўся, што я — дырэктарка. Пераможна рагачу. Да мяне зноў вяртаецца энергія ды бадзёрасць.
Ну і пасада ў мяне!
Між іншым, наведвальнік — інтэлігентны і мажны мужчына. З «Інтурыста». Мяне надта ж уражвае гэтае слова. За ім адчуваюцца экзатычныя краіны, народы... На нашым вакзале, калі прыходзяць замежныя паязды, па рэпрадуктары гавораць мо на васьмі мовах! У людзей з гэтай установы — цікавая работа, яны бачаць рамантычны, заманлівы свет. Хто там працуе, вядома, і не цэніць. Што ж, заўсёды так...
Аднойчы чакала з Мінска Косцю. Поезд спазняўся, і я падышла да касы замежных білетаў. Мне аж крыўдна зрабілася, што такі сабе звычайненькі лысы чалавечак-смецюшок кволенькім галаском звярнуўся да звычайнай касіркі з рэдзенькай «бабетай»:
— Мне ў Сірыю. На дваіх выпішце купейны. Чым плаціць? Мне лепш — у індыйскіх рупіях!..
З'ездзіць бы туды, сваімі вачыма паглядзець на тое, што ведаю толькі з кніжак. Пахадзіць бы па Луўры, Акропалі, Калізеі, паўзірацца на розных людзей! Даўно з Косцем збіраемся павандраваць па Еўропе, і ўсё аніяк не выходзіць. Мо і надарыцца магчымасць? Толькі куды дзяцей уладкаваць?..
Аднаго дня зайду ў кабінет да гэтага інтурыстаўскага начальніка ды пракажу:
— Вось — візы. Мне — два білеты да Рыма. Лепш нам у лірах падлічыце. У крайнім выпадку — у доларах...
Читать дальше