— Пятро Уладзіміравіч! — апярэджвае яго мужчына ў чорным гарнітуры ды працягвае руку.
Нешта гавару, што належыць казаць у такіх выпадках, падаю руку таксама і чырванею.
— Шчыра кажучы, Сяргей, то мы — знаёмыя!
— Ну-у?!
— Я заходзіў да Ірыны Іванаўны ў школу! I, калі быць дакладным, вельмі здзівіўся!
— Чаго-о? — прыкідваюся.
— Першы раз убачыў такога маладога ды абаяльнага начальніка. Слова гонару! Дырэктары школ — худыя зануды альбо мардатыя тыпы, а спаткаў — чароўную і сімпатычную істоту!..
— О-о, пра гэта мы ведаем даўно-о! — падхоплівае адразу гісторык.
А я адчуваю, як мяне залівае новая хваля чырвані, але цяпер ужо толькі ад таго, што ў гэтую хвіліну пачырванець мне выпадае. Бо я поўнасцю сабою валодаю. Сама з сябе нават дзіўлюся: як усё лоўка ў мяне атрымліваецца, і працягваю, як роўная з роўнымі, гульню. Пра тое, што абодвум мужчынам я нераўня, што парушаю прынятыя грамадствам правілы паводзін замужняй жанчыны, што існуюць забароны, не хачу і ведаць. Бо так здараецца ўжо, што не бачыш, не хочаш бачыць мяжы і ты — шчаслівы.
На жаль, у гэты момант якраз тры разы звоняць, і мы разыходзімся па сваіх месцах.
Потым на вачах у людзей, цалкам занятыя сабой, цэлы перапынак ходзім утраіх у фае. Пятро Уладзіміравіч расказвае эпізод з дзяцінства:
— У вайну я быў яшчэ зусім малым і, памятаю, усё прасіў: «Мама, хачу бачыць партызан!.. Партызан пабачыць хачу!..» А яна: «Трэба, сынок, усю ноч не спаць, адно тады і ўбачыш!» А як жа ты спаць не будзеш у такім узросце? Але аднойчы маці мяне пабудзіла...
Я так уважліва яго слухаю! Жанчыны, калі хочуць каму-небудзь палесціць, дзівяцца кожнаму яго слову. I не спадзявалася, што і з мяне такая тэатралка, што і я магу гэтак падтакваць, охаць ды ахаць.
— Ой, няўжо вы іх уба-ачылі?!. Раскажы-ыце!..
— Уявіце сабе! I нават добра памятаю тую ноч! — падхоплівае новы знаёмы.— Вось вам малюнак. Цьмяна гарыць газнічка. На кухні мама ў балейцы нешта сцірае, а ля ног яе валяецца цэлая гара чужой бялізны. На падлозе ў нашай хаце поўна саломы. На саломе ўпокат, абняўшы зброю, ляжаць змардаваныя ўшчэнт дзядзькі і дружна храпуць. Спаўзаю з ложка і давай прыглядацца да іх бліжэй.
Доўга лазіў паміж імі, балюча стукаўся каленкамі аб прыклады і боты — хоць бы каторы прачнуўся! Паспрабаваў у бліжэйшага мужчыны пацягнуць аўтамат. Партызан праз сон нешта прамычэў ды паклаў на зброю галаву...
Я цалкам ужо асвоіўся. А была і ў мяне стрэльба. Шпулькай ад нітак пры дапамозе гумкі і шпяня пстрыкаў гарохам. Выняў я свой «пісталет», стрэліў ды знячэўку трапіў партызану ў бараду. Чалавек як усхопіцца, а за ім — астатнія. Узняліся на ногі, ляскаюць зброяй, прыцішана пытаюцца:
«Дзе?.. Га?.. Што-о?!.»
Мама з кухні іх супакойвае: «Здало-ося вам!.. Спіце, хлопчыкі, шчэ нават пеўні не спявалі!..»
А я, перапалоханы,— шмыг пад коўдру. Толькі днём прызнаўся мацеры, што здарылася.
4.
Адна справа, калі чалавек выпадкова зойдзе да вас, працягне з-за традыцыі ці — службовага абавязку руку і назаве сябе. Але зусім іншая, калі потым выявіцца, што ён — блізкі сябра вашых блізкіх сяброў. Пры другім знаёмстве, калі табе яно яшчэ вельмі пажаданае, ты адразу багацееш і робішся якасна ўжо зусім іншым, чым быў учора.
Агульны знаёмы, які гэта мае часамі глыбокі сэнс і дае магчымасць зірнуць на чалавека яшчэ з аднаго боку!
З канцэрта крочу дамоў. Мяне даганяе Кіра — настаўніца англійскай мовы.
— Што за шыкарныя рыцары, Ірка, да цябе заляцаліся ў фае? — пытаецца з адценнем зайздрасці і папроку.— Перапынкі ты правяла з імі ў такой цікавай гутарцы!..
— Сяргея Міхайлавіча ты ж ведаеш...
— А другі?
— Яго знаёмы.
— Шчаслівая. Я ніколі не сябравала з мужчынамі.
— Го! Ты ж — заўсёды ў іхняй кампаніі?!
— Гэта не тое. Цябе паважаюць, а мяне толькі жадаюць,— уздыхае.
Здзіўлена гляджу па настаўніцу.
— Гаворыш ты надта складана...
— Маўчы, нічога складанага тут няма! Так сябраваць, гаварыць пра ўсё і не адчуваць у сабе самкі? Здорава! Зайздрошчу!
— То і ты так паспрабуй!
— Якая ты, Іра, дзіўная. Калі б побач са мной быў такі абаяльны малады чалавек, нават як Сяргей Міхайлавіч, і то я з ім не магла б адно сябраваць. Стала б яму адразу...
Да Кіры ў мяне даўняя, яшчэ школьная крыўда.
— А ён, між іншым, сказаў, што ў цябе гэта на лобе ўсё напісана! — помшчу.
— Праўда, казаў?
— Ага.
Яна хвіліну думае ды зноў уздыхае:
— Усё роўна зайздрошчу.
А я, дурная, лічыла яе самым шчаслівым чалавекам на зямлі і таксама зайздросціла.
Читать дальше