— Самазвал буду рабіць...
— А-а!.. Прышлю абавязкова.
— У мяне яшчэ два ўрокі ў другую змену. Дастану твае рэчы з шафы цяпер, а ты ўкладзеш іх сам. Віця, дапамажы сабраць са стала! Што твае чаравікі робяць тут на падлозе?
— Сама бачыш! — крыўдзіцца сын.— Адзін сабе стаіць, другі — ляжыць...
— Не балбачы, лепш падбяры!
Дзіўна. Нават страціла пачуццё гумару. Няўжо ўсё гэта ад стомленасці?
— Косця, ты меўся ў рэдакцыю ісці. Пойдзеш?
I ў тым, як выгаварыла маё імя было штосьці новае. Я яшчэ не цвёрда перакананы, што гэта кепска. Мяне больш уражвае навізна з'явы:
«Чорт, як можна адно і тое самае слова вымаўляць па-рознаму?!»
«А мо толькі так здаецца? Мо да Іры прыдзіраюся? Што са мной адбываецца?!»
— Трэба, відаць, схадзіць. Даведаюся, як там з нарысам — яны хацелі скарочаны варыяпт надрукаваць, покуль надрукуе яго часопіс. Мо і паспеюць. Дагаваруся заадно, каб табе ганарар выдалі...
— То ідзі,— кідае абыякава.
Але я не спяшаюся.
Сын памчаў у кіно. Поўны спачування і віны, прыцягваю жонку, нахіляюся пацалаваць. Звычайна на мой парыў вусны яе паслухмяна раскрываліся і яна адказвала сардэчна, чула і аддана. Цяпер жа тыя самыя вусны былі нецярплівыя, бытта Іра некуды спяшалася, бытта не хацела мяне пакрыўдзіць і толькі таму паддалася. Спахопліваюся: усе канікулы яна такая — як бы баялася, каб я да яе не дакрануўся!
— Знайшоў час прыставаць! — вырываецца праз хвіліну. Пастаяла, паслухала: — О, першы канцэрт Чайкоўскага нехта на піяніна іграе над намі! Эх, як бы я хацела паслухаць зараз добрую музыку! — уздыхае ўжо лагодней.— Ідзі займайся сваімі справамі, табе ж сёння ехаць!
Дарэмна напамінаць. Я фактычна ўвесь жыву дарогай. Магнітам цягне паспрабаваць здзейсніць сваю задуму — што атрымаецца?.. Успаміпаю сваё рабочае месца, стосік паперы, спакойную атмасферу ў пакоі ды вобразы, якія пачынаюць паўставаць перад вачыма, і — нібы пасля доўгай разлукі, я ўжо ўвесь рыхтуюся, нецярпліва чакаю спаткання з усім гэтым — бытта з каханай!
6.
Вечарам збіраемся ўсе дома. Сын ужо спіць.
— Што табе прыслаць? — пытаюся ў Марынкі.
— Фатагра-афій з кінаартысткамі!
— Я знаёмы з некаторымі. Яны жывуць побач са мной. Прыедзеш у госці з мамай, то пакажу іх табе.
— Ой, пра-аўда?! — дачка аж падскоквае ад шчасця.
— Няўжо буду цябе ашукваць? Абавязкова пазнаёмлю... Го, а чаго ж ты ўжо гэтак пасмутнела?
— А-ай, тата! Усё роўна ў двары мне ніхто не паверыць, што іх бачыла! Лепш прышлі фота!
Я зарагатаў.
Іра не рассмяялася і на гэты раз...
Здаецца, я яе разумею. Зноў пакідаю адну з дзецьмі. Мае частыя прыезды толькі дабаўлялі ёй турбот: кожны раз збірай мужа ў дарогу, праводзь, каб потым зноў акунуцца самотнай маладой кабеціне ў клопаты. Толькі наладзіць рытм сям'і, толькі прызвычаіцца да новага парадку, ды ўсё ёй разбураю...
Але ж ці мне аднаму патрэбна гэта вучоба? Ці не яна падбівала мяне на курсы, не малявала таго, што будзе, калі я стану доктарам?
Адправіўшы дачку спаць, жонка праводзіць мяне да поезда.
Пакідаем у купэ чамаданы ды вяртаемся на перон. Стаім і маўчым. Робіцца надта шкада жонку, адчуваю сябе вінаватым. У кішэні ляжаў спіс рэчаў, каторыя я меўся купіць у Маскве ды прывезці наступным разам. Вымаю паперку, каб упэўніцца, што яна са мной, чытаю:
— «Пласцінкі Рахманінава. Бетховена. Чайкоўскага. Сродак на моль. Пальчаткі шостага памеру...» — усё табе дастану, будзь спакойнай...
— Можаш не даставаць, нічога мне не трэ-эб...— праглынае яна камяк ды адводзіць поўныя слёз вочы.
Прыкідваюся пакрыўджаным. Бо, на самай справе, гісторыя з Паўлам і Любай далі мне зарадку, дадалі якойсьці ўпэўненасці ды зрабілі нячулым да нападак. Усе навакольныя падзеі мераю з пункту гледжання гэтай трагедыі.
— Чаго ты, Іра?! Ведаеш, якую цікавую тэму знайшоў я на канікулах? Клад! З-за адной яе варта было прыязджаць з Масквы! Такую жанчыну мала назваць гераіняй...
— Дзесьці-то ты знаходзіш, толькі каля свайго носа нічога не бачыш!
Я прамаўчаў. Іра дома рабіла выгляд, што вельмі занятая. А калі я закрываў чамадан ды зыркнуў убок, то выразна ўбачыў, як грымаснічала перад люстэркам. На твары тады ў яе не было і ценю стомленасці. Яна шчасліва бліскала вачыма, бытта да некага ўсміхалася. Цяпер усё гэта я ўспамінаю, і мяне давіць крыўда.
Адным словам, абое чакаем, калі нарэшце адыдзе той поезд. Час цягнецца невыносна доўга.
Ля ўвахода ў вагон пачынае буяніць маладзенькі афіцэр марфлота. Гэта нам як бы наруку, і мы паварочваем галовы. Афіцэр абдымаецца з нейкім тыпам, лаецца ды штурхае пасажыраў налева і направа. Іра адчувае, што не змагу ўстаяць на месцы, хапае мяне за руку, накідваецца:
Читать дальше