— У цябе ж жывот ужо — каго ты ашукаеш, мілая?
Жанчыны глянулі на яе фігуру ды прымусілі настаўніцу пачырванець да вушэй. Любу агарнула дзіўнае, упершыню зведанае пачуццё: сарамлівасць, страх перад невядомым, нейкае бязмернае шчасце і нават — гонар. Яшчэ Люба заўважыла, што жанчыны ёй крыху пазайздросцілі. Першы раз адчула — нечым узнялася над сяброўкамі.
Калі ўсе разышліся, Люба з радасцю села пісаць Паўлу. На жаль, радасць была нядоўгай. Калі б потым у яе хто спытаўся чаму, яна сказала б — зрабілася надта страшна.
Што ж, трывожны быў гэта час ля граніцы. Не праходзіла дня, каб Люба не пачула нешта жудаснае. Маладзейшыя сяброўкі пачалі яе пераконваць ужо, як не ў час цяпер роды, ды пацешылі — мужы любяць якраз тых кабет, у якіх няма дзяцей. Усё гэта Люба прапускала міма вушэй. Уразіла яе вестка, якая пракацілася па Паўлішках:
— У Шудзялаве мінулую ноч шпіёны выразалі сям'ю: мужа, жонку, старога дзеда і трое дзяцей!
Жонка камандзіра часці дадала:
— Раніцой прыязджаў мой па сям'ю і апавядаў — ноччу немцы ўкралі нашага афіцэра ды зарэзалі двух байцоў. Я адмовілася ехаць на граніцу. Думала, што хоць тут спакойна, а во — і ў Шудзялаве ўжо!.. Пішуць у газетах, як немцы разбамбілі Лондан. Колькі дзяцей загінула пад друзам — тысячы!..
Люба адчула неспакой. Пачала раіцца.
— Што ты надумала? — напала на яе жонка камандзіра часці.— Не перасаджалі шчэ ўсіх ворагаў народа, на носе вайна, усюды шпіёны, а ты — сірату хочаш на свет пусціць? Давай, давай, радзі!..
Любе стала яшчэ больш страшна.
— Схадзі, покуль не позна, у горад да Вялічкі. Акушэрка такая. Бярэ ўсяго дзве сотні і робіць па новай методзе, амаль без болю...
Карацей кажучы, Люба і сама не ведала, як апынулася на ўскраіне былога польскага гарадка ў ціхім доміку, абвітым дзікім вінаградам. Тоўстая і салідная дама паклала яе на цвёрды тапчан, пакрыты старой цыратай з рыжымі плямамі ад марганцоўкі і ёду, аглядзела пацыентку ды вызначыла тэрмін.
Ішлі дні, тыдні, а настаўніца другі раз наведацца ў ціхі домік не адважвалася — усё адкладвала. Выпадкам, калі хадзіла ў горад па зарплату, спаткала акушэрку.
— Вы да мяне? — насцярожылася тая.— А я ўжо вас не чакала, лічыла — перадумалі! Пайшлі!
Люба бязвольна падпарадкавалася, і яны падаліся на ўскраіну.
Агледзеўшы настаўніцу яшчэ раз, акушэрка заўважыла без ніякага намеру:
— Шкада, што не прыйшлі раней. Ужо можна будзе разабраць — хлопчык ці дзяўчынка.
Люба раптам апамяталася. У яе аднекуль з'явілася рашучасць. Покуль Вялічка на кухні звякала бліскучымі прыладамі, яна схапілася з жудаснага тапчана ды хуценька адзелася.
— Вы куды?! — здзівілася акушэрка.
Люба нешта прамармытала і вылецела з дому. На двары глыбока ўздыхнула і раптам адчула сябе найшчасліўшым чалавекам на свеце. Ну і што, калі будзе вайна? У яе справа — больш важная! Застаецца толькі чакаць! I таму, што здарыцца, нішто ўжо не перашкодзіць — яна гэтаму гаспадыня!
Па дарозе ішла маладзіца з хлопчыкам. Малы роў на ўсю вуліцу. Люба падалася за імі і палюбавалася.
— Ты чаго румзаеш? — захацелася ёй пагаварыць з малым.— Перастань, бо міліцыянера паклічу!
Малы сціх ды павярнуў да яе галаву. У сур'ёзных вачанятах, на вейках яшчэ дрыжалі слязінкі.
— А оты я не табе плацу, а — маме сваёй, от! — выпаліў.
Ёй стала надта смешна — ой, які цудоўны жэўжык!
— Нічога, нічога,— супакоіла яна маладзічку, калі тая стала прасіць прабачэння за наследніка. У голасе незнаёмай Люба выразна адчула захапленне арыгінальнасцю сына.
Няўжо і ў яе будзе такі, няўжо і яна будзе так ганарыцца? Божа, каб толькі хутчэй!
Люба ўжо і слухаць не хацела ні пра вайну, ні пра шпіёнаў, ні пра здраду Паўла, ні пра што іншае.
У час родаў, вядома, яна не раз праклінала мужа. Але неўзабаве Люба, стомленая, абяссіленая і шчаслівая ды крыху ўжо іншая — бытта дабавілі ёй дзесяць гадоў — ляжала на бальнічным ложку. Каля яе — малое: родны, бездапаможны камячок. Маладой маці ўсё здавалася, што яно галоднае.
— Ладна, даю вам яшчэ дваццаць мінут! — строга сказала сястра і знікла.
Побач сядзеў Павел. На яго з усіх куткоў глядзелі жанчыны, муж губляўся і шаптаў ёй:
— Разумееш, атрымаў тэлеграму. Ведаю, аб чым яна, а разарваць баюся. Гадаю: арол ці рэшка. Нарэшце адкрываю. Дачка... Кальнула такое пачуццё — бытта атрымаў тройку на выпускным экзамене!
— А цяпер?
— Ужо — усё роўна! Мама мне напісала: няхай будзе адна дачка, а то ў нашай сям'і ўсё хлопцы ды хлопцы... Як жабяня яна яшчэ ў нас... Ну, выздараўлівай...
Читать дальше