«Свежая рыба там, у падвале...»
«Хочаце свежай рыбкі?..»
«Вы яе не любіце? Не можа быць!.. Я і вам дастану, мне што, заадно стаяць!..»
Калі першы раз ён да мяне загаварыў, я падумала, што яго голас гучыць так мякка, з затоенымі пачуццямі, са страсцю і сілай толькі для мяне. Мана! Прырода дала такую інтанацыю гэтаму чалавеку ад нараджэння, і яна гучыць у яго гэтак нават і тады, калі ён гаворыць пра звычайную рыбу.
Ой, якой агіднай здавалася гэтая самая рыба, якімі агіднымі і ненавіснымі былі яго замшавыя туфлі, хада!
...I не заўважаю, калі і як апынаюся ў вёсцы, дзе жыве мама. Выгляд у мяне вельмі неахайны, а ўся я растрапаная і расстроеная, але мама не з тых мацярок, каторыя заўважаюць такія дробязі ў сваёй дачцэ.
— Прыехала адпачыць? Ну і добра, што нарэшце здагадалася выбрацца, што ўспомніла! А што ў цябе чуваць?
— Нічо-ога...
— Як дзеці?
— Здаровыя... Марынка прыносіць адныя пяцёркі... I па музыцы настаўніца хваліць... Сын таксама паводзіць сябе нармальна покуль што...
— Днямі ў райкоме будзе нарада, прыеду ў горад. Вырвуся на хвіліну з райкома, да вас забягу.
Але больш я не вытрымліваю ды пачынаю скардзіцца на жыццё.
— Можа, ты хворая? — палохаецца яна.
— Не-е!..
— То што з табой здарылася?
— Косця ўсё піша і піша, дзень і ноч, дзень і ноч, а я адна і адна. Сумна, нават няма з кім і словам перакінуцца дома. Асабліва калі дзеці спяць або паразыходзяцца... Хоць тапіся тады...
— То схадзіла б у кіно, у тэатр ці музей!
— Ну што ты, мам, кажаш? Хіба гэта заменіць?!
— Дык што ж з табой такое?!
Яна хвіліну думае, тады з перакананнем кажа:
— Ведаю ўжо. Табе трэба ў добры калектыў! Мне адразу расхацелася ёй больш скардзіцца. Мама ніколі мяне не разумела. Усё дзяцінства я пражыла па дзіцячых дамах, сваёй маці амаль не бачыла і ніколі не бывала так, каб яна ведала мае душэўныя таямніцы, перажывала мае захапленні, смяялася з наіўных расчараванняў, радавалася маімі перамогамі. Мы — бытта чужыя людзі, якія наведваюць адзін аднаго толькі па традыцыі ці таму, што ўзіраюцца людзі.
— На вянок цыбулі і торбу груш, занясі дахаты. А мне трэба адпраўляцца ў брыгаду малаціць. У мяне гэты тыдзень такі напружаны, а тут камісіі панаехалі з абкома, нас хочуць на выстаўку вылучыць...
— Я цябе, мама, разумею... Дзякуй і за гэта... Механічна бяру цыбулю, бяру торбу ды валакуся ў горад.
20.
Больш за іншых ведае мае таямніцы і разумее мяне Косця. Застаю яго дома. Расказваю пра выпадак з незнаёмым мужчынам.
— Ха-ха-ха-ха! Вось дык гісторыя! — дзівіцца ён, выслу-хаўшы з цікавасцю.
— Ты смяешся!
— Чаго ж не пасмяяцца з таго, што сапраўды смеху вартае?
— I не баішся?
— Чаго?
— Які бяспечны!..
— Думаеш, гэта было каханне? Імітацыя! У цябе яшчэ сядзіць жывы інстынкт кахання, яму трэба неяк праявіцца, ён вось так і праявіўся! Чаго ж мне баяцца імітацыі?
— Імітацыя...
— Я ўпэўнены!
— Як мне цяпер усё гэта перажыць?
— Што тут перажываць? Зрэшты, як сабе хочаш! Ты ж не пыталася ў мяне перад тым, як уліпнуць!
Ён бачыць, што пачынаю злавацца, кажа ўжо сур'ёзна:
— Іра, не трэба апускацца ды вешаць носа!
— Лёгка казаць збоку!
— А ты вазьміся за што-небудзь цяжкое, каб ні секунды не мець спакою! «Труд меня жаждою жизни наполнил, цель указал, чтоб в мечтах не блуждал...»
— Яшчэ і цытату з «Капітала» прачытай!.. Тады скажы, што мне трэба ў добры калектыў, праўда?
— Ну! — сцвярджае ён упэўнена.
I толькі цяпер бачыць маю іронію ды здзіўлена моргае вачыма:
— Не ведаю, чаго ты пакрыўдзілася? Я ў такіх выпадках клін клінам выбіваю.
— Ты ж мужчына!
— Якая розніца?
— Ты сур'ёзна яе не бачыш?
— Сур'ёзна!.. Во, Іра, займіся па-сапраўднаму гаспадаркай!
— Яко-ой? Хіба мала займаюся і так?
— У нас няма халадзільніка, неяк жа яго дабываюць людзі, знаходзяць!
— Ага!
— Тэлевізар добры трэба раздабыць... Не хопіць грошай, бяры ў крэдыт!..
— I персідскія дываны!.. I наведвай камісійныя магазіны, таўку-учкі, праўда? На курорт уборы шый, пуцёўкі здабывай! I трохпрацэнтныя абліга-ацыі хапай, залатыя пярсцё-онкі!.. Ты гэта сур'ёзна? Не-е, даражэнькі, мяшчанкі з мяне не зробіш!
— Што ты перакручваеш?! Добры тэлевізар дзяцей дома ўтрымае, а халадзільнік, кажуць, вельмі практычная рэч! Даруй, не хацеў цябе пакрыўдзіць, слова гонару!
— Добра яшчэ, што хоць просіш прабачэння!
— Пабачыш — адна гаспадарка цябе вылечыць!
— Ла-адна! — уздыхаю.— Толькі скажы чэсна — зусім не раўнуеш?
— Да гэтай «свежай рыбіны», да імітацыі?
Читать дальше