Ля Лаўрэнавай труны зараз толькі той-сёй украдкай усхліпнуў, бо мала засталося равеснікаў нябожчыка. У зале панавала атмасфера павагі, якая ішла ад даўняй зямной ісціны — «хоць плач, хоць скач, а не ўстане твая кляч»; ад смерці аніяк не выкруцішся, усе памром і ТАМ будзем, а Яфімаў Лаўрэн, калі па-чэснаму ды па справядлівасці разабрацца, пажыў не так і мала — акурат колькі яго аднагодкі. Затое смерць меў надта лёгкую, аб якой іншыя толькі мараць — бальніцы ды розныя аперацыі з перавязкамі і ўколамі, з працэдурамі ўліванняў ды пераліванняў яго, «дзякуй богаві», мінавалі. Толькі ў душы людзі, бытта змовіўшыся, таілі за аднавяскоўца да Лаўрэнавых сыноў горыч абурэння. Але выказаць гэта адклалі на потым, калі надарыцца адпаведная аказія — не станеш жа тут, пры нябожчыку, узнімаць скандал!
Браты на ферме ўзялі гнядога каня з платформай, на якой бацька столькі гадоў звозіў бітоны з малаком ад прыватных кароў да сябе на ферму і валачыў траву з пакосу. Покуль той самы, яшчэ Лаўрэнам добра адкормлены гняды з яблыкамі на крупе, наставіўшы аксамітныя шырокія храпы, падазрона нюхаў паветра ды зыркаў з сумам на людзей, бытта нават сваімі конскімі мазгамі разумеючы павагу хвілі, кабеты ўмомант выслалі платформу даматканымі дыванамі. На краі платформы паставілі цэлыя батарэі вазонаў і вазончыкаў. Затым уладкавалі вянкі. Наклалі яшчэ і кветак.
Не раней і не пазней, дакладна ў той момант, калі было трэба, з'явіўся і старшыня калгаса — энергічны кірпаты хлапец у лёгкай куртачцы з бліскучымі замкамі на грудзях, кішэнях і рукавах ды з такім медзяным ад загару тварам, ілбом, шыяй і вушамі, бытта прыляцеў толькі што з Каўказа.
Усе адразу прыціхлі.
Старшыня дзелавітым позіркам акінуў усіх, хто сабраўся. Учэпістымі вачыма апёк непрыязна Лаўрэнавых сыноў ды не без варожай цікавасці з ног да галавы агледзеў захутаных у чорныя шаляновачкі нявестак. Затым кіўнуў загадчыку клуба, каб выключыў жалобны марш. I адкрыў грамадзянскую паніхіду.
Энергічны малады чалавек пачаў адразу выкладваць усё пра нябожчыка. Гаварыў старшыня без ніякіх паперак, коратка і звонка. Яго словы былі вельмі простыя, непадроблена шчырыя і цёплыя, ад чаго ў клубе зрабілася абсалютная цішыня. Паступова замерлі нават без руху малыя, а ўдзячныя вяскоўцы ледзьве ўжо стрымлівалі хваляванне — нібыта гаварылася пра іх саміх.
Пад канец прамовы загарэлы хлапец нізка пакланіўся труне ды сказаў:
Бывайце, шаноўны дзядзька Лаўрэн! Бывайце, працавіты, сумленны ды сціплы грамадзянін — чалавек з вялікай літары — адзін з тых, залатымі рукамі каторых абноўлена прынёманская зямля і нашая вёска! Усё-ўсенько вакол зробленае створана не абы-якімі намаганнямі вашага шчодрага сэрца, загартаваных нерваў і мужыцкай упартасці, мноствам вашага поту, мазалёў і цярпення! Дзякуем вам, дзядзьку Лаўрэне, за ўсё гэта! Людзі вас, дарагі Лаўрэн Яфімавіч, памятаць будуць ды насіць у сэрцах сваіх! На вашым прыкладзе мацяркі дзяцей будуць выхоўваць, і доўга-доўга, пакуль Зялёная Даліна стаяцьме каля Нёмана, красавацца будзе і плён вашай работы! Ад усіх нас тут сабраных, а таксама і ад тых, хто яшчэ вас добра памятае, хто вам многім абавязаны і шануе вас, але не змог, на жаль, сюды прыйсці сам і выказацца,— нізкі-нізкі вам паклон і ўшанаванне, а родная зямелька хай будзе для вас заўсёды пухам!
Амаль тое самае гаварылі парторг і загадчык фермы. Летам — буракаводка, а зараз — даярка, жонка лайдака Алёшкі, празванага на вёсцы двайной мянушкай — «Амэрыканец» і, па цане «чарніла» — «Рубдваццаць», за ім, пачала:
— Цяжкая, неміласэрная, гарбатая была ўся нашая жызня! У вечнай рабоце, у вечных клопатах, у вечных турботах і беганіне, як правільно ўжэ сказаў тут наш старшыня! Ох, і смылела нам спіна, Лаўрэне, ты сам пра гэто добро ведаеш! Смылела і балела, а мы ўсё тыралі, тыралі і тыралі!.. Ох, і тыралі, як праклятыя!.. I дзякуй табе, што ты нам надто... Што, вядомо, не так, бы некаторыя... Бы мой п'яніца, які з самаго ранку ўжэ адно і думае, каб дзе... Каб з кім... Каб што-небудзь дзе... Добро было і Нінцы тваёй за такім мужыком, бо за густым кустом і трава зелянейшая!.. Твая кабета і магла быць такой, бо ты, Лаўрэне, ёй... Бо яна заўша за табой, чалавекам, як за камен-най сцяной... Бо не так, як іншыя — часам з квасам, а парой — з бядой...
Расцвеленая старшынёй і ўспамінамі жанчына нагадала, як з нябожчыкавай Нінкай палола буракі, як Лаўрэн бярог жонку, як Нінка не лічыла гэта нават вартым увагі, як яна зайздросціла напарніцы, як хваліла чалавека і будзе хваліць, як зайздросцілі Нінцы зялёнадалінскія бабы...
Читать дальше