Недзе спяваў на ўсё горла Франак:
З кобетамі велька бе-да-а,
Леч без ко-обет
Жыць сень не да-а,—
Ой, да-на, ой-да!..
Расплюшчыў Лаўрэн вочы ды са здзіўленнем убачыў сябе ў Марысінай велькай хаце на раскладанцы. Раскладанка новенькая — блішчыць цьмяна алюміній. Матрац таксама новенькі, паласаты. Над ім яскрава, аж да рэзі ў вачах, свяціла лямпачка без абажура. Знізу, зверху і з бакоў грэла прыемнае ды ласкавае цяпло, бо коўдра, прасцірадла ў сваячкі, як і ў яго Нінкі, нявесткі,— дабротныя, а навалочка — белая-белая.
Адчуваў бы сябе Лаўрэн так прыемна, бы ў раі, калі б не мучыла якаясьці трывога.
«Ад чаго ў мяне так?» — насцярожыўся ўвесь ён ды выразна пачуў за дашчанай сценкай мужчынскія галасы. Пазнаў і пляменнікаў голас. Сваяк ужо не спяваў.
— ...Вядомо, Рыгор быў выпіўшы, і я прызнаю гэто, хібо — не? Ну і што з таго, хібо не можно кожнаму чалавеку выпіць? А хто цяпер не п'е, падумай сам?! Не п'е толькі якая-небудзь апошняя здэхля!— пераконваў кагосьці Франак.
Чалавек згаджаўся, і пляменнік працягваў:
— Ну, Рыгор прыйшоў дамоў п'яны, прызнаю. А яго баба што робіць? Прапірае з хаты, разумееш? I калі ўздумала, зараза, прапі-раць? Зімой, у саму халадзіну! Шчэ й на ноч! Рыгору — крыўдно, як па-твойму? Вядомо! А хібо не было б крыўдно табе ці нават і мне на яго месцы? Таксамо халера брала б і кошкі шкраблі б — напэўно шкраблі б! I што робіць Рыгор? На падворку хапае кол, падлятае к дому і калом — па вокнах, па вокнах, па вокнах!..
Хвіліну за сценкай панавала цішыня. Затым:
— Уяўляеш, усе пяць рамаў так і высадзіў! З шыбамі, вядомо! Сагнаў чалавек злосць, не? Сагнаў і нават — файно сагнаў! А ці не законно? Законно — і ты скажаш, і — я, і — ён! А яго заразная баба што робіць? Па міліцыю ды — у суд падаваць! А якія цяпер суды, ведаеш сам, пераконваць цябе не трэ! Суддзі, вядомо, адразу на яе бок сталі — бачыш, дзеці малыя, хворыя! Рыгор зрабіў гэто, маўляў, ужэ не першы раз, тое-другое-трэцяе, і яму адразу, не падумаўшы нават —дзесяць гадоў уляпілі! Як лёду! Дзе-есяць, ра-зу-ме-е-еш? Здурнець зусім можно з-за таго, што цяпер гэтыя суды вычаўпляюць! Рыгор з турмы выйдзе сівым і бяззубым дзедам! Тады яго нават дзеці родныя, якіх ён на свет пусціў, і то пе пазнаюць! I не прызнаюць — каму будзе тады патрэбен, га? Ці справядліво ўсё гэто, я цябе пытаюса, Стасек, га? Справядліво, скажы? Не-е, ты не віляй, а па-чэснаму мне адкажы тут!.. У Старых Песках шафёр чалавека коламі раздавіў — як блін размазаў па асфальце — і толькі пяць гадоў атрымаў, а тут за што столькі, я цябе пытаюса! За адныя вокны — у два разы болей! То лепш ужэ чалавека забіць! Праўду я кажу ці — не, як па-твойму, га? А ты не віляй і кажы мне па-чэснаму!..
Што гэты гіцаль там вярзе? Дзе тая Марыся, чаму свайму абармоту вушэй не надзярэ добра? Яна ж баба, здаецца, справядлівая, як такое можа цярпець?!.
За столькі гадоў чамусьці адно цяпер так выразна Лаўрэн успомніў маці. Які людскі з яе быў чалавек, якая была цярплівая і мудрая! Як яе ён слухаўся, бо мацерын папрок і пахвала ніколі не залежалі ад яе настрою. Такую ж справядлівасць і людскасць прывівала і яму, Лаўрэну, бо кабета ведала, што гэта якраз даросламу чалавеку будзе патрэбным, як прытулак і хлеб. Дый Марысіны бацькі, здаецца, такімі самымі былі, як яго маці, як усе астатнія старэйшыя зялёнадалінцы. Чаму ж Марыся, чаму і ён з Нінкай не змаглі сваім дзецям прывіць тое самае?
Што некаторыя маладыя цяпер вычаўпляюць? Адкуль яны такія ўзяліся?!
Што з іх будзе? Як ужывуцца яны паміж людзей? Як дзяцей гадавацімуць?!
Аднак і гэта ўсё — сон.
Ух, як добра, што размова гіцляватага Франака толькі прысні-лася. Лаўрэну адно здалося, што ў Марысі ляжыць у велькай хаце. Чаго ў гэтай бязногай калекі ён не бачыў? Нянькай ёй быць і не збіраецца — хай сын даглядае.
Грэе плечы і бакі — на Кірынай раскладанцы. Толькі ж дзіва, калі ён трапіў да Уладзіка на кватэру зноў? Ён жа выразна памятаў, як прысеў у Зялёнай Даліне на камень, як зрабілася халаднавата, а болей — нічога!
Мабыць, сыны прывезлі яго сюды «Жыгулямі» ды паклалі клапатліва на заўсёдашняе месца і — ляжы сабе, бацьку, адпачывай, ты таго ў нас варты, мы цябе шануем. А не памятае нічога, бо соннага везлі.
Унь, чуваць выразна, як унучка ў пакоі, дзе Уладзікаў каляровы тэлевізар, зубрыць вершык. Маладзенькі і далікатны, як у анёла, галасок яе цвярдзіць:
Слава миру на земле!
Слава хлебу на столе!
Вот он, хлебушек душистый,
Вот он, теплый, золотистый!
— Ты, Ігар, куды?
Читать дальше