Зямляк нават не азірнуўся.
РАЗБЭРСАНАЯ БУСЛЯНКА I АПТЫМІСТКА-СВАЯЧНІЦА З ЯЕ БЕДАМІ
1
Тупаў Лаўрэн ад сельсавета, а ўсёй сваёй патыліцай адчуваў, як з вокан і з-над платоў сочаць за ім цікаўныя вяскоўцы ды штосці пра яго пляткараць. Ох, і не любіў ён людскіх вачэй ды гэтых абгавораў! Але што зробіш — за куст цяпер схаваешся, як ліса пад барану, а язык людзям не завяжаш.
Чорт іх бяры, хай сабе падглядваюць, хай брэшуць, толькі яго не чапаюць.
Нарэшце прыбыў на месца. Толькі ж, дзіва, да жонкі яму ўжо як бы і расхацелася ісці. Гэта там, у горадзе, не раз і не два марыў -— дабярэцца сюды, упадзе на родную магілку ды пачне раўці на ўсю ваколіцу. Цяпер нават не разумеў, як магло ў ім такое жаданне і ўзнікнуць.
Сам сябе апраўдаў:
«А чаго на тых могілках ты не бачыў, чалавеча? Шчэ ж не прайшло і паўгода, як тут бываў. За гэткі кароткі час нічого там не магло змяніцца, а гэтым Нінку не ўваскрасіш — рэшткі цела яе даўно кормяць раслінак ды чарвячкоў. I стыласць там — большая, чым у склепе, ды лютая халадзіна. Скарынка мёрзлай зямлі труну грунтоўна заскляпіла, зверху мокрым снегам добра прываліла, а цябе туды чаго панясе?»
Абмінуўшы могілкі, Лаўрэн выйшаў на поле.
Справа перад ім буйна зарунела жыта. Адтуль дыхала паветрам, прасякнутым прэснай вільгаццю. На шчодра ўскормленай тлустай глебе рунь вымахала ледзь не да калена. Вымытыя лісты ад сакавітай і цёмнай зеляніны аж сінелі. Шкадуй не шкадуй, а гэтую ўрадлівую зялёную траву неўзабаве накрые снегам, і яна ўшчэнт збуцвее, каб пасля зімы прабіцца каласкамі. Жыта абяцала зноў не менш паўсотні цэнтнераў з гектара, і ў Лаўрэна міжволі думкі на момант спыніліся на маленькіх зярнятках, якія заўсёды спалучаліся з вялікім зернем жыцця — Чалавекам і яго доляй.
З левага боку — за доўгім і магутным валумом — чарнела ўзараная пасля цукровых буракоў ралля. Лаўрэн намерыўся падысці да знаёмага каменя, каб прысесці і даць нагам адпачынак, але ўбачыў — перад ім у баразне блішчаць лужы. Адразу ўявіў сабе, як боты яго аж па халявы правальваюцца ў ваду, як яго засмоктвае гразь, і туды ісці не рызыкнуў.
На памяць чамусьці прыйшло, што кожны новы зялёнадалінскі старшыня, прыняўшы калгас, пачынаў сваю службу з таго, што абавязкова прыязджаў сюды ды прыкідваў — як ачысціць палетак ад перашкоды для машын. Зробіць, бывала, дакладны абмер каменя, прыкіне ва ўме яго кубатуру, вылічыць вагу і зноў пераканаецца, што ніякая яму вядомая тэхніка аграмадзіны не зрушыць нават з месца. Што рабіць? — ламае галаву чалавек. Пасылаць сюды падрыўнікоў з аманалам? Шкада гробіць такога прыгажуна...
Канчалася тым, што кожны старшыня толькі ўздыхаў ды і пакідаў камень у спакоі. Ад такіх успамінаў Лаўрэн нават хітра ўсміхнуўся. Стаяў доўга і глядзеў.
Трактарысты бурачнае поле плугамі не пагрэйзалі, узаралі не абы чорным паверх, а з любоўю да зямлі: на адпаведную глыбіню і як пад лінеечку — баразёнка ў баразёнку. Усім сваім мужыцкім нутром Лаўрэн адчуў, як і на гэтым палетку добра ўгноена ды выраблена зямля. Плённая, вялікая праца вяршылася якраз у ёй. Цяпер гэтая зямля — бы разведзенае ў дзяжы цеста з першагатунковай мукі перад калядамі — брыняла і дыхала, жыла і бруіла, з-за чаго мільярды бязгучных сняжынак, ледзь далятаючы да яе, імгненна раставалі. Над полем узнімаўся лёгкі і прыемны парок, бытта пасля цёплага дожджыку летам на лузе лёгка дыміць ён над каровамі.
Ці з-за таго, што Лаўрэн аж пяць месяцаў жыў на паркеце ды кожныя чатыры дні прымаў ванну, ці па іншай прычыне, толькі хутар цяпер уражання на яго не зрабіў.
Не было на што глядзець.
Голыя ліпы з разлезлым бусліным гняздом. Пацямнелая ад моху дахоўка з недарэчным надпісам «1935», які з жоўтага за гады стаў цёмна-карычневым. З коміна курыўся ляніва дымок. Заядла брахаў чужым голасам сабака. Лазілі стракатыя куры. Хтосьці з вядром ішоў да хлява...
Дом, ліпы, плот, хлеўчыкі — хутар як хутар, якіх над Нёманам — сотні. Пра тое, колькі там было перажыта ім са сваімі, бытта — ні слядочка.
Чамусьці ўпершыню Лаўрэн убачыў, што яго драўляная хата складзена з крывога бярвення, і ўспомніў — на першагатунковае дрэва не хапіла грошай: ляснік Шмігельскі, вядома, быў лайдаком, але сачыў строга, што мужык вязе з лесу. Зараз не мог зразумець — чаму сцен хоць не ашаляваў? I часу меў дастаткова, і шалёўка знайшлася б!.. Дом здаўся старым, прымітыўным ды аслізлым ад вільгаці з расталага снегу ды старой гнілі. Усёй сваёй спіной, усім целам ад пят да галавы выразна адчуў, як зараз стыне там халадзіна і сырасць — на кухні, у баковачцы, у вялікай хаце, у сенях і свірне. Што тыя печы — палі ў іх не палі, а хата яго так і будзе зімаваць, поўная сырасці і халадзіны. Да сярэдзіны вясны так працягнецца, да самага вялікадня...
Читать дальше