— Усё-ўсё ведаў, не думай, што я — дурны!.. Здагадуваюса, чаму да мяне набэчаны заўсёды быў і такі анаровы. Як Савоську паставілі старшынёй — я з калхоза ўцёк. Бо многія так зрабілі тады, Лаўрэне. I скажу табе — час паршывы надто быў. Прайдзісветы атрымалі тады раздолле на вёсцы, і людзі ратаваліса, як хто мог. Але ж пры чым тут я? Чапляешса невядомо чаго!
Як бы атрымаўшы дыханне, Крапак пачаў выкладваць з сябе з новай энергіяй:
— Во кіраўнічок быў! Зойдзе на ферму і да бабаў: «Што, доім?» — «Доім, Віктар Цімафеевіч!» — кажуць тыя. Ён: «Дойце, дойце!» — I тупае ў магазін. Там да дзяўчыны: «Што, гандлюем? То гандлюй, гандлюй!..» Цэлы дзень боўтаецца, бывало, так! I не доўжыласа яму нават! Альбо браў дубальтоўку, паўлітэрку і — на пойму да вечара качак вартаваць!
Ён аж адступіў, уражаны ўспамінамі. Паўзіраўся на земляка цяпер жахлівымі вачыма:
— А раз, калі мы архавалі збожжа, зачыніў нас у гумне на ключ да самюткай ночы, і хто адважнейшы, праз выбітую дошку ў шчыце ўцякалі!
— Бо так і архавалі вы там! Ведаю вас! Кралі больш, таму і замыкаў! — не вытрываў Лаўрэн.
— О-ой, кра-алі, а ё-о, маё-о, што праўда, то праўда! Бывало, зарухуеш, загорнеш ячмень пірагом ды — хутчэй насыпаць яго сабе ў штаны і пад кашулю, добро падперазаўшыса! Насыплеш і — як калода станеш!
— Во-во! Ад гэтаго надто сыты зробішса? Ад крадзенаго не пасыцееш.
— Тады было не да жыру — быць бы жыву! Што, Лаўрэне, людзям было рабіць? Існаваць неяк мусово ды дзяцей карміць і — не святым духам! Якая была карысць з тых галачак, што брыгадзір ставіў табе ў працадзень?
Нябось калі ты старшынствуваў, красці, акрамя Амэрыканца, ніхто не думаў і з калгаса не беглі. А то ўбачылі, што ідзе ўсё цераз пень-калоду, так і пачалоса! Адвеку, калі дзе што бязхознае ляжало, мужык браў, і лічыласа — па-гаспадарску гэто! Але во, скажы ты, Савоська шчэ і ў перадавых слыў! Як газеты яго хвалілі, радзіво! Бо заўша першым планы выконваў! Помнім з табой, як гэтаго дабіваўса, добро помнім! Дзе трэ пару коней да малатарні — ставіў шэсць. Замест васьмі чалавек да машыны прыганяў — дваццаць! Людзі таўкуцца, перашкаджаюць адны адным — душаць семярых аднаго пеўня! А тады было гэтак — хоць ты ўсё астатняе збожжа згнаіў, вераб'ям скарміў ці пад снегам пакінуў на полі, не адклаўшы нават на семя, але калі першы здаў нарыхтоўку, ты — герой: цябе і газеты распішуць, і радзіво расхваліць, і начальство, і ордэн самы велькі атрымаеш!
«Тут ты, чалавеча, маеш рэхт,— захацелася Лаўрэну дадаць.— Бо такія Савоські і не зацікаўленыя былі ў добрым ураджаі — абы хапіло на здачу нарыхтоўкі! Калі яму казаў я — а чым будзем карміць быдло, Віктар Цімафеевіч, ён бяспечна заяўляў: «З раёна падкінуць, я ў іх на добрым шчату!»
Лаўрэн зноў стрымаў сябе і прамаўчаў.
— Пойдзем у канцы лета на старыцу касіць. Трава застарэла, пад касой звініць, як сталёвы дрот, і нікому да гэтаго дзела няма!.. О-ой, быў дурны час! Тады і налогі плацілі, падумай — ад яблыні. Памятаеш, як па вёсках сады высякалі? У Зялёнай Даліне ўцалеў мо толькі — твой, Кавальцоў ды шчэ два-тры садкі! Камісіі з настаўнікаў, медыкаў, фінагентаў хадзілі ды ў хлявы праз шчыліны зазіралі! Глядзелі, ці е там другі падсвінак, кароўка, каб цябе такім податкам кропнуць, каб ты адразу жывёліну ў мясакамбінат здаў!..
Зміцер напомніў Лаўрэну страшныя дні і растрывожыў душу канчаткова. Крыўда на тое, як з ім абышліся, чалавеку не давала гутарку падтрымаць. Ды і гаварыў бы пра тыя жахі Макар, Касцевіч Міша, Шпак Васіль ці хто іншы. Зміцера ж тады ні сумленне надта не грызла, ні вялікая бяда не спаткала. А цяпер, бачыш, адумаўся, спачувае...
Лаўрэн пакік галавой і маўчаў. А Крапака — бытта яшчэ раз завялі:
— Памятаеш, Савоська на выгляд быў нават салідны — з лысін-кай, бялявы, гладкі і поўны. Язык меў падвешаны, але — от праўду людзі кажуць, што не ў тым дзело, што кабыла бела, а ў тым — што не цягне! Аж такія фокусы вырабляў, той гіцаль з гіцляў! Такія нумары выкідваў, а ёо-о, маё-о!
— Жулікам быў.
— Што-о ты, шчэ й які! У-ух, махіна-атар! Паслухай! Аднаго разу сяджу ў праўленні. Бухгалтарка прынесла яму нейкую паперу падпіс-ваць, а настаўнік — за нечым сваім. Савоська паперу прачытаў, перачытаў яшчэ раз ды павучае бухгалтара: «Парамонаўна, зарубі сабе на носе — дзе стаіць «а», там ставяць коску. Толькі забыўса, ста-вяць яе перад «а» ці — пасля. Крапак, ты ведаеш? То падскажы!» Настаўнік стрымлівае смех, а я перапалохаўса і думаю — халера цябе ведае, што адказаць табе. Але тут пазванілі. Савоська адразу пра нас забыўса. Як пачаў брахаць у трубку, сколькі ў нас выкапана бульбы, які чакаецца ўраджай цукровых буракоў, мы з настаўнікам аж ахнулі! А гісторыю з грыбамі, з-за якой і пагарэў, памятаеш? Пахваліўса прадстаўніку з вобласці — дамачцы нейкай з радзікюльчыкам,— што засеяў пяць гектараў баравікамі, тры — рыжыкамі і адзін — лісічкамі, што брыгада бондараў рыхтуе бочкі, у іх грыбы восенню засоліць ды павязе ў Гродна на рынак, каб калгас меў гатоўку. Узрадаваная дамачка хутчэй вярнулася ў вобласць і такую навіну — у газету!
Читать дальше