Лаўрэн паспеў узяць сябе ў рукі. Яму ўжо надта не цярпелася. Ён сабраўся ісці і рашуча пераступіў з нагі на нагу. Але Зміцер усё не здаваўся.
— Калі потым пагарэў, прывезла яго начальства сватаць старшынёй у мае Мянькі. На сходзе ўсё ішло добро, покуль кандыдат не выйшаў на трыбуны, каб расказаць народу біяграфію. Тады хтосьці з залы кінуў яму: «А-а, ты і е той Савоська, што ў Зялёнай Даліне грыбы гектарамі разводзіў?!.» Людзі — як грохнулі!.. Зрэшты, і сам пра ўсё тое добро ведаеш! Цярпець мне было тую камедыю? Ану яго пад халеру, і я драпануў!
Тут Лаўрэн і выбухнуў:
— Дак што, з-за якогось прайдзісвета пакідаць быдло, нашых коней, цэлую вёску, бацькоўскую зямлю на згіненне? Прайдзісветы прыходзілі і адыходзілі заўша!
— А я не вытрываў!.. Бо ўбачыў, што Савоська — арэшак не з нашай ляшчыны!
— Быў падзёншчык, як усе яны там. Быў — старшынёй, прысла-ным вёсцы з раёна. Атрымлівалі кожны месяц палучкі ды пазіралі на гадзіннікі. Так толькі калісьці ў паноў стараліса рабіць, на сонцо пазіраючы, але над імі эконам з бізуном стаяў. Людзі перасталі залежаць ад зямлі, а яна — ад людзей, сама па сабе етала. Хібо магло дабро з гэтаго палучыцца?
У разгубленай усмешцы Крапак паказаў свой чорны рот, дзе тырчалі рэдкія і прасмоленыя пні зубоў.
— А ты ўсё такі самы, ёо-о, маё-о! Ведаеш, Лаўрэне, я цябе заўсёды паважаў за гэто! Яй-богу, паважаў і паважаю! Ну і хара-актар, а-яй-яй-я-а-ай! Я за чаркай заўсёды сваім зяцям цвярджу пра гэто, а Хвядора мая ўнукам убівае ў галовы пра цябе!
— Убівай, убівай...
— Праўда! Што ж, я не такі ідэйны, як ты, як Васіль Шпакоў, як Кавальцоў Макар, Семярышына Нюрка!.. Толькі ж нават і вы не змаглі ўратаваць тых кароў ды коней, бо час, Лаўрэне, гіблы быў! Унь зара якія фермы, а-яй-яй! А якая вёска — паглядзі! Якая зямля?! I нічого з ёю не здарыласа — як цяпер на ёй усё расце! Ці маглі мы пра такое калісьці думаць нават? Самому пану Вішпінгу не сніласа атрымліваць такіх удояў ды ўраджаяў!
Але Лаўрэн ужо не помніў сябе:
— Ты далажыўса да гэтых фермаў і палеткаў? Ты ноччу прабіраў-са ў стайні з намі і падкормліваў коней, каб не акалелі? Ты са сваёй Хвядорай з хаты насіў цялятам пойло, аднімаючы ў родных дзяцей малако? Ты скакаў трактарыстам да мордаў, каб палеткі пырэем не замуроўвало? Ты і тады байкі свае трэліў ды вынюхваў, дзе б пракантавацца да смачно з'есці!
— Я ж і прызнаю гэто часткова, Лаўрэн!..
I тут Крапак убачыў, што зямляк і адной хвіліны цярпець больш не можа, што не ўтрымае яго нікая сіла. Пастараўся ўжо сказаць як найбольш памяркоўна:
— Ну, то каго паклічаш яшчэ ў сталоўку — зара накажу ім, бо маю праз каго. Аднаго ўнука пашлю ў гэты, другога — у іншы канец вёскі...
Лаўрэн рашуча ўтаптаў цыгарэту ў мокры снег.
— Хібо што, Змітрук, іншым разам.
— Давай, давай, кажы!
«Не мыдляйса, бо голеным не будзеш!» — ледзь не кінуў яму Лаўрэн. Але стрымаўся.
— Не! Цяпер мне ўжэ трэ ісці — і так забавіўса з табой надто доўго. Прыехаў сюды, Зміцер, на якую гадзіну, бо дзень цяпер кароткі, а ноччу валачыса назад неахвота.
Лаўрэн патупаў у бок могілак.
— І ўсё-о?! А ёо-о, маё-о!..— расчараваны чалавек аж не паверыў сваім вачам.
Маркевіч пад нос сабе мармытаў:
— Га, без яго і вераб'і не паснедаюць!.. I сюды хоча ўбіцца!.. I праўду кажуць — з якой лысінай жарабя нарадзіласа, з такой ужэ і здохне — капут! Мяне зяцям сваім хваліць, а яго Хвядора — унукам расхвальвае, таму радуйса ды вядзі яго хутчэй на частаванне! А як жа — павяду! «Афэрма» з яго быў і «афэрмай» застаўса!.. Шпакоў Васіль, Нюрка Семярышына, нават Мірон, во, памерлі, а гэты, глядзі, крэнтам-вэнтам жыў і ўсё ашчэ цьміць на свеце!..
Яго разабрала злосць. Лаўрэн азірнуўся — каму б сказаць самае галоўнае. Нікога не было, і ён загаварыў поўным голасам:
— Ну і што, калі Амэрыканец прадаваў, а ты нікого не прадаваў?! А галаву ты з-за каго-небудзь падстаўляў, скажы, падстаўляў? Маўчы-ыш, ага-а!
Некрыўдлівы і незлапомны Зміцер земляку ў гэты момант крычаў уздагон:
— То я да вечара сядзеціму дома ля акна — таго, што ад вуліцы! Калі надумаеш адзначыцца, то каго-небудзь за мной пашлі з малых. Перапынак у сталоўцы — з трох да чатырох, але Бася мяне з табой пусціць праз чорны ход, па-сваякоўску, таму туды лепш і заглядваць — у перапынак, калі сталоўка зусім пустая!
Праз хвіліну:
— А нашаго Макара пахавалі ад ракі справа, дыхт ля магілак байцоў! Нюрку Семярышыну будзе табе лягчэй знайсці — на мармуро-вым помніку стаіць галава белая, як у анёла, здалёк віднеецца! Дзеці аж чатыры тысячы за яго ўвалілі ў Друскеніках! Але надто файны атрымаўса — ты прыглядзіса, калі Нінцы збіраешса фундаваць, лепшаго і не прыдумаеш!
Читать дальше