Чорная, як галавешка, прымакова галава затрэслася ад кашлю.
— О-ой, замучыў ён мяне!.. Ну, здаецца, прайшоў!.. Разумееш, як толькі хлябну дыму, так і пачынае... Ладно, пагаворым пра цябе зара. Скажу табе, раско-ошно жывеш, бы калісь — паш Вішпінг! Не-е, з усяго нашаго вывадка, Лаўрэн, пашанцавало аднаму табе! Пра гэто я цвярдзіў, цвярджу і буду ўсім заўсёды цвярдзіць — каб невядомо што ты тут мне гаварыў!
Маркевіч пачаў ужо злавацца:
— Ай, чаго табе, Зміцер, плакацца? Жонку маеш, і яна ў цябе, як мур, здаровая, шчэ сам прызнаеш — узяўшы за рогі, і быку шыю зверне! Столькі ты дачок нагадаваў, сем ці восем унукаў! А шчэ займеў чатыры зяці, як дубы!..
— Ы-ы-ы-ых, ты пра што-о, Лаўрэ-эн?! — Крапак узняў на яго маршчыністы, з адубелай, як старая халява, скурай твар, а шэрыя вочкі ўзглянулі на земляка са шчырай крыўдай.— А ё-о, маё-о, ці ты сляпы, ці ніц не хочаш бачыць і разумець?!
Зміцер разгарнуў ботамі разлезлы снег, стаў на цвёрдую зямлю, збіраючыся грунтоўна ўсё выладаваць земляку.
— Пра жонку — ніц не скажу. Толькі яна мяне і шкадуе. I то, халера, не заўсёды. А дочкі — дай ты веры, як грызуць і грызуць! Адно паслухай. «Зосі яе родны бацько восем тысяч на машыну адваліў!» — вытыкае мне адна ды чакае, што ёй адкажу. Другая кідаецца прыскам у вочы: «Нават Лілін айчым падчарыцы пуцёўку ў Італію зафундаваў, а мне родны татко і кааператыву не выб'е! Трэцяя дзярэ ляпу: «Вы мне ў пасаг нічого не далі з мацерай — выпхнулі сірату, быле хутчэй з хаты, у мяне нават людскай дублёнкі няма!» Чацвёртая звэнгае штось сваё! А што ты ім цяпер — грымака дасі, як калісь? Дарослыя кабылы! Мая кабета, замест таго каб заткнуць ім гагаўкі ды сказаць — соплі сабе падвяжыце раней, чым на старого ды згараванаго бацьку, які вас на свет пусціў і выгадаваў, нападаць,— ведаеш? Шчэ і расцвельвае іх! Дый аб чым тут гаварыць? Каб гэтыя эгаісткі бацьку нават рэзалі, яна іх падолам закрыла б, а ёо-о, маёо-о! А чатыры зяці, пра якіх ты кажаш — бы дубы,— маўчаць, бы вады ў рот набраўшы, як адзін маўчаць! I выходзіць, Лаўрэне, я — бы той няшчасны, дальбо, жолудзь, што і сярод тых самых дубоў, і дрыжыць ды баіцца, каб свінні не з'елі.
Лаўрэн пакпіў:
— Ой, бедны ты, бедны!
— Бе-едны — аж пакалоўса! — ані крыху зямляк не пакрыўдзіў-ся. Толькі зноў зайшоўся ад сіплага кашлю.
— О-ох!.. Кха-кха-кха, халер-ра!.. Ху-у-у, прайшло, здаецца!.. Абскублі мяне, абабілі, Лаўрэне, бы таго пня пры самай дарозе, і што з гэтаго маю? Шыш з макам! У пустыні адзін праведнік зайшоў у пячору да львоў калісьці, толькі крыху пабыў з імі, то што ты думаеш? Пра яго ў кожнай Бібліі напісалі — праславілі на ўвесь свет ды ўпамінаюць цяпер тысячы людзей. А тут — от халера — чалавеку нават ніхто і не паспачувае!
— То шва-ах[ 54 54 Кепска (мясцовае).
], бачу, тваё дзело.
— Шва-ах, Лаўрэне, шва-ах! Адзіная палёгка на душы — каго не паслухаеш, усім дастаецца ад дзяцей, нявестак, зяцёў, унукаў ды цяперашніх надто разумных унучак па самюсенькія годзі, усе-ўсе трымаюць гэтак слязу на сэрцы!
Хвіліну падумаўшы:
— Хоць калі ўзяць з іншаго боку, то скажу табе, Лаўрэне, па шчырай праўдзе, дак і без гэтых чортавых дачок, якія б яны там ні былі ўрэдныя, без такіх зяцькоў і ўнукаў — могілкі, а не жызня. То лепш ужэ бываць на такім базары ды гэтак мэнчыцца дзень у дзень, чым — ТАМ тырчаць, дзе той магільны спакой. Успеецца шчэ і туды, праўду кажу? I выходзіць, толькі адзін ты ў Гродне зусім іначай улад-каваўса. Адно табе аднаму выпаў шанц шчэ на зямлі жыць у раі ці — камунізме.
Зміцер зноў з нехаванай зайздрасцю азірнуў Лаўрэна з ног да галавы.
— А ёо-о, маё-о, пан Вішпінг, дый годзе! I — выліты пан Вішпінг.
— Ат, калі табе так надто хочацца бачыць ва мне пана, хай буду Вішпінгам!
— Дай ты ве-еры, Лаўрэ-эн, ты ім і е-е! Ашчэ і сумняваешса? Ха! Па гары ходзіш ды сонца не бачыш, дальбо! Табе ж толькі птушынаго малака не хапае!
— То чаму жонцы помніка не паставіш, калі ўжэ так файно жывецца?
— Найвялікшы час, каб ты ўжэ са сваімі сынамі... Трэ, каб залатвіў і гэто... Ці мо крыўду носіш на сваю бабу за што?
— А-а, мабыць, з-за помніка і прыехаў — тады ўсё штымуе[ 55 55 Усё ў парадку (мясцовае).
]. Пара, браце, і даўно пара! Нінка ў вас помніка вартая ды шчэ і файнаго,— напэўно, вартая! Дый каго хочаш запытай — табе скажа тое самае!
Лаўрэн насупіўся.
3
Убачыўшы, што земляку не спадабалася размова пра жончын помкік, Зміцер тэму перамяніў:
— А як будзем адзначаць твой прыезд? Бо мы ж з табой — даўнія сябры! Другого такого кумпеля[ 56 56 Сябар (мясцовае).
], напэўно, няма ў цябе цяпер і ва ўсім свеце — паўміралі ўжэ!
Читать дальше