Ён паказаў замусоленыя сумкі ля ног.
— З такім унь ладункам, ці дасі ты веры,— па два, па тры і нават па чатыры пуды нараз — пруць мяне кажнюткі дзень ды пруць: то жонка, то дочкі ад адной да другой! Развожу ім пасылкі, як той фельдпаштавік на манеўрах пакеты генералам, і развожу! Месячныя білеты заўсёды бяру, шафёры мяне ведаюць і не правяраюць нават, бо я — дадатак да іхніх аўтобусаў!.. А думаеш, скарбы якія важу? Дзе ты бачыў! З вёскі пру сало, кумпякі, цыбулю, капусту ды нават — бульбу, а назад — людскія недаедкі свінням альбо — розныя абноскі! Не верыш? Каб я нават не ўстаў з гэтаго месца, калі хоць крыху бра-шу! Эх, прайшло нашае, праехало, шалёным калясом пракаціласа, і яно, зямляк, ужэ аніяк-ніяк не вернецца, хоць плач, хоць скач, а ё-о, маё-о!
Крапак зноў павярнуўся да пасажыраў. Задаволены, што слухачоў стала ў яго больш, загаварыў смялей:
— I от, халера, скажы ты, Лаўрэне, уродзе бы і паправіласа ўсё нашае на лепшае, а дабра — так і не відаць! Ну, успомнім давай з табой, як калісь жылі людзі — у маіх Мяньках на жоўтым пясочку ці хоць бы ў тваёй багацейшай Даліне Зялёнай з гліняным грунтам. Хварэлі як — адных сухотнікаў у вёсцы сколькі было, а ёо-о, маё-о! Бо слабымі людзі надто былі, а вядомо, на слабого каня то і мух болей сядае, шчэ тых розных мікробаў больш чапляецца! Мы з табой аб чым тады марылі? Каб ад пуза наесціса заціркі з белай мукі, на малацэ варанай, каб напхацца белых локшын ці напіцца ўдосталь тае ліманады з булкай! Бо ежа тады была для ўсіх адна, бы казаў наш Каб цябе люндра свіснула — Міша Касцевіч:
Бульба парана, пячона,
Бульба сёння, бульба ўчора.
Мой трыбух стаў — бы калода,
Дый без бульбы — няма ходу!
Бераставіцкія крамы забічкаваныя былі рознымі таварамі, і якіх толькі душа пажадала б — адно купляй! Калі ласка, бяры ўсяго хоць цэлымі вазамі! Але людзі не мелі купіла! А дзе тое купіло ты возьмеш? I запалкі на дзве палавінкі дзялілі! Напэўно, і зараз добро памятаеш — у кожнай скрыначцы было іх па сорак дзевяць — не меней, не болей! Якісьці мазур пад Варшавай прыдумаў спосаб дзяліць запалкі на чатыры часткі: аб гэтым у газетах напісалі, а нашых мужыкоў надта мучыла цікавасць — як гэто ён робіць?!
— Ого-о, якія мелі вы тады запалкі — ад палавінак, ад чацвярцінкі можна было нават прыкурыць! — пачуўся вясёлы голас маладога мужчыны з глыбіні аўтобуса.— То не так кепска вам жылося! Цяпер часамі — чацвёртая толькі загараецца!
У аўтобусе дружна зарагаталі.
Крапака не так лёгка было збіць з панталыку. Так і абрынуўся на маладога:
— Ага, паплач, паплач, што табе вельмі кепско жывецца! Нябось ты, бы мае зяці, зара бярэш іх адразу штук пяць ды чыркаеш па масцы! Бо скрыначка каштуе — адну капейку! А што цяпер — капейка? Ты ж і не нагнешса нават па яе, каб з зямлі падняць, бо маеш грошы! Цяпер вы ўсе ў масле купаецеса, бяды не ведаючы! А тады? Кнот у лямпе выкручвалі адно во столечкі, каб меней той газы выгарала! I не так мы, мужыкі, як нашыя бабы сляпілі вочы пад кудзелямі. Знясе, бывало, курыца яйко, хібо ж ты яго з'еў? А як жа — на свентыя мігды, што бываюць нігды! Хібо як хворы ляжаў, бо адно тады яго зварылі б табе! I то — зварылі б маладому, бо дзяцей, старых не было нават моды лячыць! Звычайна баба яшчэ цёпленькае яйка, просто з-пад курыцы, перла ў Бераставіцу прадаваць на соль, на кавалак мыдла, кухан ці пару дэкаў[ 50 50 Дэка — дзесяць грамаў (мясцовае).
] тае мончкі, як тады цукар называлі, хоць у Англіі гэтым самым цукрам свіней кармілі[ 51 51 Каб раздабыць валюту, урад буржуазнай Польшчы забесцэн вывозіў за мяжу цукар. Левыя газеты змяшчалі фатаграфіі, як англічане з мяшкоў польскі цукар высыпаюць у свіныя карыты і як жаруць яго тлустыя заморскія свінні, якія яны ад гэтага гладкія. Факт гэты — адна з прычын сялянскіх бунтаў.
]. А ці много стагналі мы тады, прызнайса, Лаўрэн? Ці плакаў хто з-за гэтаго? Дзе ты бачыў! Зашчаміўшы зубы, цярпелі ды жылі! Шчэ нават радуваліса! А як весяліліса — так дзісь мо і не ўмеюць! П'ескі маладыя ставілі, канцэрты наладжвалі, хоры і маёўкі! А любілі як адзін аднаго, ёо-о, маё-о!
Зміцер яшчэ раз павярнуўся да людзей і ўжо для іх нават пастукаў сябе ў грудзі кулаком:
— Каб я не ўстаў з гэтаго самаго месца, калі брашу! А зараз — а ё-о, маё-о! Тую самую булку з булкай хоць цалюткі дзень сабе лопай ды з раніцы да вечара ліманад у свой трыбух бухтуй, а локшынамі закусуй! I тыя запалкі адразу хоць па пяць штук чыркай ды глядзі сабе цілівізар, шчэ й каляровы, бо чорны табе ўжэ, бачыш, не падабаецца — фэкі стаў нам чорна-белы! I сам сабе часамі не даю веры — у мае Мянькі, глухую задрыпаную калісь вёсачку, зараз не чым-небудзь, а «Ікарусам», бы які касманаўт, егдзіш! А ты толькі падумай — чалавеку чагосьці шчэ ўсё не хапае! Хібо па радзіву пачуеш, што во цяпер жывеш шчасліво і радасно, бо сам сказаць, што аж гэтак табе добро жывецца, не адважышса. Ты не думаў, чаму гэто так, Лаўрэне, га?
Читать дальше