Рэгіна ў Налібоках партызаніла і неаднойчы заглядвала ноччу да Нінкі мяняць бялізну, набіраць харчоў. Пасля вайны за Пашку выйшла замуж і жыве ў Саратаве.
Апошні раз прыязджалі Кісляковыя дзеці, калі бацькам сельсавет адкрываў гэты помнік. А яшчэ — калі Лёніка, Пашку і Рэгіну выклікалі ў Скідэль сведкамі.
Судзілі тады Яна Ашурку. Злавілі гітлераўскага паслугача аж у Познані. Трымаў, гіцаль, майстэрню для легкавых машын, меў ладны дом і ўжо дарослых дзяцей.
Ад успамінаў Лаўрэн пранікся пашанай да Кіслякоў.
«Ото ж былі людзі! — паківаў сам сабе галавой.— I аднолькавыя — што Даніло, што Зінка! Цікаво, ці здольныя былі б на такое мой Уладзік з Паўлам, бо Кіра з Галінай — Зінінай нагі не вартыя нават!..»
5
За вялізнымі шыбамі прыкметна сутонела. Там даўно ўжо мільгалі першыя сосны, а на ростанях — слупы з надпісамі. Машына суцішыла ход, і шафёр аб'явіў у мікрафон:
— Дуб Партыза-ан! Хто прасіўса да яго?
— Ах, бо-ожа, а я тут загаварыласа з людзьмі і не гляджу, куды заехала! — запанікавала кабеціна.
— Спакойно, спакойно — ногі шчэ паломіце, цётку!..
Покуль бабуля выбіралася з аўтобуса, Лаўрэн пастараўся ў лясным паўзмроку разглядзець тое самае славутае дрэва.
А вось і яно — пры самай дарозе. Трохсотгадовы, расахаты, магутны дуб.
Пад канец лета 1943 года немцы аблажылі Шкленскі лес блакадай. На падмогу ім са Скідэля ў напрамку Рудні папаўзлі тры танкі. Бойкія танкісты сабе едуць, лючкі ад гарачыні паадкрываўшы, моцна пыляць гусеніцы, а на пярэднім — малады афіцэрык звесіў ногі ў чэрава «тыгра» ды грызе сабе бяспечна яблык.
I тут немец бачыць скрозь пыл — папярок дарогі перад ім тырчыць сук. Афіцэрык крыкнуў вадзіцелю збочыць, але той, мабыць, не пачуў каманды, бо танк няўмольна прэ наперад і прэ. Сук — і дзвюма пядзямі не абхапіць! Каб немчык выхапіў ногі з люка ды кубарам скаціўся ўсім корпусам з брані, мажліва, застаўся б жывым. Ды ён захацеў юркнуць назад у машыну, але зачапіўся планшэтачкай за край люка.
Сук так і распалавініў акупанта.
З той пары расахатае дрэва людзі называюць Партызанам. Нават прыпынак такі каля яго камля зрабілі ды апавядаюць ужо цэлыя байкі. Бытта бы з яго кроны партызаны падбілі аж дванаццаць танкаў, а з кулямётаў выкасілі тры батальёны пяхоты. Вядома, нямецкіх танкаў не шкада, як і салдат з тых батальёнаў, няхай сюды не перліся б, але ж гэто — байкі.
Яшчэ дрэва паслужыла зборным пунктам для тых, хто збіраўся ісці ў лес — вось і ўвесь подзвіг дуба.
I тут Лаўрэну нагадалася пытанне пуцалаватага Самойлы на сустрэчы з вучнямі ў школе.
«У партызаны, хлопчык, ішлі не таму, што хтосьці цябе тады заклікаў у выступленнях, хтосьці цябе выбіраў ці пасылаў. Ішлі не толькі каб помсціць. Сколькі ведаю такіх, у каго бацькі, браты, сёстры засталіся жывымі-здаровымі, а хаты — цэлымі, але і яны адправіліса ў лес на невыгоду, холад і голад ды нават склалі там галовы. Бо ў партызаны беглі гэтак, як дзісь некаторыя людзі кідаюцца гасіць пажар ці ратаваць з вады дзіця, самі не надта ўмеючы плаваць. Ісці ў лес ці не ісці, для іх гэтак было відочным, як дыхаць ці не дыхаць, красці ці не красці, рабіць камусьці подласць ці не рабіць. Без загаду сэрца ніхто на тую мэнку не паквапіўса б!»
Так вось, трымаючыся за перакладзіну, сам з сабою разважаў Лаўрэн. I тут яго перабілі.
ФЕЛЬДПАШТАВІК ЗМІЦЕР
1
З чэрава цёмнага салона раптам да яго нехта вельмі ўзрадавана закрычаў на цэлы аўтобус:
— Маркевіч, хай ты здаровы будзеш! Ёо-о, маё-о, няўжэ я нарэшце цябе бачу?!
Лаўрэн з вялікай неахвотай прызнаўся:
— Выходзіць...
Чалавек з салона дзівіцца не пераставаў:
— Ё-о-о, маё-о, ну ж і сустрэ-эча! А я ўсё гляджу з самого горада, а я ўсё гадаю, хто ж то высокі такім людарэзам стаіць па праходзе ў нашым аўтобусе! Людзі яго штурхаюць, усе яго тоўкаюць, а людарэз гэты то ўлево, то ўправо боўтаецца, а я ўсё пазнаю — ён ці не?! Аднак гэто — ты-ы! Ты-ы, Маркевіч, каб я не ўстаў з гэтаго месца!
— Але, я...
— Цяпер — і я бачу, можаш не прызнавацца. То — здароў!
— Ну, здрастуй і ты...
— Мусіць, на магілку да жонкі едзеш?
— Пара, браце, ой, даўно пара! Ты ж пасля таго, як прадаў хату, здаецца, больш да нас не прыягджаў і нават не паказуваўса, ці не так?
— Не прыягджаў...
— А я што кажу? Каб з'явўса хоць раз, напэўно, хто-небудзь мне сказаў бы! Як з'ехаў тады з вёскі, то — бытто вада яго ўнясла! Нарэшце аб'явіўса во!
Перад чалавекам міла вуркаталі — галоўка да галоўкі, пластма-савая завушнічка да пластмасавай завушкічкі — дзве дзяўчыны. Ён нахіліўся да крайняй ад праходу:
Читать дальше