— Прызнавайса, ездзіў?!.
Іван пачаў вырывацца, потым прасіць:
— Не збыткуй, мы ж дзяцьмі тады былі, што ты ўздумаў!
Паўтарак разлютаваў.
— Не падабаецца?.. Цурык!.. Зара шчэ не так зраблю! Я табе голаў у с... запіхну!
Валодзька зноў наляцеў на яго пеўнем, але зрабіць нічога так і не змог.
З жахам убачыўшы, што Іван ужо пасінеў і з рота ў яго пацякла кроў, Базыль шмыгнуў у хату, выхапіў з шафы дубальтоўку і праткнуў ствалом шыбіну.
— Ну, нягоднік, маліса! Амба табе!
Паўтарак павярнуў галаву, папярэдзіў:
— Кінь забаўляцца гэтым!
— Даўно-о я чакаў такого моманту!— узвёў Базыль куркі. — Бэбахі зара вы-ыпушчу!
Паўтарак схапіў паўпол Івана з Валодзькам:
— Страляй цяпер, ну!
— А-а, маладзец супроць авец, хаваешса за іх, збаяўсо, падло?!
— Хто, я-а?!
Бандыт братоў адпусціў.
Хлопцы разбегліся, а Паўтарак усім сваім анамалічным корпусам павярнуўся да акна, яшчэ нават узяўся ў бокі.
— Ну, паглядзім, які ты адважны! — прабубніў скрозь нерухомыя вусны.
Базыль і бабахнуў бандыту ў жывот адразу двума зарадамі.
Ахутаны белым дымком, Паўтарак прастагнаў:
— М-м, ты гэ-этак?..
Задыхаючыся ад болю падтрымліваючы акрываўленымі пальцамі вантробу, бандыт палез у хату.
— Я ўсё ваша гляздо-о спляжу! — шчэрыў ён пакрытыя ружовай пенкай зубы.— Усіх я вас зара!.. Цурык!.. Угробіць Паўтарака хочаце?
Прыкметна слабеючы, ён хрыпеў з бяздумнай лютасцю:
— Ні так лё-огко Паўтарака... Шчэ не нарадзіўсо такі герой, каб мяне... Я зара... Цурык!..
— Капут!— уздыхнуў Базыль.
У брамцы з'явіўся Вілі. Браты скочылі ў хату, падперлі дзверы дручком.
— Не страляйце, Аўхімюкі, ваша ўзяла! — кінуў братам сакольскі немец. Ён падышоў да цела, нагнуўся над мёртвым ужо галаваром і пляснуў яго па твары: — Гэта табе за тое, што так па-дурному папаўся. А цяпер давай развітаемся!..
Вілі нагнуўся, пацалаваў сябра ў вусны і пайшоў да брамкі, дзе яго чакала шайка.
2
Яшчэ ў той самы дзень Аўхімюкоў забралі на ўчастак у Крынкі, а ўсю акругу апанавала радасць.
Не помнячы сябе ад шчасця, багамолкі бегалі ад хаты да хаты і цвярдзілі:
— Ага, чулі? Усявышні паслухаўсо просьбы Альяша, выбавіў нас ад бяды!
— Звёў са свету гэтаго смока!
— То — знак божы!..
— Е-такі гасподзь на свеце, е-е, што б хто ні казаў!
— Дараваў нам грахі, ласку праявіў!
— Расчыніў гасподзь дарогу свайму чалавеку!
— Калі ўсявышні хоча, то яўляе цуд і зло пераўтвараецца ў дабро!
— Якое шчасце, што сярод нас божы выбраннік жыве!..
— Пабачыце, як цяпер нам добро пад яго апекай будзе. Так адно калісь бывало, калі святыя вадзіліса, жылі разам з простым народам!
— Гарадскія брахалі, бытто ўсё гэто — мана! Ткнуць бы іх цяпер носам!
— Ой, каб цяпер людзі хоць добро спаткалі Альяша з таго Кранштату!
— Мы ўсе на станцыю хльшем!
Піліпіха, Руселіха, Майсак пабралі ў Востраве царкоўныя харугвы, склікалі баб, мужыкоў, і натоўп адправіўся ў Гродна спатыкаць святога чалавека, што ўратаваў вёску ад пачвары. Людзі чакалі Альяша на вакзале трое сутак, а тады з песнямі ды малітвамі павялі яго ў Грыбоўшчыну.
3
Вестка пра тое, што Іаан Кранштацкі прызнаў гры-боўшчынскага прарока, абляцела неўзабаве вёскі. Багамолы здалёк прыходзілі і прыязджалі да Альяша, каб паўзірацца ўласнымі вачыма на «святую паперу» са знакамі самога цудатворца.
Людзі ў момант стварылі легенду.
— Пагаварыў Іаан цудатворац з нашым Альяшом, распытаў пра ўсё, пакланіўсо яму нізко, блаславіў на будаўніцтво храма дый аб'яўляе:
— Покуль мы тут з табой так файно гаварылі, Паўтарак у Грыбоўшчыне ўжэ і дух спуеціў, супакойса, Ілья!.. I не гневайса, але грошай ад цябе не прыму. Бо жыву я на вадзе і хлебе, многа не патрабую, нашто мне гэты завал? Як выйдзеш за Кранштат, так і аддай іх першаму чалавеку, каго напаткаеш!
Альяш гэтак і зрабіў. Трапіў яму салдат рыхтык. Хлапец надта ўзрадаваўся:
— Прыдаліса твае рублі, ойча, шчэ як прыдаліса!.. Гэто ж я растрату ў казне ўчыніў і тапіцца ў Фінскі заліў ішоў ужэ!..
Неўзабаве Іаан памёр. Багатыя на выдумку сяляне і гэтую падзею звязалі з Альяшом. Паліцэйскія чыны прыступілі якраз складваць пералік Іаанавай спадчыны, перапісвалі ўсе яго параходы, карэты, шубы, залатыя крыжы, сярэбраныя рэчы і тоўстыя пачкі асігнацый, а па вёсках пайшла гуляць казка.
Цудатворац на бяседзе ў Кранштаце Альяшу прызнаўся:
— Ілья, хутка, чую, усявышні мяне забярэ да сябе. На грэшнай зямлі месцо зоймеш ты, дарогу табе я аслабаніў. Ідзі і ўластвуй, дапамагай бедным людзям, змагайся з чортам, а на мае хаўтуры бог пакліча цябе з Гродна!
Читать дальше