Павярнуўшыся, Мірута таропка пайшла ў бок жытла вайдэлотак.
“Бог адзіны! І хай мяне даруе за тое, што зараз ўчыню!” – узрушана падумаў Светавар і, ускочыўшы на каня, хутка дагнаў на сцяжыне вайдэлотку, падхапіўшы яе, паклаў упоперак сядла...
На адпачынак нанач ліцвінская сотня спынілася пасярод лугу на пакатым пагорку. Былі разбіты захопленныя ў крыжакоў шатры і выстаўлена варта.
Неба на ўсходзе пачынала ўжо прабіваць бляклае перадсвітальнае марыва. Князь Светавар адплюшчыў вочы, ласкава пакасіў позірк на Міруту, якая ляжала поруч на мяккім подсціле, утыркнуўшыся пышнай галавой у ягонае аголенае плячо. Дзяўчына, да грудзей захінутая лёгкай паходнай коўдрай, таксама ўжо не спала. Позірк ейных задуменных воч адсутна прабягаў па шэраму шоўку шатра.
– Ну, і што цяпер са мной будзе, слаўны кунігас? – ціха мовіла яна, адчуўшы далікатны рух мускулістай рукі ваяра.– Я парушыла зарок, які давала нябесным багам. Цяпер мяне засунуць у мяшок разам з сабакамі і катамі і скінуць з высокага абрыву ў мора.
– Ты ніколі ўжо не вернешся ў сваё пасяленне. Па прыездзе у Трокі будзеш вялікай княгіняй. І потым, не па ўласнай волі ты апынулася ў мяне – я ж выкраў цябе, – мягка дакрануўся пальцамі Светавар да аголеных дзявочых плеч.
– Выкраў бы ты мяне, светлы кунігас, каб гэтага я сама тайна ў сэрцы не жадала, – ціха запярэчыла Мірута. – Мы вайдэлоткі, калі што, здольныя сябе абараніць…
Шолах ля шатра прымусіў маладых людзей спыніць размову.
– Светлы князь! Дазволь увайсці! – з'явілася ў прыаткрытым праёме шатра каранастая фігура сотніка Міхайлы.
– Слухаю цябе, – падаў голас Светавар.
– Прабач, добры князь, што вымушаны патрывожыць твой спакойны сон, – таропка прамовіў воін. – Але варта змеціла бліз нашага стана крыжакоў!
– Падымай, сотнік, стан. Усім воям неадкладны збор! – гучна загадаў князь Светавар і, па адыходзе памочніка, узняўся з подсцілу.
Ледзь ранішнія залацістыя промні сонца асвяцілі лог, ліцвінская сотня пры поўным узбраенні выстраілася ланцугом на пагорку. Князь Светавар пільна азірнуў наваколле. Усе бліжэйшыя подступы да іх стана займала ашчаціненая дзідамі і мячамі шматлікая крыжацкая конніца. Ліцвіны былі ўзятыя ў шчыльнае кальцо.
– Добрыя тры харугвы будзе, – прыкінуў на вока сілы праціўніка сотнік Міхайла, што сядзеў на рослым кані побач з правадыром. – Не вырвацца нам з іх моцных ціскоў!
– Схітрыў, крыжацкі камандор, – мовіў у роздуме князь Светавар. – Ля пасялення ўцёкі толькі паказаў. На самай жа справе пайшоў лісой за намі, выследзіў і акружыў у зручным месцы.
– Што ж рабіць будзем? – занепакоена спытаўся ў князя сотнік. – У адкрытым баі доўга нам не пратрымацца. Амаль у дзесяць разоў перавага ў мячах у крыжакоў. Накінуцца з усіх бакоў, змяшаюць нашы рады. Мо папросіш сваю госцю, – хітнуў ён галавой у бок вайдэлоткі, якая сядзела на белым кані непадалёк ад Светавара – Няхай сваімі заклёнамі яшчэ раз паспрабуе наслаць з неба на ворага вогненныя стрэлы.
Дзяўчына, падобна, пачула словы сотніка, бо спрытна спрыгнула з каня.
– Я паспрабую, – нягучна мовіла яна і, ступіўшы наперад, працягнула да неба свае вытанчаныя рукі.
З дзявочых вуснаў паляцелі ўжо знаёмыя князю Светавару ўмольныя словы да нябеснай багіні Ауштры і ейнага мужа Перуна. Вайдэлотка паўтарыла сваю шчырую просьбу двойчы, але нябёсы заставаліся раўнадушнымі да ейных гарачых прызываў. Аніякіх чорных хмараў, толькі рэдкія белыя аблокі паволі праплывалі па блакітнай нябеснай тканіне.
– Нябесныя багі больш не адклікаюцца на мае ўмольныя просьбы. – Павярнуўшыся да знатных ваяроў, сумна апусціла рукі вайдэлотка. – Я парушыла зарок нявіннасці і, як відаць, найсвятлейшая Ауштра за гэта пакрыўдавала на мяне.
– Што ж, – уздыхнуў князь Светавар, – будзем тады стаяць тут на пагорку і біцца з ворагам да апошняга воя. У палон да крыжакоў не пойдзем! Лепш смерць у баі, чым ганебнае рабства ў ворага! – рашуча дадаў ён і раптам ўбачыў, як, выхапіўшы меч з ножан воя, што дапамагаў Міруце сесці ў сядло, дзяўчына віхурай панеслася на крыжакоў.
– Hexe! Hexe! Sehen Sie, die Hexe![ 37 37 Ведзьма! Ведзьма! Глядзіце, Ведзьма! /ням./
]– данесся з нізіны перапалох нямецкіх райтараў.
– Усе за мной! – рашуча ўзняў меч князь Светавар і падсцябнуў наперад каня.
Ліцвінская сотня ўдарыла ў самое сэрца варожых радоў – туды, дзе стаяў пад значкамі і сцягамі сам доблесны крыжацкі камандор. Вораг не чакаў падобнага спрыту ад нешматлікага праціўніка. Ягоныя рады дрыгнулі, змяшаліся, падаліся ў бакі. І ліцвінам пасля кароткай жорсткай сутычкі з лівонцамі ўдалося прабіць сабе дарогу да выратавальнага лесу, што цямнеўся зялёнай палосай на даляглядзе. Сотнік Міхайла да таго ж заарканіў і паланіў варожага правадыра.
Читать дальше