– Пройдземся, – пагадзіўся Светавар і кіўнуў галавой у бок недалёкіх скал, за якімі схавалі нядаўна голыя вайдэлоткі.– А як жа сяброўкі?..
– Ды іх так напужаў слаўны кунігас сваім мужным выглядам, што яны даўно ўжо ўсе пахаваліся па сваім хатнім кутам! – весела ўсміхнулася вайдэлотка.
Яны паволі рушылі да стройных соснаў, якія красаваліся пышнымі зялёнымі шыпулькамі непадалёк ад мора. Услед за імі ціха пасунуўся і верны баявы конь ваяра.
– Мірута, – нягучна назвала сваё імя вайдэлотка, ледзь яны дасягнулі лясных стройных соснаў.
– Светавар, – коратка кінуў у адказ ваяр і пацікавіўся ў чароўнай спадарожніцы. – Не цяжка быць служкай пры капішчы Ауштры? Чуў дзесьці, што Ауштра вельмі свавольная і капрызная багіня. З ёй нават часта не можа справіцца сам наймагутны Пярун.
– Так, Ауштра лічыцца жонкай Пяркунаса. І сярод людзей ходзяць гаворкі, што яна як быццам здраджвае яму на нябёсах з Месяцам. Тады і злуе наймагутны Пяркунас і пасылае ў гневе свае страшныя маланкі на гаротную зямлю, – хутка адказала вайдэлотка.– Толькі я лічу наконт здрады Ауштры мужу гэта не больш чым злыя людскія наветы. Відаць, слаўны кунігас, сам не раз бачыў, як устае на золку ранішняя Ауштра! Якая яна светлая і чароўная! І які робіцца навакол яе чысцюткі і бялюткі свет! Ці можа такая нябесная прыгажосць мець злое і свавольнае сэрца? Нават ад нас, верных ёй вайдэлотак, насвятлейшая Ауштра патрабуе шчырасці, чысціні і цнатлівасці на ўсё зямное жыццё!
– Гэта значыць, вайдэлотка ніколі не выйдзе замуж і не будзе мець сям”і?– страпянуўся знатны ваяр.
– Робячыся служанкамі Ауштры, мы даём перад нябёсамі зарок нявіннасці, бо толькі цнатлівай вайдэлотцы можа адкрыць свае нябесныя таямніцы ранішняя зара! – хутка адказала дзяўчына.– У Троках, наколькі я ведаю, дзе палац слаўнага кунігаса, знаходзіцца капішча наймагутнага Пяркунаса. Але я чула быццам сам мужны ваяр зараз пакланяецца іншаму богу? – Запытальна зірнула яна на Светавара.
– Так, я прыняў веру Хрыстову, – нягучна адказаў той.
– Кунігас пакланяецца цяпер богу крыважэрных крыжакоў? – Бліснуў у светлых вачах дзяўчыны недаўменны агеньчык.
Глухія гукі, якія раптам данесліся з глубіні бору, прымусілі знатнага ваяра і маладую жрыцу насцярожыцца. Светавар жэстам рукі папрасіў чароўную спадарожніцу заставацца на месцы, сам жа асцярожна рушыў да лясной дарогі, адкуль ужо чуўся выразны конскі тупат. Неўзабаве ён вярнуўся да вайдэлоткі, шэптам мовіў:
– Крыжакі, лёгкія на ўспамін.
– Трэба папярэдзіць усіх у паселішчы, – ціха прапанавала Мірута.
Светавар згодна хітануў галавой і, падклікаўшы ціха каня, узгробся ў сядло. Працягнуўшы вайдэлотцы руку, ён дапамог ёй сесці за спінай...
Расставіўшы сваіх вояў уздоўж абарончага частаколу, князь Светавар разам са старэйшынай Кушнісам узышоў па лесвіцы на драўляную вежу, што ўзвышалася поруч з брамай. Змяркалася. Сонца на захадзе села, пакідаючы на марскім люстэрку далёкія ружовыя водблескі. На ўсходзе ж перад пасяленнем амаль усю бачную прастору займаў вораг. Крыжакі, акружыўшы свой стан павозкамі, запальвалі побач з шэрымі шатрамі нанач вогнішчы.
– Здаецца наклікалі мы на ваш гасцінны дом бяду, – вінавата мовіў старэйшыне князь Светавар, пільна аглядаючы з вежы варожы лагер.
– Ды не тужыся аб гэтым моцна, добры кунігас, – вымавіў ў родуме сівы правадыр жамойтаў.– Ты ж адразу па прыезду да нас папярэдзіў, што за вамі ідуць следам крыжакі. Ноччу, падобна, яны не збіраюцца рабіць на нашыя ўмацаванні напад. Раніцой жа прыкінем, як ад іх адбіцца. – Павярнуўшыся, старэйшына пачаў няспешна спускацца па лесвіцы з вежы.
Светавар яшчэ раз уважліва азірнуў варожы стан. Атрад крыжакаў, які стаяў перад пасяленнем, налічваў больш за тысячу мячоў. Што яны змогуць заўтра ім супрацьпаставіць? Дзве сотні вояў разам з мясцовымі жыхарамі? І нетрывалае ўмацаванне ў выглядзе драўлянага частаколу? Тады чаму твар мудрага мясцовага правадыра колькі імгненняў таму захоўваў спакой? Яго зусім не хвалюе лёс жыхароў свайго пасялення, ці што?..
Ноччу князь спаў неспакойна. Варочаўся. Аніяк не мог пазбавіцца ад змрочных думак.
Раніцой ён у латах прайшоў да сваіх вояў, якія выстройваліся ў ланцуг уздоўж абарончага частаколу. Дзень абяцаў быць пахмурным. З мора дзьмуў прахолодны паўночны вецер. Спацелае шэрае неба зацягвалі вялікія калматыя хмары. Ступіўшы да назіральнага вакенца ў браме, князь бегла азірнуў варожы стан. У ім назіраўся рух нямецкіх крыгераў – тыя выстройваліся ў баявыя дзіды перад шапкамі шатроў. Наперадзе іх бачыліся на конях закаваныя ў браню рыцары.
Читать дальше