Колькі імгненняў яна задуменна ўзіралася ў пахмурны нябесны блакіт.
– Як я разумею, заўтра знатны кунігас, ад”язджае дамоў?– ціха спыталася Мірута.
– Так, нам пара вяртацца на радзіму, – хутка кінуў Светавар. – Загасціліся мы ўжо ў вашым закутку. Ледзь не наклікалі на яго бяду.
Што ж, жадаю, слаўнаму кунігасу, гладкай дарогі, – адчуўся ў голасе вайдэлоткі сум. – Як у нас кажуць: “Bon voyage![ 35 35 Шчаслівага шляху!
]”
Яна павярнулася і таропка, не азіраючыся, пайшла па сцяжыне. Князь Светавар узрушана праводзіў яе позіркам. Няўжо вось так усё скончыцца – дзяўчына схаваецца ў боры і ён больш ніколі не пабачыць ейных дзівосных светлых зорак?
У паселішча ён вярнуўся пад вечар і адразу рашуча скіраваўся да дома старэйшыны. Кушніс запрасіў знатнага госця адвячэраць. Уважыўшы сівога правадыра, Светавар адведаў стравы з марской рыбы, папіў гарачага траўнага напою. І звярнўся да старога з тымі думкамі, якія валодалі ягоным сэрцам.
– Моцна падабаецца мне, мудры Кушніс, адна ваша дзяўчына. Усе думкі і днём і ноччу мае адбірае, – шчыра мовіў ён да мясцовага правадыра.– Аддай за мяне замуж Міруту. Як вярнуся ў свой кут, вышлю табе за яе багатыя дары!
Твар сівога жамойта пашарэў.
– Што ты, слаўны кунігас, – спалохана вымавіў ён.– Мірута ж – вайдэлотка! Яна давала зарок нявіннасці і вернасці нябеснай Ауштры! Калі мы па ўласнаму жаданню парушым гэты запавет, богі ўгневаюцца і пашлюць на наш гаротны народ свае страшныя нябесныя кары! Таму прабач, добры кунігас, не ў маёй волі дапамагчы тваёй шчырай сардэчнай просьбе, – цяжка ўздыхнуў старэйшына.
Князь Светавар – змрочны і расхваляваны – пайшоў у сваю адпачывальню. Ноччу доўга не мог заснуць ад тужлівых думак…
На золку ліцвінская сотня пакідала гасціннае жамойцкае паселішча. Праводзіць хаўруснікаў у дарогу выйшлі амаль усе ягоныя жыхары. Шчыра абняўшыся на развітанне са старэйшынай Кушнісам, які даў на колькі дзён ім прытулак, Князь Светавар ускочыў на баявога каня і не стрымаўся, міжволі пашукаў вачыма сярод натоўпу Міруту. Але маладой вайдэлоткі сярод жанчын, што жадалі ліцвінам шчаслівай дарогі, не прыкмеціў.
“Развіталася з табой учора. Таму і не прышла, ”– няпэўна разважыў ваяр і скіраваўся ўслед за сваімі воямі.
Апынуўшыся ўжо за брамай пасялення, ён прыпыніў на імгнення каня, азірнуўся на той кут леса, дзе знаходзілася жыллё вайдэлотак. Выразныя вочы прыгожай жрыцы раптам паўсталі перад ім, бы тыя далёкія вечаровыя бліскучыя зоркі. Няўжо ён вось так проста ад”едзе і больш ніколі іх не пабачыць? Ад гэтай невыноснай думкі ў сэрца ваяра нібы ўпілася вострая стромка.
“Вядзьмарка!” – у адчаі падумаў ён пра вайдэлотку.
І раптам у галаве князя маланкай пранесліся выратавальныя думкі.
“Чакай, як гэта казаў ўчора старэйшына наконт маладой вайдэлоткі? Здаецца так – калі мы па ўласнаму жаданню парушым ейны зарок, то багі ўгневаюцца на нас. А калі не па сваёй волі?.. Калі ён проста выкрадзе вайдэлотку… Што тады? Паганскія багі разгневаюцца толькі на яго, Светавара!”
– Я хутка! – кінуў князь Светавар шырокаплечаму сотніку, які ехаў непадалёк, і таропка завярнуў каня ў бок паганскага капішча.
Жрыцу ён знайшоў непадалёк ад спакойных сіняватых водаў мора.У доўгім светлым сарафане яна стаяла на невысокім пагорку і, працягнуўшы рукі да ранішняй зары, нешта ў суме пранікліва сабе нашоптвала. Ледзь Светавар, асадзіўшы каня, саскочыў поруч з ёй на зямлю, дзяўчына страпянулася, рэзка павярнула галаву.
– Dangiškieji dievai![ 36 36 Нябесныя богі!
] Ты, мужны кунігас? Навошта вярнуўся! Мы ж учора назаўжды развіталіся! – пачуўся ўзрушаны дзявочы голас.– Я толькі што прасіла вялікую Ауштру, каб яна зберагала цябе ў дарозе.
– Я не ведаю хто ты, – з хваляваннем дакрануўся рукой ваяр да тонкіх плеч вайдэлоткі, – багіня нябесная ці ж зямная дзяўчына? Толькі моцна кранула ты маё сэрца. Дзе б ні быў, куды б не ехаў, што не рабіў, усе мае думкі толькі аб табе… Калі ты дзяўчына, будзь маёй жонкай. Я – знатны валадар, але з гэтага моманту буду табе верным слугой і ўскладу да тваіх ног усе кветкі маёй зямлі!
Мірута ціха прыхінула хвалю сваіх бялявых валос да грудзяў статнага ваяра.
– Пра што ты, добры кунігас, – усхвалявана шапталі ейныя вусны. – Ці не ведаеш, хто я? Я ж вайдэлотка! Нават калі б жадала быць тваёй абранніцай, усё роўна не змагла б выканаць тваю волю. Бо дала нябесным багам зарок захоўваць нявіннасць і чысціню да скону свайго. Таму сядай на каня, скачы ад мяне да сваіх вояў, слаўны кунігас! – рашуча адняла ад грудзяў ваяра дзяўчына галаву.– І забудзь пра мяне. Назаўжды забудзь!
Читать дальше