– Прыгатавацца да бою! – аддаў кароткі загад князь сваім воям і азірнуўся на натоўп жыхароў, што сабіраўся за ягонай спінай насупроць абарончай вежы – дзе ж старэйшына са сваімі мясцовымі воямі? І ў здзіўленні павёў брывамі.
Ўздоўж натоўпа, які расступаўся, велічна ішлі вайдэлоткі з запаленымі факеламі ў руках. Узначальвала шэсце служанак Ауштры Мірута – у доўгай ружовай кашулі з чырвоным кветкавым вянком на галаве. Дасягнуўшы частаколу, жрыца грацыёзна ўзышла па лесвіцы на вежу і працягнула да змрочнага неба свае тонкія рукі. Пачуўся распеўны умольны прызыў да нябесных багоў.
Услухваючыся ў чужую мову, князь Светавар зразумеў толькі, што жрыца звяртаецца адначасова да багіні Ауштры і ейнага мужа– волата Перуна. І просіць у іх дапамогі – каб саслалі яны з нябес на галовы лютага ворага свае грымучыя вогненные стрэлы.
І вось дзіва! Нябеснае прасцірадла раптам пацямнела, яго прашылі страшныя бліскучыя маланкі і гром. Вогненныя нябесныя стрэлы снапамі пранізалі за брамай крыжацкі стан.
– Šlovė ir garbė jums, didieji dievai![ 33 33 Хвала і слава вам, вялікія богі!
] – Схіліла на вежы галаву перад нябёсамі у знак удзячнасці маладая жрыца.
– Šlovė ir garbė jums, didieji dievai! – апусціўся ў пакоры на калені ўнізе натоўп.
Збянтэжаныя і перамешанныя ўдарамі маланак варожыя рады тым часам ў паніцы беспарадкава адступалі ад пасялення да выратавальнага лесу.
– Hexe! Hexe!....[ 34 34 Ведзьма! Ведзьма!.. /ням./
]– чуўся напужаны роў крыжацкіх райтараў.
“Вядзьмарка і толькі!” – ківаючы галавой, падумаў князь Светавар таксама пра маладую жрыцу– жамойтку і, ледзь варта рухава адчыніла па ягонаму знаку браму, уласна загадаў сваім воям:
– Па конях! Ворагу – пагоня!..
Калі ліцвінская сотня выехала з пасялення, ёй у якасці ўзнагароды ў пакінутым варожым стане дасталіся крыжацкія прыпасы і колькі ацалелых ад агню шатроў.
– Ну вось, харчамі на зваротную дарогу дамоў вы, лічы, разжыліся! – весела сустрэў у браме ліцвінскага ваяводу старэйшына Кушніс.
– Заўтра мы пакінем ваш гасцінны дом, каб не наклікаць на яго больш бяды, – хутка мовіў яму князь Светавар і, аддаўшы загад воям падзяліцца здабычай з мясцовымі жыхарамі, павярнуўся, прышпорыў каня да Варажскага мора.
Выкупаўшыся ў прахалодных водах, ён апрануўся, рушыў уздоўж берага да месца, дзе ўчора незнарок натрапіў на вайдэлотак, у тайнай надзеі сустрэць там Міруту, якая сёння адразу пасля паніковых уцёкаў крыжакоў пакінула спешна паселішча. Жрыцу ён адшукаў сярод вострых бурых скалаў. Седзячы на невысокім плоскім камені, дзяўчына задуменна ўзіралася ў бясконцы водны блакіт.
– Гэ, добры кунігас! – ледзь Светавар наблізіўся, усміхнулася вайдэлотка.– Як, задаволены, храбры ваяр, сваёй сёняшняй здабычай у ворага?
– Здавальненне ад здабычы ў мужных вояў бывае толькі тады, калі яны ў баі разгромяць ворага. Сёння ж ён сам кінуўся на ўцекі, – хутка адказаў Светавар.
– Прагуляемся крыху, – устала дзяўчына з каменя.– Люблю глядзець на мора. Калі на сэрцы нуда ці трывога, яно заўсёды заспакойвае.
Яны паволі рушылі ўздоўж залацістай берагавой стужкі. Пры бачанні поруч вытанчанага дзявочага стана знатны ваяр адчуваў нясмеласць і нейкае незразумелае дрыготкае трымценне ў грудзях.
– Неразумею, як у чароўнай вяшчункі атрымалася гэткае дзіва – падпарадкаваць сваёй волі нябесныя маланкі? – абы не маўчаць, спытаўся князь.
– Гэта воля наймагутнага Пяркунаса і дзівоснай Ауштры!– хутка адказала Мірута. – Добры ж кунігас сам, нягледзячы на тое, што пакланяецца цяпер іншаму богу, пакінуў у сваім вялікім паселішчы капішча волата грому.
Светавар быў хацеў запярэчыць сваёй чароўнай спадарожніцы, што Бог на нябёсах адзіны, але стрымаўся. Відаць, не зразумее тое паганская вяшчунка.
– А хто чакае, слаўнага ваяра, дома ў Троках? – раптам пацікавілася спадарожніца.
– Ды, акрамя служак, ніхто, – нягучна вымавіў Светавар, змоўчаўшы пра сваю маладую княгіню, што летаў з тры таму памерла ад раптоўнай хваробы, не пакінуўшы яму спадчыннікаў. Гэту цяжкую страту валадар Трокаў перажываў доўга. У сваім палацы, дзе ўсе сцены нема сведчылі аб пайшоўшай любай, амаль не затрымліваўся. Шукаў забыцця ў баявых паходах і бітвах з ворагамі. І вось сустрэча з гэтай надзвычай прыгожай маладой жамойткай растапіла лёд у сэрцы знатнага ваяра.
– Ну, мне ўжо час ісці. Патрэбна гатавацца да вечаровага служэння Ауштры. – Прыпынілася дзяўчына ля сцяжыны, якая вяла ад мора да жытла вайдэлотак.
Читать дальше