Бацька і два яго сыны прыпынілі крок і змоўклі ў разгубленасці. Сэрца кожнага з іх уздрыгнула і напоўнілася тым чалавечым адчаем і крыху страхам, якія заўсёды прыходзяць да нас, калі мы сутыкаемся са смерцю. А вакол ішла звычайная работа. I рытм яе быў упэўнены, вывераны не адзіным днём. Натужна варочалі тоўстымі бакамі бетонамяшалкі, у паветры мільгацелі рыдлёўкі. У гэтай працы была, напэўна, і радасць, таму што праз расчыненыя дзверы бліжэйшага да трох мужчын доміка даносілася песня. Спявалі жанчыны, нябачныя знадворку, схаваныя паўзмрокам памяшкання. З таго месца, дзе стаялі мужчыны, відаць былі толькі жаночыя рукі, выразна белыя сярод рознакаляровай, хутчэй за ўсё прапарафіненай паперы, што ляжала па стале ля хваёвага зялёнага вецця. Жаночыя рукі плялі вянкі. Здалёк здавалася, што гэта матылькі кружаць, там, над каляровай квеценню вясновага лугу,— такімі спрытнымі былі гэтыя рукі, няўлоўна паслухмянымі пальцы, так біла ў вочы з прыцемку іх бялюткая чысціня.
Стары патупаў на месцы. Сыны глядзелі на яго, але ён так і не адважыўся кудысьці рушыць, панурыўся і як бы паменшаў. А да трох постацей, што застылі ў варотах, ужо шыбаваў маленькі жвавы чалавек, адна рука карацей за другую і нерухомая, нерухомая і шыя, галава ўсё роўна як прыварана электразваркай да тулава. Але чалавечак лагодна ўсміхаўся і весела яшчэ здалёку загукаў:
— Дзень добры, вечар добры! Каго вам трэба?
Стары штосьці буркнуў і пайшоў насустрач чалавечку.
— Нам патрэбен Баглай Іван Ахрэмавіч.
— Цю, Іван Ахрэмавіч, ды гэта ж я.— I падаў старому кароценькую, з усохлымі бліскучымі пальцамі руку: — Іван Ахрэмавіч Баглай, халера ясная!
— Помнік мы тут у вас заказвалі, пісалі вам,— пачаў стары.— Вы адказвалі нам. Жонка ў мяне загінула, жонка і маленькі хлопчык, у сорак чацвёртым. Вось сын ад яго жыве... Ён жывы, а брат яго...
— Памятаю, як жа, памятаю,— перабіў Іван Ахрэмавіч.— Вечка Лукер'я...
— Во-во, Лукер'я і Міхась Вечкі...
— Гатоў помнік. Добры помнік. Ой помнік! Першы такі на Палессі, і ваш. Эксперыментальны, халера ясная. Пашэнціла вам, пашэнціла. Во ён, халера ясная.
I Баглай радасна кінуўся да высокай, яшчэ не зманціраванай пліты, шурпатай пасярэдзіне, дзе павінна была стаць мармуровая дошка з надпісам.
— Дошка яшчэ не гатова... Праўдзівей, дошка гатова, ды надпісу няма... А яшчэ праўдзівей, дык і надпіс ёсць, высечаны і літары, толькі іх фарбай, золатам, пакрыць трэба... Мастак наш будуецца і на работу не кожны дзень выходзіць. Але прымусім, прымусім. Будзе, золатам будзе: Вечка Лукер'я Авяр'янаўна, 1918—1944, Вечка Міхась Рыгоравіч, 1942—1944,— амаль з любоўю прапеў Баглай.— А помнік які, вы толькі паглядзіце на гэты помнік. Карцінка. Першы на Палессі, эксперыментальны...
I Баглай зноў кінуўся абмацваць і гладзіць помнік, песціць, як гаспадар кабанчыка перад пакупніком на базары. I яго сухая, маленькая рука з пакурчанымі бліскучымі пальцамі набыла спрытнасць, як бы ажыла, і амаль лётала па камені. I камень пад яго рукой таксама ажываў.
— Ды паглядзіце вы, толькі паглядзіце. Нідзе вам лепей не зробяць. Лепіць зараз помнікі той-сёй сам. Але што ў яго за работа. Душы няма, абы грошы. Халтура, адным словам. А тут... Вам дык наогул пашэнціла: хутка зрабілі, ані хвілінкі не марудзілі. Эксперыментальны помнік, эксперыментальны...
Баглаю, пэўна, падабалася гэтае «эксперыментальны», і ён усё імкнуўся зазірнуць Вечкам у вочы, убачыць там водгук на гэтае слова, хацелася, каб і Вечкі адчувалі тое ж, што адчувае ён. Але тыя стаялі моўчкі, быццам у рот вады набралі, і позірк іх быў няўлоўны яму, яны не падпускалі яго да сябе...
Стары Вечка толькі палажыў, бы чорны хваёвы асмалак, руку на мармуровую пліту і адхіснуўся назад, нібыта дакрануўся да голых электрычных правадоў. Адхіснуўся, але рукі не адняў. Вялізная, нязграбная, яна ляжала на высечаных у мармуры літарах і амаль непрыкметна ўздрыгвала. Гэта бачыў, нават не бачыў, адчуваў яго старэйшы сын Антон, таму што сам хацеў пакласці па гэтыя літары руку, ды бацька апярэдзіў яго. I цяпер у бацькі непрыкметна ўздрыгвала рука, а ў сына ў лад ёй білася павека.
Антону на якуюсьці хвіліну здалося, што яго рука ўвайшла ў мармур. I праз камень ён зноў адчуў цяпло рукі маці і не ўстояў на месцы, як толькі што бацька. Целу стала горача, у вочы ўсё роўна як сыпнулі дробненькага пяску, той самай белай каменнай мукі, у якую перапэцкаліся бацькавы пальцы. I неба адразу зацягнула хмарамі, на ім засталося толькі адно акенца, праз якое свяціла сонца. I здавалася, што сонца ўсё сваё цяпло, увесь свой жар накіравала на яго, Антона.
Читать дальше