Менавіта тады ён і адчуў у сабе першы раз электрычнасць, многа электрычнасці, здавалася: зачапі яго — і
іскры пасыплюцца. I цяпер таксама. Але Маруда яшчэ не ведаў, што яго чакае ў спартыўнай зале, зусім не ведаў. Ён быў электрычнасцю, электронам, спрытным і жвавым, і быў накіраваны ў справу, у работу.
Фізрук спьніўся, паглядзеў на гадзіннік, свіснуў у свой свісток, выпусціў яго з рота і падышоў да Маруды.
— А ты чаго сюды?
— Ды так,— адказаў Маруда,— справамі займаўся, а сюды завітаў адпачыць.
— Бокс, значыць, для цябе не справа?
Маруда паціснуў плячыма.
— А мо паспрабуеш? — падступіў бліжэй фізрук.
Спрабаваць Маруда не хацеў. Не таму, што баяўся, нічога боязнага, як ён бачыў, у боксе не было: махаюць багата, а ладу мала, нават юшкі ніхто нікому не можа пусціць. Не мела сэнсу мазацца. Ды і, трэба сказаць, не ахвотнік ён быў кулакамі махаць, у сваім жыцці біўся толькі раз, хоць выпадкаў для бойкі ў дзетдоме было куды болей.
А той адзіны раз ён сышоўся са сваім лепшым сябрам Лёнем Смыгам.
У дзетдом прывезлі боты, пяць пар. Вядома, боты лепей, чым чаравікі. I кожны імкнуўся атрымаць іх. Выхавацелька пастроіла хлопцаў у калідоры, агледзела іх абутак. У чатырох чаравікі даўно ўжо прасілі кашы. Тут пытанняў не магло быць. На апошнюю, пятую пару ботаў нацэліўся Смыта.
— У цябе ж яшчэ добрыя чаравікі,— здзівілася выхавацелька.
— Гэта яны толькі выглядаюць на добрыя... Сёння звечара добрыя, а заўтра, вось пабачыце, распаўзуцца...
Яны сапраўды назаўтра распаўзліся. А Маруда пусціў Смыгу юшку.
Смыга ў чаравікі па ноч наліў вады і выставіў на мароз на ганак. Але ўзяць іх з марозу раніцай не паспеў, любіў паспаць. На ганку і натрапіў на іх Маруда.
— Ну, дык як, мо не збаішся? — не адступаў фізрук ад Маруды.
— Я не з баязліўцаў.
— Дык вось і пальчаткі ў рукі.
— Не,—закруціў галавой Маруда,— дзіцячая гэта справа.
— А ты паспрабуй, я добрага хлопца супраць цябе пастаўлю. Яшчэ знявечу яго,— ужо гатовы павярнуцца і пайсці адсюль прэч, адказаў Маруда.
— Неквас, Неквас! — закрычаў фізрук.
I Маруда застаўся. Ён зразумеў, чаму ногі неслі яго менавіта сюды. З гэтым Неквасам Маруда сустрэўся, як толькі прыехаў у вучылішча. Гэта ён, Неквас, і ахрысціў яго Наждаком. Неквас быў ужо другагоднікам, не таму, што засеў, як у школе, на другі год, а таму, што перайшоў на другі курс і праз год павінен быў скончыць вучылішча, атрымаць дыплом электраслесара.
Ён прыйшоў у пакой, у якім сядзелі навічкі-першагодкі, наждакі, але тады яны яшчэ не ведалі аб гэтым.
— Здарова, наждакі! — павітаўся.
Неквасу не адказалі. Але той не засмуціўся. Накіраваўся да Маруды і выцягнуў з-пад яго паліто.
— Добрае палітцо, дзякую, што ты мне падарыў яго.
— Я табе не дарыў. Яно мне і самому яшчэ спатрэбіцца.— Маруда выхапіў з рук Некваса сваё паліто.
— Што-што, I Іаждак, супраць старычкоў...— Неквас сцяў кулакі. Сцяў кулакі і Маруда. Але Неквас чамусьці цягнуў, не адважваўся ўдарыць яго. I Маруда не мог першым узняць руку, ён мог толькі адказаць, даць адпор, але не пачаць бойку. Стаяў, чакаў. У адно імгненне збялеў ажно і закалаціўся ўвесь, як у ліхаманцы.
— Ну глядзі, Наждак, мы яшчэ сустрэнемся...
I вось сустрэліся. Фізрук выклікаў супраць яго Некваса. I бойка павінна адбыцца ў адкрытую і на вачах ва ўсіх. Маруда павінен даказаць, што ён не наждак. Не наждак! Вось чаму і не лезе яму ў галаву навука, чаму ён не можа зразумець схему пускальніка, разабрацца ў электрычнасці. Яму стала горача. Л што, калі не дакажа, калі паб'юць яго. У Некваса, ён чуў, ёсць разрад па боксу, другі юнацкі. А ён, Маруда, яшчэ і не нюхаў, што такое сапраўдная бойка, што такое бокс.
Фізрук нёс яму пальчаткі.
— А без гэтых, без пальчатак, нельга?
— Нельга... Здымай бушлат.
Маруда зняў бушлат і нацягнуў пальчаткі. Рукам у іх было цёпла, але нязручна. Ён адчуваў сябе ў гэтых пальчатках, напэўна, не лепш за каня, якому першы раз надзелі хамут і паставілі ў аглоблі.
— Бокс! — свіснуў у свой свісток фізрук. Маруда яшчэ краем вока злавіў яго паблажлівую ўсмешку, пайшоў насустрач Неквасу. Той стаяў на месцы, чакаў яго і таксама паблажліва ўсміхаўся. I тут Маруду так захацелася даць яму па гэтай усмешцы, так захацелася, што аж нос засвярбеў. Даць не пальчаткай, скураной і мяккай, а голым кулаком. I ён падумаў: ці не спыніцца, пакуль не позна, і скінуць пальчаткі? Падумаў так, але не спыніўся, толькі яшчэ больш угнуўся і, як загіпнатызаваны нерухомым позіркам Некваса, навёў з боку ў бок плячыма.
Читать дальше