Сказаў, як і заўсёды, не тое, што хацеў сказаць. Не атрымлівалася ў яго тое, што хацелася. А яно павінна было гучаць прыкладна так: «Хоць я і здаюся сёння крыху прыдуркаватым, але гэта зусім не так, я ж таксама, як і ты, шахцёр, знаю, як у жыцці здараецца, і скора стану з табой побач. Я ведаю работу і здольны да работы, так што ты чакай мяне, чакай».
Вось як гэта было павінна прагучаць. Так яго, відаць, і зразумеў шахцёр і адказаў:
— Нічога, хлопча, нічога. Мы пачакаем і пазмагаемся, пакуль ты праходзіш павуку. Вось гэтая штуковіна — пушка, гідрапушка. I мы, браце, як на вайне. Падмацаванне нам зусім не лішняе будзе.
Апошніх яго слоў Маруда ўжо не чуў.
— Дай! — як які-небудзь пяцігадовы хлапчук цацку, патрабаваў ён у шахцёра даверыць яму пушку. I той даверыў. Маруда прыпаў да пушкі, шахцёр павярнуў рычажок. Зямля, здалося Маруду, скаланулася, здрыганулася і гідранушка, нібыта была яна жывой, канём, і конь гэты не хацеў даверыцца Маруду, імкнуўся скінуць яго з сябе, падкідваў угору зад, правяраў, ці можа ён ездзіць, як сядзіць у сядле, ці можна такому ездаку давяраць сябе. І ўсё гэта таму, што Маруда накіраваў струмень вады ў неба. I вадзе там, у небе, не было на што абаперціся, яна цягнула за сабой гідрапушку і хлапчука. Маруда прынізіў струмень вады і паласнуў ім па рыжай, ужо здранцвелай пад лёгкім марозам гліне.
Гідрапушка супакоілася, падалася крыху назад, як надаецца сапраўдная баявая пушка пасля кожнага стрэлу, Маруда адчуў сябе сапраўдным салдатам, кулямётчыкам. Невядома адкуль і калі, але адчуванне гэтае было ў ім і раней, толькі ён на якісьці час забыў аб гэтым. Маруда зручней уладкаваўся на зямлі, шырока раскінуў ногі, з прыемнасцю адзначыў, што рукі і цела яго набрынялі сілай і адвагай. I ў вушах закалацілася далёкае, мо і не пачутае ім ні разу на поўную моц, але знаёмае яму ад нараджэння «ўра». Гэта ішлі ў атаку партызаны. Ішоў у атаку і ён, Наждак Маруда. Не зусім ён сам, нейкая толькі частка, якая заўсёды жыла на гэтай зямлі, ведала гэтую зямлю, змагалася за яе, палівала яе сваім потам і крывёю, гінула і адраджалася зноў і зноў. Ішоў у атаку разам з партызанамі яго бацька.
Бацька Маруды загінуў, і Маруда ведаў, дзе і калі. Цяпер, праз паўтара дзесятка год, праз тысячы кіламетраў ад таго месца, ён бачыў, як гэта адбылося. Не ўяўляў, а нібыта сам заняў месца бацькі.
Такім жа лістападаўскім поўднем, таксама як і ён, шырока раскінуўшы ногі, бацька яго ляжаў на аснежанай зямлі каля бярозавага пня. Бярозу спілавалі даўно, але яна не памерла, пень выкінуў па вясне вясёлыя парасткі, і на адным з іх цяпер вецер казытаў счарнелы ліст. Бацька кожны раз, калі ляскаў затворам, выкідваючы стрэляную гільзу, наглядаў на гэты ліст, прыпадаў да залацістага ложа вінтоўкі няголенай, задубелай ад марозу шчакой і націскаў на курок, пакуль былі патроны.
А калі патронаў не стала, не спяшаючыся, таму што ён насіў адно з сынам прозвішча — Маруда, падняўся на ўвесь свой немаленькі рост, распраміўся, узяў вінтоўку за рулю і пачаў чакаць. Дачакаўся. Чужыя нецярплівыя рукі ўжо працягваліся, каб схапіць яго за адзенне. Тады ён нібы схамянуўся, наноў вінтоўкай, як доўбняй. Раз, яшчэ раз. Зямля, як снапамі, усцілалася целамі. Па ім не стралялі, яго хацелі ўзяць жывым. Ён ведаў гэта і стрымана ўсміхаўся ўжо амярцвелымі вуснамі.
Жывым яго так і не ўзялі. Абкружылі з усіх чатырох бакоў, узнялі на штыкі і палажылі. I вось цяпер яго сын Наждак Маруда разлічваўся за бацьку, сек з гідрапушкі гліну, і гліна плавілася і аплывала, як жалеза пад аўтагенам, рыжай пульпай бегла да свідравіны, у шахту, каб там, у шахце, не было пажараў.
— Хопіць, хопіць,— крануў яго за плячо шахцёр.
Маруда апусціў пушку, падняўся з зямлі, але сіла і адвага, нададзеныя яму працай, не праходзілі яшчэ доўга. Яны былі ў ім, калі ён ішоў трамвайнай лініяй у інтэрнат, не прапалі і тады, калі ён збочыў і зайшоў у замецены снегам сонны гарадскі парк. У парку на бетонным узвышшы гулялі. ў футбол два бетонныя футбалісты. Гулялі без мячыка, мячык валяўся непадалёку ад іх. Нейкія жартаўнікі збілі яго, мо хацелі ўкрасці, ды перадумалі. Маруда паспачуваў футбалістам, падкаціў і прыладзіў мячык на яго законнае месца, пасадзіў на жаезны прэнт, падпёр снегам, палюбаваўся на сваю работу і рушыў далей.
Тут, у парку, калі Маруда выручыў з бяды футбалістаў, яго і напаткала думка зайсці паглядзець бокс. Ён адчуў, што без гэтага дзень будзе няпоўны, без гэтага не пазнае ён да канца і горада. У захапленні яго таварышаў боксам хавалася нейкая таямніца, як звар'яцелі ўсе, няма з кім па-чалавечы і па вуліцы прайсціся. Адзін зусім. Сумна.
Читать дальше