На тым Махахей і развітаўся з Яршом, што пакусаў кабылу, пажадалі адзін аднаму ўдачы і разышліся. Да гэтай удачы Махахею зусім нічога ўжо, метраў з трыста лагчынкаю, нізам, і за лагчынкаю была каля ракі пратока кіламетраў з тры, амаль без цячэння, з глыбокімі, метраў на дзесяць — дванаццаць, затокамі, у якіх завяліся гарбатыя і чорныя акуні, а дзе было мялей, сярод лета жыравалі плоткі і чырванапёркі. І цішыня, цішыня была там, летам толькі ўсплёск рыбы і парушаў яе, а зімой дык і наогул ціха і прыгожа, што ў раі. Але сёння яшчэ ў лагчынцы, яшчэ на падыходзе да пратокі Махахей пачуў нейкі шум, нейкія невыразныя галасы і бражэнне нейкае, бы сапраўды хтосьці паставіў у пратоцы бочку з брагаю. З горкі ён убачыў і гэту людскую брагу, варыва людское. Людзей на лёдзе было больш, пэўна, за сотню, процьма. А ад таго, што ўсе яны былі цёпла апрануты, у чарнушчых валёнках альбо ў вялізных і таксама чорных на сопцы гумавіках, у плашчах паверх ватовак, і нават у гумавых. хімабаронных накідках, і кожны займаў адразу метры з тры, а то і болей лёду, здавалася, што людзей безліч, рой. I ўсе яны безупынна рухаліся, адны дзяўблі і круцілі пелькі, другія ўжо раз-пораз рэзка ўзмахвалі пад гэтымі пелькамі рукамі, іншыя ж проста размахвалі рукамі, мо паказвалі, якую рыбіну яны колісь лавілі, беглі невядома куды, валаклі за сабою санкі з рукзакамі, ацынкованыя вёдры, і Махахей, наглядаючы за гэтым вавілонскім нашэсцем, проста разгубіўся і хацеў ужо бокам, бокам ды дахаты, але цікаўнасць перамагла. Ён ступіў на лёд пратокі. I тут, ужо на пратоцы, яшчэ на падыходзе да рыбакоў, зразумеў, чаму іх столькі тут сёння. Была прыдуха, рыбе не хапала паветра, лёд у рацэ падперла вадою, і рыба кінулася ратавацца да маленькіх рачулак, дзе можна было б глытнуць свежай крынічнай вады і паветра. Прыдуха і раней, пасля зацяжных халадоў, надаралася тут і на іх княжборскай рачулцы. I тады княжборцы запрагалі коней і ехалі саньмі па гэтую прыдуху, рабілі пелькі і чэрпалі з гэтых пелек рыбу хто чым, хто падсачкам, а хто і сахаром накалваў і грузіў на сані. Ездзіў, і неаднойчы, на прыдуху і ён, Махахей, хаця і саромеўся: адно ўзяць рыбіну вудаю, няхай нават жакам, і зусім іншае — сахаром, нешта ад вайны, ад прамой згубы, здавалася яму, ёсць у тым, як ішлі людзі па рыбіну з сахаром. Быў страшны не сахор, а тое, як ён уваходзіў у крышанку з рыбы: адна насаджвалася на сахор, а дзесяць калечыліся, разадраныя, скрываўленыя бакі і спіны рыбы, патрушчаныя галовы без вачэй вымушалі адварочвацца і крадком зазіраць на сонца: як яно там, нічога яму там, не мулка не колка. Але княжборцаў ніколі не збіралася на лёдзе іх рэчкі гэтулькі, колькі сышлося народу ў пратоцы. А яшчэ, па ўсім, не ўсе сабраліся, народ яшчэ падыходзіў, чорным ланцужком, бы мурашкі, цягнуліся і цягнуліся з боку гарадка рыбакі, бы там, у гарадку, таксама здарылася прыдуха, толькі ўжо людская, і ў пошуках свежага глытка вады, свежага глытка паветра беглі з апраметных сваіх вуліц і дамоў сюды, на рэчку, на пратоку, людзі. Толькі ступалі на лёд — ужо размотвалі сваё начынне, крышылі гэты лёд пешнямі, сякерамі, бурамі. А пад ільдом шчыльнымі касякамі, так, што не праглядалася і дно, ішоў лешч, і на здзіўленне буйны, такога Махахею па вуду і не даводзілася яшчэ лавіць. Ішоў, як плыве па вадзе салома, бы на самай справе нехта абярнуў і загнаў пад лёд воз саломы. I Махахей, захоплены нейкай ліхаманкавай нецярплівасцю, мітуснёй і паспешлівасцю, таксама не разяўляў рот, не лавіў варон. Хуценька пашырыў сякераю ўжо некім прадзёўбаную пельку, кінуў у пельку блясёнку, дачакаўся, пакуль яна дойдзе да дна, шмаргануў угару яе і адразу падсек і пацягнуў. Дзесяць разоў кінуў і ўсе дзесяць са здабычаю выцягнуў— па ляшчы. I ўсё — торбачка яго была поўная, пуд рыбы, а то і болей, вісеў на шыі. I ён ужо папікаў сябе, што не прыхапіў меха, а толькі торбачку, ды і то выпадкова неяк прыхапіў. Зімой і летам увесь яго ўлоў мясціўся ў кішэнях кухвайкі, а тут як хтосьці падказаў яму з гэтай торбачкай. Ён сядзеў ужо вольна, забыўшыся і на вуду, думаў, што гэта такое ёсць на ім, што можна было б прыстасаваць пад ляшча: зняць сарочку, але распранацца пры народзе — такога ён не мог сабе дазволіць. Ражна выразаць. Колькі на той ражон начэпіш такіх вось парасят, рукі адарвуць і ражна зламаюць, свет не маленькі несці іх. Але азарт не разважае, а нажыва слепіць. Мо аслеп бы і ён, ды толькі ціха раптам зрабілася вакол, ціха і бязлюдна. Махахей зашморгаў блясёнкай — пуста. Выцягнуў блясёнку — кручок на месцы.
Читать дальше