Аднойчы зайшла ў палату мая былая практыкантка, выпускніца горнага інстытута. Тоненькая — двума пальцамі перашчыкнеш. Сядзе на табурэцік, расказвае пра шахту, бядуе, што мой намеснік закруціўся зусім, што ўсе чакаюць мяне. Зачасціла, ледзь не кожны дзень: булёны і кампоты прыносіць, кветкі на тумбачку ставіць. Прычэша, часам так пяшчотна правядзе далонькай па маёй асцюкаватай шчацэ, што аж дрыжыкі проймуць. Але, бачу, і яна нечага тоіцца.
Калі трохі акрыяў і пачаў садзіцца, Алег Карпавіч паляпаў па плячы і кажа: «Вы, відаць, у кальчузе радзіліся. Дзякую, што добра нам памагалі выцягваць вас з таго свету. Каб не ваша вытрымка, наўрад бы справілася медыцына. Цяпер вам жыць і жыць. Лічыце, другі раз нарадзіліся... Спадзяюся, хопіць у вас вытрымкі яшчэ на адзін удар. Не хвалюйцеся, не такі і страшны, як першы... Бачыце, сябры вашы не адважваюцца сказаць, таму даручылі мне гэтую непрыемную місію. Адным словам, жонка вашая не вартая турбот і хваляванняў. Як толькі здарылася гэтае няшчасце, яна забрала дачку і рэчы, замкнула кватэру і некуды з'ехала з нейкім чалавекам. Так што трымайцеся, Іван Фёдаравіч...»
Прызнацца, я і сам здагадваўся, што не хвароба трымае яе. З ёю мы даўно былі чужыя: я да ночы прападаў на шахце, а яна любіла хораша прыбрацца і пагуляць у вясёлай кампаніі. Працавала яна ў гандлі. Часта прыходзіла расчырванелая ад віна — то ўдала прайшла рэвізія, то адзначалі дзень нараджэння дырэктара магазіна. Таму навіну гэтую вытрымаў спакойна. Адно хвалявала: што з дачкою, дзе яна, як ёй там?
Выпісалі мяне позняй восенню. Пустыя пакоі зараслі пылам, у шафе целяпаліся парожнія вешалкі, на кухні стаяла закарэлая талерка і дзве нямытыя шклянкі. Горкая адзінота агарнула мяне.
Але доўга сумаваць не прыйшлося. Надвячоркам асцярожна дзынкнуў званок. На парозе стаяла Зоя, тая самая мая колішняя практыкантка. Разгубленая, нясмелая. І я разгубіўся: стаім і маўчым. Яна трымае ў руцэ поўную авоську і нібы апраўдваецца: «Зайшла ў бальніцу, а вас, кажуць, выпісалі. Ведаю, хадзіць яшчэ нельга, значыць, седзіце галодныя. Дык вось тут перакусіць прынесла».
Нарэшце правёў яе ў кухню. Агледзела яна ўсё, пакруціла галавою, закасала рукавы сіняй спартыўнай кашулі, адшукала анучу, наліла ў мядніцу гарачай вады і ўзялася наводзіць парадак. Я памкнуўся памагаць, а яна і не блізка — выправадзіла мяне ў другі пакой і загадала не заходзіць, пакуль не пакліча.
Я чуў, як бразгаюць накрыўкі, хлюпае вада і тупаюць босыя ногі. Праз паўгадзіны Зоя паклікала мяне. Усё аж зіхацела на кухні. У шклянках дыміўся чай, на талерцы раскладзены бутэрброды. За вячэраю яна пераказвала пасялковыя навіны, гаварыла пра справы ў аддзеле і ні слова не сказала пра маю адзіноту. Пасля вячэры зазірнула ў астатнія пакоі. «Лічыце мяне сваім цімураўцам. Калі дазволіце, заўтра навяду парадак і тут. А раніцай прынясу сняданне».
Я, напэўна, выглядаў круглым ёлупнем перад ёю. Нават падумаў, можа, сапраўды камсамол даручыў ёй даглядаць адзінокага хворага механіка.
Іван Фёдаравіч спыніўся. З-за воблака выкацілася вялікае барвовае сонца і падпаліла ўвесь небакрай густым полымем. Марская далячынь залілася растопленай меддзю, да ног падкочваліся загусцелыя хвалі. Недзе па радыё піскнулі тры кароткія сігналы дакладнага часу.
Мы заспяшаліся на вячэру. Іван Фёдаравіч змоўк.
— А што далей? — пацікавіўся.
— Далей? Хутка пераканаўся, што быў сляпы і дурны. Ледзь не страціў сваё шчасце. Праз тыдзень Зоя асталася ў мяне, не чакаючы разводу, не заручыўшыся шлюбным пасведчаннем. Я ўпершыню адчуў дома цеплыню і святло, адкрытасць і шчырасць, давер і павагу. Раней ніколі не спяшаўся з работы, каб не чуць папрокаў і звадак. Цяпер адразу бег дадому: мяне чакала, мне заўсёды радавалася яна.
У нас з Зояю двое дзетак — сын і дачушка. Праўду кажуць: «Не было б шчасця, ды няшчасце памагло». А так бы пакутаваў увесь век.
— А з першаю дачкою сустракаліся?
— Праз паўгода яна прыехала да мяне і засталася з намі. Не, на маці яна не скардзілася. Адно сказала: «Больш не магу. Кожны вечар гулянкі, песні і скокі пад магнітафон. Збіраюцца толькі «патрэбныя» людзі, а мне гідка глядзець на іх. І займацца не даюць».
Цяпер яна вучыцца ў Варашылаўградзе на інжынера. Таксама будзе гарняком. Вельмі любіць браціка і сястрычку, а з Зояю найлепшыя сяброўкі: сукенкі адны носяць, і сакрэты ў іх свае. Так дружна і жывём...
Да самага дома мы маўчалі. Некалькі разоў прыпыняліся паглядзець, як згасае, мяняе колеры і блякне мора. Далёка на небасхіле гайдаўся тоненькі пругкі ветразь. Іван Фёдаравіч доўга глядзеў яму ўслед і ціха сказаў:
Читать дальше