I гэты дырэктар сустрэў мяне па-людску, падаў руку, пасадзіў побач. Пашкадаваў, што не мае права скарыстаць мяне па спецыяльнасці, а школе так патрэбен добры «славеснік». I ён, як і Кемелеў, бездапаможна развёў рукамі. Пасаду заўхоза амаль пэўна дакляраваў, як толькі разлічыцца цяперашні. Як-ніяк, а загадчык гаспадаркі ўсё ж гучыць.
Што гэта за месца і што за работа, я расшалопаў, толькі як упрогся ў яе, і лішні раз пераканаўся, што мой бутэрброд заўсёды падае толькі маслам на падлогу, а ўсе няшчасці мяне знаходзяць першага, а пакідаюць апошняга.
Адзіны быў ратунак і надзея на добрых людзей, што былі побач, на шчырае і бескарыслівае братэрства ссыльных, гатовых падтрымаць, выручыць з бяды, суцешыць парадай, падзяліцца з таварышам агульнага лёсу.
Мы ўсе перазнаёміліся ў вузенькім калідорчыку сельсавета, чакаючы выкліку на адметку. Нас было дваццаць мужчын і чатыры жанчыны. Паволжскія немцы і эстонцы былі на іншым уліку, на лягчэйшым рэжыме і трымаліся асобна ад нас.
У сяле быў фельчарскі пункт з амбулаторыяй і дзвюма палатамі для цяжкахворых. Загадвала медыцынаю сельсавета вопытны маскоўскі ўрач, абаяльны і дабрэйшай душы чалавек Эла Рыгораўна Брускіна. Яна ў складчыну з інтэлігентнаю ленінградкаю Ганнай Якаўлеўнай купіла маленечкую хатку якраз насупраць амбулаторыі. Дагледзелі яе так, што яна стала самым утульным і цёплым прытулкам большасці ссыльных. У цесным пакойчыку ўсім хапала месца. Апрача нас траіх часта заходзіў колішні прафсаюзны дзеяч Іван Міхайлавіч Ермакоў. Тут ён латаў боты і шыў са старых халяў чыркі. Ён любіў весці «філасофскія» размовы «ваабчэ». Успамінаючы жыццё на волі, расказваў: «Я в своё время говорил лекции по общим вопросам исполнения часа по два, насчет Антанты и дурмана религии. И вот на тебе! За мою приверженность и кристальную преданность и меня туда же, со всем районным руководством. Я чист, клянусь вам. Хоть сейчас гожусь на любой ответственный участок. Тридцать шесть жалоб только товарищу Сталину отправил. И молчок. Перехватывают, ироды. Кабы дошли, Иосиф Виссарионович вмиг бы освободил и должностишку предоставил. Я еще до-о-бьюсь. Мотивировочки есть, будьте уверены».
Разумная, ужо не маладая і заўсёды стомленая Эла Рыгораўна спагадліва глядзела праз пукатыя шкельцы акуляраў і на поўным сур’ёзе падтаквала Івану Міхайлавічу. Тут ніхто не быў лішні. Доўгімі зімовымі вечарамі пад гул завірухі і патрэскванне марозу ў гэтай утульнай хацінцы мы пілі гарачы чай, гулялі ў карты, уголас чыталі «Огонек» і газеты двухтыднёвай даўнасці, жартавалі, успаміналі любімыя творы і спектаклі, ніхто нікому не вярэдзіў душу сваімі болькамі і душэўнымі пакутамі, дамовіліся ніколі не гаварыць пра палітыку.
У Новы год у гэтай хацінцы ставілася ёлка з самаробнымі цацкамі, таннымі цукеркамі, пячэннем з маскоўскіх і ленінградскіх пасылак. Днём і ўвечары сюды прыходзілі суседскія дзеці і дзеці эстонцаў і немцаў. Яны спявалі і скакалі, расказвалі вершы на трох мовах і разыходзіліся з маленькімі падарункамі. Ганна Якаўлеўна ўспамінала сваіх унукаў, выцірала слёзы, не спадзеючыся іх убачыць.
Хатка насупраць бальніцы стала эпіцэнтрам усіх біязінскіх ссыльных. Тут пра кожнага зацікаўлена і шчыра дбалі абедзве мілыя жанчыны. Ганна Якаўлеўна з-за ўзросту і калецтва нагі не працавала нідзе. Жыла на ўтрыманні дзяцей і сястры. З Элаю Рыгораўнаю яны былі як родныя. Тэрыторыя нашага Паўночнага раёна была роўная невялікай аўтаномнай рэспублікі. Толькі тут была бясконцая тайга, так дакладна названая ўрманам, бездараж, саракаградусныя маразы і двухметровыя сумёты, а паселішча ад паселішча за многія дзесяткі кіламетраў.
Зімою дарогі замяталі завеі, з вясны і да замаразкаў яны патаналі ў чорнай, як густая мазута, твані. Калі падсыхалі, клейкая, як асфальт, гразь наліпала на колы, яны пераставалі круціцца, сунуліся з выбоіны ў выбоіну, гразь набівалася слупкамі на капыты, і конь не мог ступаць. А доктар у самую дзікую завею і мароз, у залеву, а ў летнюю спёку праз хмары аваднёў мусіць ехаць у самыя далёкія сёлы да хворых.
У бальніцы трымалі маленькага мангольскага коніка. На ім Эла Рыгораўна абслугоўвала свой участак. У далёкай Мядзвежанцы хлапчук гуляў з бацькаваю дубальтоўкаю, спусціў курок і параніў на печы маленькую сястрычку. Доктарка кінула ўсё і адна ноччу паехала ратаваць дзіця. На паўдарозе каляныя ад марозу гужы саслізнулі з абледзянелых аглабель, сані сталі, мангол ступіў некалькі крокаў і спыніўся. Цемень, гудзе ад завеі тайга, на дзесяткі кіламетраў — ні жывое душы. Як ні старалася Эла Рыгораўна запрэгчы каня, нічога не выходзіла. Зачапіла лейцы за сані, легла на салому, гатовая загінуць. Зліпаліся ад сну вейкі: так засне і не прачнецца. Але да апошняга ў чалавека жыве надзея: мабыць, у сне пачуўся тупат і рып саней, галасы і выразнае «Тп-р-р-у!».
Читать дальше