Доўга я не ведаў, што пасля майго арышту жонку звольнілі з пасады завуча «па скарачэнні штату». Загадчык райана Агееў патрабаваў афіцыйна адмовіцца ад «ворага народа», угаворваў забыць яго і не падтрымліваць ніякай сувязі, тады можна падумаць пра работу ў іншай школе. А мая Аля заўпарцілася і засталася без работы з маленькаю дачушкаю і старым бацькам сярод чужых людзей і без усякіх сродкаў. Іх перасялілі з кватэры ў кладовачку пры кухні, настаўнікі пераходзілі на другі бок вуліцы. I пайшла мая няскораная просьбітка абіваць парогі ў пошуках працы. Ёй спагадалі некаторыя суседзі і часам дапамагалі сесці ў цягнік ці аўтобус мае былыя вучні па вячэрняй школе — афіцэры мясцовага невялічкага гарнізона.
Нарэшце злітаваўся загадчык Бабруйскага аблана Зайцаў і адважыўся паслаць жонку «ворага народа» выкладаць матэматыку ў Пагосцкую сярэднюю школу. Аклад — 600 (дарэформенных рублёў). Аля дзяліла на тры роўныя часткі — бацьку з дачкою, мне і сабе па 200 рублёў. Пасля заняткаў кожную суботу яна выпраўлялася пехатой за 20 кіламетраў ва Урэчча да дачушкі з бацькам, а ў нядзелю пад вечар вярталася назад. А мне пісала бадзёрыя пісьмы. Я іх чакаў, як свята, так хацелася верыць, што дома ўсё добра. Нарэшце я атрымаў аматарскі здымак жонкі з дачкою. Зірнуў і ледзь не заплакаў. На мяне глядзелі поўныя адчаю тужлівыя вочы на спакутаваных запалых абліччах. Хацелася ўкленчыць перад імі, маліцца за іх цярпенне, трываласць і веру.
Тады ж падумалася: колькі нас тысяч і тысяч пакутнікаў гібее ў турмах, лагерах, на этапах і ў ссылцы ні за што ні пра што. А ў кожнага недзе гаруюць бацькі, жонкі і дзеці, пад вечным страхам перад анкетамі, аддзеламі кадраў, перад непрыкметнымі вачыма, што сочаць за іх кожным словам і крокам. Яны скрозь адчуваюць сваё бяспраўе — іх у першую чаргу звальняюць, высяляюць з кватэр, папракаюць без дай прычыны, нават дзяцей не бяруць у дзіцячы сад, не прымаюць у піянеры: а раптам прынясе варожую ідэалогію. Так комплексам непаўнацэннасці калечылі кволыя душы на ўсё жыццё, выхоўвалі новых Паўлікаў Марозавых.
На людской бядзе звышпільныя нажываюць асаблівы давер, аўтарытэт, заслугі, пасады і трывалае становішча. Чым гучней крычаць пра класавую непрымірымасць, пра пільнасць, чым нахабней плююць у вочы запалоханым, спакутаваным страхам без віны вінаватым, тым надзейней іх грунт пад нагамі. Так прайшоў нябачаны падзел на «чыстых» і «нячыстых». «Чысты» ў любую хвіліну мог апынуцца за кратамі, а «нячысты» да канца дзён заставаўся «нячыстым». Ад такіх думак самому рабілася страшна.
Успомнілася, як аднойчы ва Урэччы знаёмая буфетчыца сталоўкі пад вялікім сакрэтам аддала мне аркушок паперы з даносам на мяне. Даносіць, уласна, не было чаго. Прыстаўлены да мяне «стукач» падрабязна запісваў, куды я хадзіў, з кім і калі сустракаўся, хто бывае ў мяне. Дакладна ставіў даты, гадзіны і хвіліны. Хто ж за мною сачыў? Мілы, далікатны, заўсёды ўдзячны за ўвагу мне той самы брат маёй вучаніцы. А тут не пашанцавала — перапіў у сталоўцы і згубіў сваю «дакладную». Хацелася яе аддаць яму, але пашкадаваў, няхай думае, што ўсё абышлося, а я ўжо ведаў свайго «шэфа». Колькі такіх вольных і нявольных наглядчыкаў і даносчыкаў сачыла адзін за адным? Былі яны ў кожнай установе, у цэху, брыгадзе, нават у камеры і бараку. За пайку хлеба і міску баланды прадавалі такіх жа пакутнікаў, як і самі. Напэўна, яны ёсць і сярод нас, у гэтай агульнай бядзе. Ходзяць жа нацянькі нейкія шэрыя постаці начамі ў баковачку да нашага ўпаўнаважанага гражданіна Траццякова. Чаго? Што іх вядзе туды? Значыць, трымай язык за зубамі, а думкі на замку. Лепш не думаць, каб не звар’яцець.
Часам хочацца верыць, што не толькі тутэйшыя людзі, а і нашы начальнікі павінны зразумець, што мы ніякія не ворагі, не дыверсанты і не шкоднікі. Можа, і разумеюць, але мусяць спраўляць сваю не надта далікатную службу, бо нічога іншага рабіць не ўмеюць, а пуп ірваць не вельмі хочацца. Куды прыемней хадзіць у начальніках, крычаць, зневажаць, здалёк палохаць блакітнаю фуражкаю і пагражаць за парушэнне саслаць за Палярны круг. Так і жывуць на высокіх акладах, кормяць сям’ю асобымі пайкамі, і разыходзяцца ад іх, як магнітнае поле, нябачныя стрэлы страху.
Ох, як развярэдзіў душу, як расцвяліў думкі маленькі аматарскі здымак з жалобнымі паглядамі маіх самых дарагіх і любых пакутніц.
Поўнач. У наледзянелыя шыбы б’ецца завея. Сон змыкае павекі. Грукат у раму: «Ссыльныя, на адметку!» Не, гэта не сон. Мусіш ісці.
Читать дальше