Жыць станавілася немагчыма на «прагрэсаўскія» авансы. Хоць і сталяраванне маё наўрад ці каштавала больш. З горам папалам ляпіў крэслы, на якія і сам не адважваўся садзіцца. Цягнуць з мізэрнага жончынага бюджэту не дазваляла сумленне. Ведаў, як там туга і цесна. Завіхацца ў арцелі не было сэнсу, колькі б ні зрабіў — плата адна. Ды і работа валілася з рук ад непраходных змрочных думак, тугі па родных, незагойнае крыўды і болю, ад змрочных перспектыў. Адно слова «навечна» наганяла жах.
Члены арцелі мелі заработкі намнога большыя за нас: яны былі гаспадары. А хто мы? З ласкі нанятыя работнікі, бяспраўныя ссыльныя. Хто прыслухаецца да нашых скаргаў і крыўдаў? Вацлава і Змітра Сцяпанавіча, сапраўдных майстроў, так-сяк падтрымлівалі, а я адчуваў сябе абузаю, ад якое хацелі пазбавіцца. Варта было вякнуць, быў адзін адказ: «Не глянецца, ідзі ў калгас». А там цэлы дзень на марозе вазі сена, выкідай з кароўніка змерзлыя глызы за палачку ў ведамасці. На першым часе калгас ссыльнаму выдаваў на дзень кілаграм хлеба і літр малака, роўна на два рублі, а на працадзень налічалі 10 капеек. За дзень работнік з’ядаў 20 працадзён. Самы лепшы ў калгасе цясляр, касец і стагавальнік Міша Цэсарук за сем гадоў не мог адрабіць свайго доўгу. Калі прыйшла пара вызваляцца, Цэсарук быў вінен калгасу чатырыста рублёў. Даведку яму на атрыманне пашпарта выдалі толькі тады, як жонка з Украіны прыслала грошы на выкуп мужа. Становішча ссыльных у калгасе было самае цяжкае.
Напачатку мы ўтрох сёрбалі з аднаго кацялка, але хутка ў мяне задрыжала рука, перш чым узяцца за лыжку. Мае сябры да арцельных авансаў нешта прызараблялі ў агульны кацёл. А чым яго мог закрасіць я? Тут нават грузчыкі не патрэбны. Таму чужы кавалак рубам станавіўся ў горле. Нічога не кажучы сваім сябрам, я пачаў шукаць работу.
У канцы сяла быў вялікі дзіцячы дом. Тут знайшлі прытулак сіроты франтавікоў, бежанскія дзеці, падабраныя каля разбітых бамбёжкаю саставаў, хлопчыкі і дзяўчынкі з колішняй аўтаномнай рэспублікі немцаў Паволжа і ціхія, маўклівыя і асцярожныя дзеці «ворагаў народа». Яны трымаліся асобна, вучыліся старанна, гаворкаю нагадвалі то Украіну, то Беларусь.
Дырэктар гэтага дома, высокі, кучаравы, у драцяных акулярах, апрануты пад Макаранку, Сцяпан Васільевіч Кемелеў быў самы аўтарытэтны чалавек у сяле. Да яго я і падаўся. Прыняў мяне адразу ў прасторным, добра напаленым кабінеце. Прапанаваў сесці і далікатна пачаў распытваць, хто я, дзе працаваў, што скончыў, чаму трапіў сюды. Я адразу адчуў давер і сімпатыю да яго і шчыра пачаў расказваць сваю драматычную біяграфію. Ён слухаў уважліва, пазіраючы ў акно. Здавалася, верыць, бо такое прыдумаць і нахлусіць нельга. Ён спрабаваў суцешыць, што разбяруцца і, калі дапушчана памылка, выправяць. Але не па спагаду я прыйшоў да яго.
Сцяпан Васільевіч прызнаўся, што такі работнік во-о як яму спатрэбіўся б, але… Ён шырока развёў рукамі: «Зразумейце, не ад мяне гэта залежыць. — Уздыхнуўшы, сказаў: — У нашай школе толькі дырэктар з вышэйшаю адукацыяй, астатнія — педкурсы, педтэхнікум, ёсць і «практыкі» — пасля 10 класаў». Відаць, каб зусім не пазбавіць надзеі, абяцаў параіцца, можа, што і выйдзе. Развітваючыся, успомніў, што ў школе патрэбен загадчык гаспадаркі, і параіў зайсці да Яўгена Паўлавіча Пуціна.
Школа была па дарозе, і я вырашыў за адным разам атрымаць усе аплявухі і супакоіцца. Болей не было куды ісці… Вось і школа. Адна толькі назва. На пукатым, агароджаным жэрдкамі голым дзядзінцы — доўгі «асноўны корпус» з пачарнелага бярвення і вялікімі вокнамі, побач дзве хаты, на два класы кожная. Гаспадарчы хляўчук, а ў канцы двара прыгон для каня і двух быкоў. Вось і ўся гаспадарка.
Я доўга не мог зразумець, чаму ў Сібіры, дзе столькі лесу, ні ў адным двары няма добрага цёплага хлява. Скрозь толькі прыгоны — скіданыя з жэрдак загарадкі, абы не ўцякла скаціна. Без падсцілкі каровы ляжаць на заледзянелых глызах, часта прымарожваюць хвасты і вымі. Скаціна за зіму абрастае нейкім дзікім мохам і, як бразголкамі, прымерзлымі камякамі гною.
Увайшоў у школу, і ў гэтым убогім «храме навукі» да болю зайшлося сэрца. Я да самазабыцця любіў школу, дзяцей, натхнёныя ўрокі, калі іх слухалі, не варушачыся, вечары, спектаклі, паходы, віктарыны, спрэчкі па сачыненнях. I тут пахла крэйдаю, недзе разлітым чарнілам, на нізкіх вешалках віселі кажушкі, целагрэйкі, пафарбаваныя, сваёй работы пальцечкі, з класаў даносіліся павышаныя галасы настаўніц. Як я ім зайздросціў, як хацелася ўвайсці ў клас, сказаць: «Добры, дзень, дзеці. Тэма сённяшняга ўрока…» I спазма раптам перахапіла горла. Пастаяў перад настаўніцкай, супакоіўся, пастукаўся і ўвайшоў у прасторны пакой. Пасярэдзіне — доўгі стол, засланы чырвоным, у чарнільных плямах, абрусам, на ім — сшыткі, падручнікі, чарніліцы-невылівайкі. За прыстаўным столікам сядзеў дробненькі мужчына ў танным шэрым пінжаку, сіняй касаваротцы, з бледным стомленым тварам, шэрыя вочы глядзелі здзіўлена, светлыя негустыя валасы спадалі на лоб.
Читать дальше