Сібірская вясна бурная, іскрыстая, сонечная, з шумнымі і віратлівымі паводкамі. Лажкі і нізіны становяцца азярынамі. Біязінка вырываецца з берагоў, а шырокая, зарослая чаромхаю, тальніком і глогам Тара ломіць пабурэлы лёд, крышыць крыгі і залівае па самыя макаўкі ўсё наваколле. Мясцовыя рыбакі спускаюць на ваду лёгкія асінавыя чаўны, з дарожкамі, восцямі, «павукамі», плывуць па разводдзі і вяртаюцца з чырванапёрымі акунямі, даўгарылымі шчупакамі і мноствам срабрыстых чабакоў. У затопленых кустах плёскаецца, гукае, крычыць і свішча ашалелае ад цяпла, вясны і шчасця мноства пералётнага птаства. А мне ўспамінаюцца вясна на Пцічы, набухлыя кусты бэзу, бухматыя жоўтыя коцікі на вербах, качыны гон над разводдзем і шчаслівыя, поўныя спадзяванняў гады майго юнацтва. I такі агортвае сум, такі боль гняце сэрца, што і выказаць нельга нікому. У кожнага сваё гора, свой сум. Чакаю лета і спадзяюся пабачыцца з жонкаю. У лагеры чакаў яе на «свіданку», а тут у адведзіны.
Сышлі снягі, апалі паводкі, падсохлі груды, пацвярдзела густая, як асфальт, гразь на дарогах. Тайгу завалакла шыза-зеленаватая смуга. Пакуль не ўзняліся хмары гнусу, усе спяшаюцца на лясныя дзялянкі рэзаць на зіму «веснадзельныя» дровы. За лета яны высыхаюць, як звон, і загараюцца ад аднае запалкі. Усе вялікія работы тут робяць талакою, як тут кажуць, «помачамі». Збіраюцца сваякі, бліжэйшыя суседзі, сёння паставяць шуркі аднаму, заўтра другому, пазаўтра трэцяму. Глядзіш, за некалькі дзён усе з дрывамі на ўсю даўжэзную зіму. Так косяць і стагуюць сена, ставяць дамы, садзяць і выбіраюць бульбу. Гэта спрадвечныя самыя працавітыя кааператывы, таварыствы ўзаемнай дапамогі. Ад помачаў ніхто ніколі не адмовіцца і не адмаўляецца. Ідуць мужчыны, жанкі, старыя і дзеці, і работа кіпіць, пакуль не будзе ўсё зроблена. Суровая Сібір прадыктавала свае мудрыя законы.
Адразу я не паверыў вачам. На пустым пляцы раніцаю былі выкапаны ямкі пад штандары з лістоўніц, а ўвечары на гэтым месцы стаяў ладны дом, толькі без печы і зашклёных вокан, у ім заліваўся гармонік, грукалі ў скоках, сакаталі прыпеўкі, да раніцы ішла гулянка. Вось і ўся плата за работу. Неверагодна. Праўда? А ўсё проста: зруб паставілі ў лесе, размецілі, падагналі кроквы і тоўстыя латы, накалолі плашак на столь, загадзя акасячылі вокны і дзверы, надралі на дах бяросты. Раніцай усё перавезлі на пляц і накінуліся, як мурашы, складаць, насцілаць мох, наворваць удзірванелы дзёран на дах. Увечары стаяў накрыты, як лялька, новы дом. А плата? Бітон густое салодкае бражкі і чыгун бараніны.
А колькі ж трэба дроў на зіму школе і кожнаму настаўніку, з разліку дванаццаць кубаметраў на душу? Вось думай і старайся, заўхоз. Толькі падсохла тайга і не падняўся гнус, тры старэйшыя класы — пяты, шосты і сёмы — разам з настаўнікамі ў лесе. Тут кожны з маленства прывучаны валіць з пня, пілаваць, калоць самыя кручаныя камлі, складаць роўныя паленніцы. Ішло нас на лесасеку душ каля ста, з песнямі, жартамі, штурхатнёй, кепікамі.
Лесапавал — работа небяспечная, а ў мяне дзесяцігадовы вопыт лесаруба, і я расстаўляю настаўнікаў і вучняў так, каб нікога і сучок не драпнуў, і сам завіхаюся з пілою і сякераю. Абедаць садзіліся ўсе разам: раскладалі жытнія шаньгі, адвараную бульбу, пірагі з тварагом і чаромхаю, запівалі малаком. Я са сваім акрайчыкам хаваўся за кучаю ламачча, каб ніхто не зжаліўся і не частаваў мяне сваімі шаньгамі.
За два тыдні мы справіліся з дрыўмі. Наперадзе была вялікая работа — накасіць і застагаваць на тры галавы сена. А зіма доўгая — з кастрычніка да мая. Вакол сяла ніякіх сенажацяў не было. Касілі ў тайзе на колішніх дзялянках, пакуль яны не пазарасталі хмызам і падлескам. У гушчары ўрмана, куды і сонца не заўсёды прабівалася, школа мела свае «надзелы». Калі мне іх перадавалі, я не ўяўляў, як тут касіць па пнях, па ламаччы, сярод няспаленых лаўжоў. Успаміналіся нашы надрэчныя заліўныя лугі, нават балоты здаваліся раем. Але нікуды не дзенешся — трэба адрабляць свае трыста рублёў. А тайга гудзе і звініць хмарамі вялізных аваднёў, ліпкіх сляпнёў і плоймаю камарэчы. Толькі і робіш, што хвошчашся веццем, а заедзь сячэ спіну, рукі, твар, працінае шапку. Як тут касіць, калі дыхаць ад камароў немагчыма? Старыя сібіракі расказвалі, што некалі селавы сход вялікаму злачынцу выносіў самы страшны прысуд: на суткі пакінуць прывязанага ў тайзе. На тым месцы знаходзілі непазнавальны труп, як кажухом укрыты гнусам.
Мне рабілася страшна, але трэба было касіць. Пад маім началам было пяць тэхнічак. У нас — касавіца мужчынская работа, а ў Сібіры — асноўныя касцы жанчыны, ды яшчэ якія касцы! Мы выехалі на сваім транспарце. Дзялянка наша была кіламетраў за сем ад сяла. Распрэжаныя конь і быкі адразу рванулі ў хмызнякі, каб хоць трохі ацярэбвацца ад заедзі. Пакуль здымаў косы, падбіваў клінкі і мацаваў ручкі, мае жанкі ва ўсім белым, у тоўстых шарсцяных панчохах і мяккіх чырках нацягалі ламачча і яловага лапніку, развялі куродым, палеглі на траву і пачалі качацца ў дыме. Я не разумеў, дзеля чаго яны вэндзяцца: грэцца няма патрэбы — дзень ясны, сонечны і гарачы. Гукнулі мне: «Иди, окурись». Я адмахнуўся: «Лепш закуру». Жанчыны з крынічкі прынеслі гладышку сцюдзёнай вады, напіліся і ўзяліся за косы. Я пайшоў паперадзе, але на сярэдзіне пракоса мне пачалі падразаць пяты. Спыніўся, нібы памянташыць касу, яны, смеючыся, пайшлі наперад, а мяне апанавала цёмная хмара заедзі. На тэхнічках не было ніводнага авадня ні сляпня. Чаму? У мяне пад тонкаю кашуляю з сіняга штапелю не было ніводнага жывога месца, на шчоках і руках пухлі цвёрдыя белыя пухіры, камары лезлі ў вочы і ў рот. Я махаў касою, а мяне секла і секла заедзь, нібы таго асуджанага на кару. Здавалася, яшчэ трохі — і можна звар’яцець ад укусаў, гулу, звону і невыноснага свербу.
Читать дальше