Акрамя ўсіх гэтых вонкавых пераваг, аклад у Ромкі быў утрая большы ад таго, што зарабляў, ганяючы на сваім матацыкле, Андрон Сыцюк.
Нельга сказаць, каб Андрон не змагаўся супроць пранікнення формаў і метадаў замежнага жыцця на тэрыторыю свайго калгаса. Ён пісаў ва ўсе інстанцыі, ездзіў да раённага і абласнога начальства і, між іншым, шмат дзе знаходзіў разуменне і падтрымку. Але толькі да той пары, пакуль не мінуў год і фінансавыя органы не падлічылі, што за дванаццаць месяцаў Юткава вежа прынесла дзяржаве ў дзесяць разоў большы даход, чым увесь калгас «Каруны» разам з Сыцюком і ягонымі папярэднікамі за ўвесь час свайго існавання. Прычым даход гэты вызначаўся не буракамі і бульбай, што па трабавала рэальнай працы, рэальных затрат і рэальных датацый, не лёнам, малаком і морквай, пералічанымі ў капейкі і рублі, а нечым лятучым, эфемерным, абстракт ным, незразумелым, як час і прастора, але што, тым не менш, абсалютна рэальна матэрыялізавалася ў марках, іенах, франках і рупіях, а таксама ў доларах і фунтах стэрлінгаў. Пасля гэтакіх метафізічных пераўтварэнняў Андрона Сыцюка паўсюль перасталі разумець, а паколькі старшыня не здаваўся, дык яму даволі настойліва параілі выправіць сваю лінію, бо іначай ён можа развітацца з па садаю кіраўніка сярэдняга звяна і вельмі проста пайсці па лініі зусім па іншай. Розум падказваў Сыцюку здацца і папрасіцца да Ромкі экскурсаводам на паўстаўкі, але ха рактар Андронаў аказаўся мацнейшы за розум, і старшы ня вырашыў змагацца да канца, сам па сабе, ні на кога не спадзеючыся і ні ад кога не чакаючы падтрымкі. «Вежа для калгаса — ці калгас для вежы. Ютка для карунцаў — ці карунцы для Юткі?» — паставіў Андрон перад сабой пытанне, на якое загадзя ведаў адказ, толькі не прыдумаў пакуль, як узяцца за справу, з якога боку піхнуць камен нага ідала, каб той паваліўся, чым адолець жалезную, а дакладней, залатую логіку фінансавых органаў.
Неспадзявана дапамога прыйшла адтуль, скуль, здавалася, і прыпаўзці не магла: Андрон знайшоў верную і бясстрашную саюзніцу ў асобе Хрысціны Сымонаўны Моргаўкі, настаўніцы роднай мовы, а таксама спеваў і фізкультуры.
Так проста ні ворагамі, ні саюзнікамі ні ў наш час, ні ў якія іншыя часы не станавіліся і не становяцца, на ўсё былі і ёсць свае, іншым разам няўлоўныя, тонкія, пата емныя, глыбока захаваныя прычыны.
Прычына, па якой Хрысціна Сымонаўна пайшла ў саюзніцы да Андрона Сыцюка, была вонкавай, для ўсіх адкрытай і ўсім зразумелай, як даросламу, так і мало му.
Аднаго разу з чарговай іншаземнай дэлегацыяй завітаў у Каруны амерыканскі мільярдэр Фрэнк Морган — і не абыякі мільярдэр, не якінебудзь там іншы Морган, а з таго самага клана Морганаў, пачатак якому даў некалі Кірыла Моргаўка са Стрыпун, крэўны родзіч Хрысціны Сымонаўны. Ох ужо і сустракалі гэтага Фрэнка, ох ужо і віўся вужом вакол яго Ромка Казубоўскі, ох ужо і пана ехала ў Каруны газетчыкаў, фарцоўшчыкаў, дыпламатаў, каментатараў і іншай дробнай чэлядзі! Ажно ў гасцініцы ўсе не змясціліся — і многія начавалі на караблі пана Цырлюкевіча, пад адкрытым небам, хоць стаяла позняя восень. I такое рабілася ў вёсцы, нібыта свет з ног на га лаву перакуліўся. Фрэнк Морган падымаўся ў сем гадзін раніцы, а з сярэдзіны ночы яго ўжо чакалі, душыліся каля ўвахода ў гасцініцу, лезлі на каркі адзін аднаму, каб толькі ўбачыць, глянуць хоць адным вокам на таго, хто мог быць нікім, нічым, проста ёлупнем са Стрыпун, а стаў акулай імперыялізму, мільярдэрам, магнатам, у ад ной кішэні якога столькі грошай, колькі не назбіраеш, прайшоўшы з торбай па ўсіх дварах ад Карун да Смаргоні ці нават да Вільні. А Фрэнк Морган выходзіў з гасцініцы ў зеленаватай, не вельмі нават свежай спартыўнай майцы, на якой была намаляваная вялізная муха з напісаным пад мухай словам FLY, у зеленаватага колеру рэйтузах, у гэткіх жа зеленаватых, трохі ўжо скасалапленых та пачках — і ва ўсім гэтым амаль што жабіным адзенні пачынаў бегаць ад гасцініцы да Юткавай вежы, ад Ют кавай вежы зноў да гасцініцы, тудысюды, тудысюды, не менш як пяць разоў у абодва канцы, а гэта выходзіла каля дзесятка кіламетраў. Ну і натрэніраваўся ж з ім Ромка Казубоўскі, які заўсёды бег паперадзе і сачыў, каб на да розе, бронь божа, не аказалася каменя, за які Фрэнк Мор ган мог зачапіцца і бразнуцца ці, аступіўшыся, падвяр нуць нагу, — і што тады змогуць зрабіць нашы дактары, якія нагу мільярдэра і ў вочы не бачылі?.. Ды хіба адзін Ромка натрэніраваўся? А фарцоўшчыкі з валютчыкамі? А рэпарцёры? А іншая дробная чэлядзь?.. Толькі не яны, не, зусім не гэтая хеўра вывела з сябе Хрысціну Сымонаўну. Штораніцы бегала за мільярдэрам уся карунская шко ла, уся, колькі яе было, карунская дзятва — ад першага камсамольца да апошняга падшыванца. Чаго вы дума еце яны гэтак разбегаліся? Можа, думаеце вы, яны так палюбілі фізкультуру, якой старанна, але беспаспяхова займалася з імі апошнія два гады Хрысціна Сымонаўна, бо штатнага настаўніка фізкультуры ў школе не было? О, каб яно было так, то сэрца Хрысціны Сымонаўны толькі б узрадавалася. Але сэрца яе засмуцілася, моц на засмуткавала, так, што нетры ягоныя напоўніліся абурэннем і гневам. Каб ведаў пра тое Фрэнк Морган, ён бы зарокся займацца тым, чым займаўся ў час сваіх ранішніх лёгкаатлетычных прабегаў. А займаўся ён тым, што набіраў, выходзячы з гасцініцы, поўныя кішэні розных значкоў і праз кожную вярсту сеяў іх па трасе свайго прабегу, і дзеці кідаліся на тыя значкі, як галод ныя кураняты на проса, валтузячы адно адное так, што енк і лямант меншых і слабейшых уздымаўся вышэй ад Юткавай вежы. Ці магла спакойна бачыць і чуць такое Хрысціна Сымонаўна, настаўніца, якой хоць і далі толькі завочную адукацыю ў педагагічным інстытуце, але ад пачуцця гонару, высакароднасці і чалавечай вартасці не адвучылі, гэтае пачуццё па спадчыне дасталося ёй ад яе продкаў, дзядоў і прадзедаў. Таму ў пятніцу, 19 лістапада, Хрысціна Сымонаўна правяла два ўрокі, спеваў і роднай мовы, а з трэцяга, з урока фізкультуры, у якім па пры ездзе Фрэнка Моргана не стала ніякай патрэбы, пашы бавала ў праўленне калгаса.
Читать дальше