Уладзімір НЯКЛЯЕЎ
ЛАПАЦІНА
Прыпавесць
“Литвинку божи?!. Тю, литвинку ти ж чортів!”
“Ага, хай і чортів, аби не твой!”
З украінскага фальклору
Сонца над Ярылавай гарой узыходзіла вясёлае - зусім не па настроі Ціта. Але што зробіш з сонцам? 3 Ярылам? Тут з самім сабой не зробіш нічога, а не тое што з богам...
Апошнімі гадамі Ярыла не ўзлюбіў за нешта Нальшу. Вось і ў гэтым годзе яшчэ напачатку лета спаліў збажыну. Чаму ён бяду наслаў, на каго, на што зазлаваў? - пра тое нават вайдэлот Тур і вярхоўны вяшчун Крыва-Крывэйта, які прыехаў у Крэва, каб прынесці ахвяры Ярылу, не дазналіся. Увесь чэрвень стаяла гэткая спёка, што, здавалася, плавіліся камяні, і сям’ю Ціта, да якой хутка павінен быў дадацца яшчэ адзін рот, зімой чакаў голад. Дый не толькі сям’і Ціта, а ўсяму Крэву, усёй Нальшы, на зямлі якой і без сонечных пажараў было ледзьве пракарміцца, выпадала гэтым годам галадаваць.
- Давайце мне лапаціну, - сказаў Ціт сынам, як толькі паснедалі. І паклаў каля пустой місы, выцершы хлебам, лыжку. - Мілава хутка народзіць, до мне ўжо...
Сыны ягоныя, старэйшы Віт, сярэдні Дан, муж Мілавы, ад якой не сёння-заўтра павінен быў з’явіцца ў Ціта ўнук, і малодшы Юр даелі сваё, таксама выцерлі хлебам і паклалі на стол лыжкі.
- Сёння?.. Ці заўтра? - спытаў Віт па праву старэйшага. І калі бацька, прамаўчаўшы на першае пытанне, на другое кіўнуў, Віт падняўся з-за стала. - Заўтра дык заўтра.
За ім падняліся Дан з Юрам. Гаварыць болей не было пра што. Воля бацькі - гэта воля бацькі. Як сказаў, гэтак мусіць быць.
3 сівой даўніны вёўся ў Нальшанскай зямлі звычай: калі гаспадар, састарэўшы, знемагаў, не мог ні пасеяць, ні пажаць, ні змалаціць, а толькі з’есці, ён ці перасяляўся з чырвонага, гаспадарскага кута ў запечча, ці, каб не быць у сям’і нахлебнікам, прасіў даць яму лапаціну.
Большасць выбірала запечча. А лапаціну выбіраў той, хто не хацеў дажываць жыццё з мышамі.
Звычай патрабаваў, каб лапаціна была альбо з гумна, дзе ёй збожжа на таку веялі, альбо з хаты, дзе на ёй цеста ў печ ставілі. Каб мела дачыненне да хлеба - і было зразумела: усё. Сыта ці не, але наеўся. З’еў чалавек сваё.
Пад захад сонца ён падымаўся з лапацінай на Ярылаву гару, дзевяць разоў абыходзіў вяршыню, укленчваў на капішчы, маліўся Ярылу, а ў хвіліну, калі сонца хавалася за небасхіл, нахіляўся ўслед за ім, кладучы галаву на ахвярны камень. Лапаціну, якую прынёс ён на плячах, браў ягоны наймалодшы сын і біў па патыліцы. Звычай патрабаваў, каб абавязкова наймалодшы - гэтак замыкаўся чарговы круг жыцця. З апошнімі сонечнымі іскрамі цвіркала, пырскала кроў, і жыццё заходзіла, закочвалася за мяжу зямлі і неба разам з сонцам...
Ціт не мог выбраць запечча.
- Што гэта з бацькам? - спытаў Дан братоў, збіраючыся ў сваю буду ў Багушоўскім лесе, дзе ён драў бяросту, нарыхтоўваў смалу, дзёгаць, вугаль. - Яму ж не час, здаровы яшчэ.
- Сын твой здаравейшы будзе, - кіўнуў Віт на Мілаву, якая грэла на сонцы пад сцяной пуні свой вялізны жывот. - Не сёння-заўтра адным ротам стане болей. Значыць, адным ротам мусіць меней стаць.
«Хто ж ведаў, што голад...» - хацеў сказаць Дан, але Юр раней сказаў: «Ты чаго яго вінаваціш? Ён жа не ведаў, што голад. А калі б і ведаў, дык што?..»
На тым размова між братамі скончылася. Юр пайшоў на свой пчальнік, а Віт, глянуўшы на круглыя грудзі над круглым жыватом Мілавы, сказаў, аблізаўшыся:
- А тое. Не трэба было гэтую смалянку да нас цягнуць. Праз яе ўсе беды. І вось пабачыш, Дан: яны яшчэ не скончыліся. Калі не так, няхай мне ні рыбы ў рацэ, ні звера ў лесе.
Юр у іх сям’і пчалярыў, бортнічаў, бо чым яшчэ, як не пчоламі, аднарукаму займацца, а Віт паляваў ды рыбачыў. Ён склаў высушаныя сеці, каб паставіць іх у Крэўлянцы на стронгу, зірнуў яшчэ раз на Мілаву і пайшоў да ракі.
Пра тое, што было, Віт праўду сказаў. Але пра тое, што будзе, багам ведаць, а не Віту.
Беды пачаліся пасля наезда на Смаленскае княства, адкуль вярнуліся нальшанцы з багатымі абозамі, лупамі, а Дан яшчэ й з паланянкай. Ён не ведаў, як насамрэч яе зваць, а яна не казала, дык Дан сам назваў паланянку Мілавай. Вядома, сапраўднае імя яе было іншае, хрысціянскае, смаляне не трымаліся гэтак за паганскую веру і звычаі продкаў, як нальшанцы, але якая розніца, як называецца гэткае дзіва...
Мілава была прыгожая, як Ляля. Багіня прыгажосці. Высокая, гнуткая, з васільковымі вачыма, белая-белая з чорнымі, як смоль, валасамі. Дан казаў, што знайшоў яе ў палацы князя, але што яна там рабіла, кім была, ад Мілавы было не дазнацца.
Читать дальше