Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Някляеў, Паэмы — Мінск: Лімарыус, 2010. — 338 с.
© OCR: Камунікат.org, 2010
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010
Шлях мой зямны, Айчына...
На схіле
кожнай вярсты
Толькі ты за плячыма,
Наперадзе —
Толькі ты.
Існасць мая, Айчына...
Не дзякую за карэнні...
Дзякую за магчымасць
Сумнення
У несумненным.
Праўда мая, Айчына...
З прыцемкаў, сутарэнняў
Бачацца
Далячыні
Светлага разумення.
Споведзь мая, Айчына...
Дадзена
птушцы i зверу
Блакітна крычаць вачыма: —
Веру!
Веру!
Веру!..
Вера мая... Айчына.
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,
Дзе год амаль
вісела на слупе
Аб'ява:
«Прадаецца піяніна...»
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры
I доўга біў вады струмень шыпучы,
Пакуль мяне суседкі разглядалі...
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе астравы азёрныя маўчалі
I возера затойвала дыханне,
Калі рука мая ЯЕ руку кранала...
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,
Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры,
Дзе астравы азёрныя маўчалі...
Нідзе цяпер ЯЕ ўжо не сустрэць мне.
Не ведаю даўно,
які трамвай,
Адкуль і да каго ЯЕ прывозіць,
I, каб спаткаў, цяпер бы ўжо адрозніць
ЯЕ ад іншых і не змог, бадай.
Але калі ўспаміны цераз край
Нахлынуць раптам, сэрца замарозяць,——
Я лёс прашу: які трамвай ні возіць
Цяпер ЯЕ — сустрэнемся няхай.
I хай усё, што стала ў нас былым,
Што расплылося, нібы ў небе дым,
На момант зноў жывую плоць набудзе.
Жыве ў нас памяць, што там ні кажы,
Дапамажыце нам сустрэцца, людзі,
Трамвай, спаткацца нам дапамажы.
Трэці трамвай —
юнацтва маё,
Каханне маё —
трамвай.
Хіба ты ўсё і пра ўсіх забываеш?
Што ж ты
не дапамагаеш?
Коціцца, грымкае, звоніць трамвай:
— Я забываю — і ты забывай,
Усё забывай, што з табой ні здараецца!
Дзе,
на якім мне прыпынку чакаць?
Трэці трамвай,
Парай, падкажы...
Столькі людзей, для якіх я чужы,
Што немагчыма каханых губляць!
Ды і сярод найбліжэйшых табе
У час, калі дробязна любую страціш,—
Жывеш, нібы на тваім ілбе
Выпалена пракляцце.
Дробязна страціў я...
Дробязна жыў...
Трэці трамвай,
дапамажы!
Вынес трамвай ЯЕ.
На! Сустракай!
Вынес, нібы апаліў.
Што ж ты зрабіў са мной,
Трэці трамвай!
Што ж ты зрабіў?
Можа,
ты вынес зусім не ЯЕ?
Можа,
ЯНА не ТАЯ?
Бачыш: зусім не пазнае.
Нават не ўспамінае.
Бачыш ты, карнік!
Яна не адна!
Бачыш:
вунь з тым.
Што ты звоніш і скачаш?!
Бачыш:
яго абдымае яна!
Бачыш?!
— Бачу,— прагрымкаў трамвай,—
і павер,
Дружа мой, гэта не здрада.
Тое сапраўднае ў нас, што цяпер,
А што было, тое ўжо не сапраўднае.
Людзі ўваходзяць,
Выходзяць з мяне —
і забываюць.
Хіба мне хто п ры сустрэчы кіўне!
Не,
не ківаюць.
Хай іх. Мне што?
Я жалезны трамвай.
Усе забываюць — і я забываю.
Але бывае, што нават трамваю
Трэба, каб нехта яго ўспамінаў.
Хай наша памяць — сляды на вадзе,
Хай немагчыма помніць глыбока,
Ды немагчымей,
калі адзінокі
Нехта з трамваяў ці нехта з людзей.
Так што, лічы, я цябе зразумеў,
Сам бы ўцякаў ад нудоты сабачай...
Каб не па рэйках хадзіць умеў,
Толькі б ты,
Дружа,
мяне тут і бачыў.
Але ўспаміны ты
лепш не кранай,
Усе забываюць — і ты забывай.
Усё забывай,
дзе і што ні здараецца!
Не забываецца...
Трэці трамвай...
Усё больш сяброў — і менш...
Такая справа...
I зойме раптам адзінота дых,
I ты вярнуць хацеў бы нават тых,
Каго вяртаць даўно не маеш права.
Як на слупах пажоўклыя аб'явы,
У памяці размыты твары іх,
Былых каханых і сяброў былых;
I іх вяртаць — балючая забава.
Яны прайшлі, я к вёсны альбо зімы,
Яны ў трамваях пралятаюць міма,
Ніхто з іх нават не зірне назад,
Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты,
Што ўсе мы неяк прадчуваем страты,
Але ніяк не пазбягаем страт.
Читать дальше