Здарылася гэта ў той дзень і прыблізна ў той жа час, калі я сеў на цягнік да Масквы, каб у Маскве сесці ў са малёт да Стагкольма… Так што ў гэты час я мог не быць у Менску, а мог і быць — Вера жыла побач з вакзалам.
Я мог з ёй выпіць, спыніць ёй сэрца, зацягнуць у ванну, перарэзаць вены і паспець на цягнік.
Калі не, чаму збег?..
Слядоў маіх у кватэры хапала.
Па горадзе пакацілася: забілі некага з апазіцыі! КДБ, спецслужбы забілі, бо ў каго яшчэ ёсць нешта такое, што сэрца спыняе нібыта без прычын? У інтэрнэце замільгала:
«Дыктатура не расправіцца з нашай ВЕРАЙ!» Дык што рабіць спецслужбам дыктатуры? Калі забойца сам у апазіцыі — і да таго ж збег за мяжу… Таму і наструніла мяне пытанне адваката: «Вы дома нікога не забілі?..» Я падумаў, што прыйшлі дакументы на экстрадыцыю. А гэта вам не ананімка пра ката…
Няўжо ўсё ж Вера напісала?.. У апошні вечар жыцця села і напісала ў шведскую іміграцыйную службу, каб мне не давалі палітычнага прытулку, бо я ката забіў?..
Тады ў якім жа яна адчаі была… І пры чым тут спецслужбы? Можа, і пры чым, але не пры гэтым.
Дні за два да ад’езду мне патэлефанавала Наста… Ніхто, апроч Веры, не ведаў, а яна аднекуль ведала, што я з’язджаю. Толькі думала, што мы з’язджаем разам. Я і Вера. Сказала, што правільна робім — тут нічога не да чакаемся. Сказала, што дапамагала мне апошнім часам не столькі праз мяне, колькі праз Веру.Чаму?.. Бо я ў параўнанні з Верай — шчанюк, а яна, Наста, сука. Спы тала, ці памірыліся мы? Яна б не хацела, каб праз яе не шта ў нас не склалася…
Скуль яна ўзяла, што праз яе?
Калі я дазнаўся, што Веры не стала, чамусьці адразу пра Насту падумаў, пра яе бамбізукіроўцу з гэбісцкай мордай. Успомніў яе крык: «Едзь давай, разбярэшся!..» Але ж не забіваюць за тое, што апырскалі кавай! Ці ў нас могуць забіць?..
Шведскі следчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
— Вы першую палову жыцця хадзілі на савецкія шэсці: Першамай, Кастрычнік… Так?
— Так.
— А другую палову жыцця — на шэсці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?
— Так.
— Тады скажыце мне, падумаўшы: гэта нармальна?
— А што тут ненармальнага?..
Шведскі следчы глядзіць на мяне бездапаможна: «Ну, не ведаю… Я толькі хачу вас папярэдзіць, што вы зноў можаце апынуцца там . Вас туды могуць выдаць, калі ад вакат не даб’ецца псіхіятрычнай экспертызы».
Нарэшце яны, адвакат і следчы, выйшаўшы з пункта А і з пункта Б , сышліся. Не важна, што адзін з іх спыніўся ў пункце « выслаць », а другі — у пункце « выдаць ». Пункт адзін і той жа… Але і ў тым, што мяне не вышлюць і не выдадуць, бо прызнаюць псіхічна хворым, следчы, як і адвакат, не сумняваецца. Хоць ніхто з экспертаў не сябар ягоны і ён ні з кім і ні пра што не дамаўляўся…
Яму шкада мяне.
Чаму яны ўсе мяне шкадуюць?.. Следчыя, міністры, ад вакаты, хай нават яны жулікі?.. Феміністкі з іміграцыйнай службы і феміністкі з таварыства аховы жывёлін?.. Таму, што я жыў там, дзе я жыў, і лічыў сваё жыццё нармальным?
Дык яно і было нармальным. Яшчэ трэба разабрац ца, дзе яно ненармальнае. Там, дзе турма — турма, з кар цэрам і парашай, ці там, дзе турма — нумар у гатэлі. З тэлевізарам, халадзільнікам і падагрэтай падлогай. Ды яшчэ з прабачэннямі, што тэлефона няма і кампутар да інтэрнету не падключаны, бо, пакуль вядзецца следства, сувязь забароненая. А пасля, калі асудзяць, калі ласка. Хочаш — сядзі ў інтэрнеце, хочаш — з інструктарам на лыжах катайся. Хай сабе нават ты двойчы забойца.
Дома ў камеру на дзесяць чалавек нас па трыццаць набівалі. Не прадыхнуць… Па тры разы на дзень пры томнасць страчваеш. І не ўсведамляеш, прытомны ты ці не, калі чуеш: «Там, дзе канчаюцца з а мкі, там канчаецца Еўропа. Пад Смаленскам… І калі мы ўзновім, адбудуем нашы замкі, мы дойдзем да Еўропы, вернемся ў яе».
Вера казала: «Мы тады некуды вернемся, калі дойдзем да такіх, як у Еўропе, турмаў. Але дай нам такія турмы — нікога на волі не застанецца. Для нас такія турмы — замкі.
Мы рабы, нас цягне ў рабства. Там камфортна, зацішна. А свабода — вецер. Ген свабоды нам не прывіць, у рабоў ён не прыжываецца. Таму мы і шчаслівыя ў рабстве».
Шведскі следчы кажа: «Дарма вы пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаеце. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэння чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і».
Сям’і не выйшла…
Вера лічыла мяне сваім, але не найлепшым. І народ лічыла сваім, але не найлепшым. І апазіцыю… Недалэнгамі яна лічыла і мяне, і апазіцыю, і народ.
Читать дальше