«Сястрой ці служкай даводзіцца крытыка мастацкай літаратуры?» — для цябе такога пытання ніколі не існавала, ніколі ты над ім не задумваўся, бо ты сам — служка сваей абмежаванасці i ўхваленай іншымі самазадаволенасці.
Дык ці не мы самі ператвараем крытыку з сястры літаратуры ў яе старанную i недалёкую служку?
АД «КАЗАК ЖЫЦЦЯ» ДА ЖЫЦЦЯ БЕЗ КАЗАК
Казка ёсць як бы канон паэзіі.
Усё паэтычнае павінна быць казачным.
Ф. Наваліс
Трапіўшы ў кнігарню, дзе да ўвагі пакупнікоў прапануюцца кнігі сацыялістычных краін, заўсёды здзіўляешся колькасці чэшскіх i польскіх казак, якія ўражваюць, аднак, не толькі колькасцю, але i разнастайнасцю: народныя i літаратурныя, вялікія аповесці i маленькія замалёўкі, глыбока арыгінальныя i злёгку апрацаваныя, філасофскія, гістарычныя, сатырычныя i г. д. Кожны раз міжволі ўзнікае нейкае пачуццё зайздрасці i прыкрае шкадаванне, калі ўспамінаеш стан развіцця гэтага жанру ў нашай літаратуры. Задумваешся аб прычынах такога становішча i магчымых шляхах яго пераадолення, прыгадваеш, што адгалоскі гэтай маленькай праблемы неаднойчы з'яўляліся на старонках друку, але неяк ізалявана, адасоблена ад агульналітаратурных i агульнаграмадскіх праблем, з якімі яна, безумоўна, цесна звязана...
* * *
Далібог, продкі нашы ніколі не скардзіліся на беднае ўяўленне, на недахоп фантазіі, на абыякавасць да неверагодных прыгод. Па колькасці арыгінальных сюжэтаў беларускія народныя казкі — найбагацейшыя ў славянскім свеце. Легенды i паданні, якія, на жаль, не ўсе дайшлі да нашага часу, уяўляюць сабой адну з найкаштоўнейшых частак беларускага фальклору.
Літаратура XIX стагоддзя, прасякнутая напачатку рамантычнымі плынямі, дала ў гэтым напрамку «Шляхціца Завальню, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага прозай i шмат чаго іншага вершамі.
Творамі Цёткі, Коласа, Багдановіча, Бядулі пачыналася беларуская літаратурная казка; шмат у чым яшчэ несамастойная, пераймальна-фальклорная, яна акрамя ўласна літаратурнай мэты мела перад сабой мэту агульнакультурную, агульнанацыянальную: так важна было даць маленькаму чытачу новую казку на роднай мове, абудзіць іскрынку самасвядомасці. Я. Колас (у «Казках жыцця») i М. Багдановіч здолелі стварыць узоры казак пазаўзростава-універсальных, філасофска-сімвалічных, якія не абмяжоўваліся функцыянальна межамі дзіцячай літаратуры.
Безумоўна, бурныя гістарычныя, далека неказачныя падзеі ў першую чаргу фарміравалі літаратурны працэс i абумоўлівалі яго жанравую спецыфіку. Але, маючы такія багатыя фальклорныя крыніцы i класічны пачатак, беларуская літаратурная казка магла разлічваць калі не на паўтарэнне «скандынаўскага феномена», калі не на з'яўленне феномена славянскага, то ва ўсякім разе на плённае, гарманічнае развіццё сярод іншых жанраў беларускай літаратуры.
I вось замест гэтага мы вымушаны сёння са здзіўленнем канстатаваць відавочны заняпад гэтага жанру ў нашай прозе, а хутчэй — абсалютную неразвітасць, эмбрыянальнасць літаратурнай казкі ў колькасных i якасных адносінах. Адразу падкрэслім, што гэта не датычыцца шматлікіх вершаў-казак у дзіцячай паэзіі, якія літаратуразнаўцамі традыцыйна не ўключаюцца ў межы казачнага жанру, як спецыфічнага жанру прозы (дарэчы, у выкарыстанні казачных сюжэтаў беларуская дзіцячая паэзія мае несумненныя поспехі, a ў апошнія гады заўважныя зрухі адбыліся ў гэтым напрамку i ў драматургіі).
Не будзем наракаць, што ў нас няма ніводнага аўтара на ўзроўні такіх сусветна вядомых казачнікаў XX стагоддзя, як Лагерлёф, Ліндгрэн, Янсан, Алеша, Радары, Корчак i інш., хаця надзвычай багаты фальклор i стварыў для гэтага пэўныя магчымасці i абавязкі. Такія нараканні былі б неапраўданымі i максімалістычнымі, адразу б перакрэслілі сабой магчымасць рэальнага падыходу да праблемы i пошукаў выйсця з яе. Не, зараз непакоіць пакуль іншае: пры невысокіх якасных вартасцях сучаснай беларускай літаратурнай казкі яна не дасягае сярэдняга агульнасаюзнага ўзроўню нават па колькасных паказчыках. Калі, напрыклад, у Літве ў апошнія дзесяцігоддзі выходзіць у свет прыблізна дзесяць кніжак казак у год, то ў нас — добра, калі адна. Амаль столькі ж рукапісаў i прапаноўваецца выдавецтвам, якія, магчыма б, з задавальненнем выпусцілі больш. Але ў нас найперш мала пішацца казак, i таму мала выдаецца. У той жа Літве разам з А. Лёбітэ, Э. Легутэ, Я. Дегутытэ, О. Сурвілайтэ, В. Гедра, В. Жілінскайтэ, В. Пяткявічусам, В. Даутартасам да казачнага жанру звярталіся i звяртаюцца такія шырокавядомыя пісьменнікі, як Й. Авіжус, М. Слуцкіс, К. Сая. Многія з ix з'яўляюцца аўтарамі аповесцей-казак, што сведчыць пра невыпадковасць i працягласць працы сур'ёзных «дарослых» пісьменнікаў над казачнымі творамі, пра ўсведамленне важнасці i неабходнасці такіх твораў для развіцця літаратуры, для фарміравання нацыянальнага чытача, пачынаючы не з першых курсаў вышэйшых навучальных устаноў, а з першых крокаў па зямлі, з першых самастойна прачытаных слоў.
Читать дальше