Эдгар Алан По
Авальны партрэт
Замак, у які мой слуга рызыкнуў заламіцца дзеля таго, каб пазбавіць мяне, моцна зраненага, неабходнасці правесці ноч на адкрытай прасторы, быў адным з тых вялізных змрочна-шыкоўных будынкаў, чые насупленыя абрысы часта сустракаюцца сярод Апенінаў – не радзей, чым у фантазіях місіс Рэдкліф * . Мяркуючы па ўсім, зусім нядаўна яго часова пакінулі. Мы размясціліся ў адным з самых сціплых і найменш мэбляваных пакояў, што знаходзіўся ў самай аддаленай вежачцы. Багатае і старадаўняе ўбранне пакоя ўжо амаль сатлела. На сценах віселі габелены і мноства разнастайных геральдычных знакаў, а побач з усім гэтым – шматлікія яркія сучасныя карціны ў рамах, багата ўпрыгожаных залатымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі па ўсіх сценах, але і ў самых патаемных куточках, што цалкам адпавядала вычварнай архітэктуры замку, – гэтыя карціны пад уплывам трызнення, што толькі-толькі пачало мяне мучыць, прыцягнулі маю ўвагу. Ужо надышла ноч, і я загадаў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы, запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў ля ўзгалоўя майго ложка, і расхінуць махрыстыя гардзіны з чорнага аксаміту вакол яго. Усё гэта было неабходна дзеля таго, каб у выпадку бяссоння я мог хаця б заняць сябе сузіраннем карцінаў і чытаннем маленькай знойдзенай на падушцы кнігі, прысвечанай іх апісанню і разгляду.
* Эн Рэдкліф (1764 – 1823) – ангельская пісьменніца, адна з першых аўтараў гатычных раманаў, сярод якіх самыя вядомыя – “Італьянец” (1797), “Удальфскія таямніцы” (1794). Дзеянне многіх гатычных раманаў (у тым ліку названых) адбываецца за мяжой, часта – у Італіі.
Доўга, доўга чытаў я – і пільна, вельмі пільна ўглядаўся ў карціны. Час бег хутка, бавіўся прыемна і неўзабаве наблізіўся да апоўначы. Мяне пачаў раздражняць кандэлябр, што стаяў у нязручным месцы, і каб не будзіць заснулага слугу, я з цяжкасцю працягнуў руку і пераставіў яго. Цяпер святло падала акурат на кнігу.
Аднак дзеянне гэтае мела зусім неспадзяваны вынік. Святло шматлікіх свечак (а іх насамрэч было шмат) выхапіла з цемры той куточак пакоя, што дагэтуль хаваўся ў цені ад балдахіну, і ў яркім ззянні я ўбачыў раней не заўважаную карціну. Гэта быў партрэт маладой дзяўчыны, якая толькі-толькі пачала ўбірацца ў пару спелага жаноцтва. Я мімаходзь зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Мне самому цяжка было патлумачыць, чаму я зрабіў менавіта так. Аднак пакуль мае павекі заставаліся апушчанымі, я прыдумаў прычыну гэтага. Мне трэба было выйграць час, каб засяродзіцца і ўпэўніцца, што зрок не падмануў мяне, каб супакоіцца, утаймаваць фантазію і падрыхтавацца да больш цвярозага і ўпэўненага агляду. Праз некалькі імгненняў я зноў уважліва паглядзеў на карціну.
Тое, што я ўбачыў, не падлягала сумневам; святло свечак, што падала на палатно, адразу ж развеяла здранцвенне, якое паралізавала ўсе мае пачуцці, і імгненна вярнула мяне да жыцця.
Як я ўжо сказаў, на карціне была намаляваная маладая дзяўчына, дакладней, яе галава і плечы, выкананыя ў так званай тэхніцы віньетак, вельмі падобнай да ўлюбёнай тэхнікі Салі * . Рукі, грудзі, нават асляпляльныя валасы паступова пераходзілі ў невыразны і таямнічы цень, які ўтвараў фон карціны. Рама авальнае формы была багата пазалочаная і ўпрыгожаная арнаментам у маўрытанскім стылі. Ніколі не бачыў я прыгажэйшага мастацкага твора, чым гэтая карціна, аднак ні тэхніка выканання, ні несмяротная чароўнасць твару не змагла б так нечакана і так глыбока ўразіць мяне. І менш за ўсё магло так стацца, што мая абуджаная фантазія пераблытае гэты твар з тварам жывога чалавека. Я адразу заўважыў, што асаблівасці выявы, віньеткі і рамы павінныя імгненна развеяць такое ўражанне і нават папярэдзіць яго. У развагах над гэтым пытаннем я каля гадзіны правёў напаўседзячы, напаўлежачы, не адрываючы погляду ад карціны. Нарэшце я зразумеў сакрэт гэтага эфекту і, задаволены, лёг у ложак. Я заўважыў, што прыцягальная моц карціны тлумачыцца поўнай жыццепадобнасцю выразу твару, які спачатку здзівіў, а пасля заблытаў, уразіў і падпарадкаваў сабе. З глыбокім і амаль пабожным трымценнем я вярнуў кандэлябр на былое месца. Прычына майго хвалявання знікла з поля зроку, і я схапіўся за кніжку, у якой апісваліся карціны і іх гісторыі. Разгарнуўшы яе на старонцы, дзе апавядалася пра авальны партрэт, я прачытаў наступныя невыразныя і па-старадаўняму вытанчаныя словы:
* Томас Салі (1783 – 1872) – амерыканскі мастак, ангелец з паходжання, аўтар жаночых партрэтаў.
Читать дальше