Калі сына абралі першым сакратаром райкама партыі, Мікалай Раковіч радаваўся болей за ўсіх, нават болей за самога новаспечанага партыйнага важака. Пасля Чарнобыля стары Раковіч устрывожыўся, але не так за сына, як за малых унукаў. Ён добра памятаў анекдот, які некалі расказаў Даўгалёў пасля бюро райкама. Прыйшла да парторга жонка партыйца, расплакалася: муж яе крыўдзіць, не спіць з ёй, відаць, займеў палюбоўніцу. Парторг выклікае свайго камуніста: “Ты чаму жонку крыўдзіш? Не спіш з ёй? Палюбоўніцу завёў. Пазорыш званне камуніста”. Мужчына яшчэ не стары, гадоў на паўсотню, кажа: “Я не магу з ёй спаць. Я імпатэнт”. — “Ты перш-наперш камуніст. А потым ужо імпатэнт. Каб жонка болей не скардзілася”.
Тады мужыкі-партыйцы дружна рагаталі, бо самі маглі любіць жанок, маглі рабіць сваю мужчынскую справу, маглі жыць і радавацца. Дык вось, стары Раковіч не столькі за здароўе сына перажываў, той загартаваны, абкатаны, чарку-другую шандарахне, і ўранні, свежы, як “агурчык”. Шчымела сэрца старога Раковіча за ўнукаў. Калі выбухнуў Чарнобыль, старэйшаму Максімку споўнілася сем гадоў, малодшаму Міколку, якога назвалі ў гонар дзеда, — пяць гадкоў. Вось іхняе здароўе і клапаціла Мікалая Раковіча. Штолета, а таксама на зімовыя канікулы, ён забіраў унукаў да сябе, у Бяседавічы, якія лічыліся чыстымі ад радыяцыі, забяспечваў сынаву сям’ю малаком, усялякай гароднінай. Франтавік Мікалай Раковіч, тройчы паранены, кантужаны, які ўжо амаль паўвека пражыў з прабітым плячом, як птушка з параненым крылом, хацеў дачакацца праўнукаў.
Стары Раковіч балюча перажываў падзеі ў Маскве падчас ГКЧП, забарону КПСС, разумеў, што гэтым не скончыцца. Што наперадзе чакае іншая бяда. Ён адчуваў, што магутная звышдзяржава — Савецкі Саюз ужо дыхае, як загнаны конь перад скананнем. Раковіч парадаваўся, што сын не аупсціўся на дно, як многія партыйныя работнікі, некаторыя і на той свет пайшлі, а сеў надзейна ў крэсла кіраўніка савецкай улады, застаўся першым чалавекам у раёне. Вунь Андрэй Сахута, які высокі быў начальнік, а ў Мінску не знайшоў працы, мусіў вярнуцца ляснічым у радыяцыйную зону. Сахуту ён памятаў з таго незабыўнага вечара, калі ў Бяседавічах адкрывалі новы клуб. Тады Раковіч увесь вечар скакаў нараўне з маладымі, а то й лепш за іх, бо ў танцы пады-спань ён круціў сваю партнёрку так па-заліхвацку, як не умеў ніхто з маладых.
Пра Сахуту ўзгадалі і за сталом, калі частаваліся свежыною. Дзед Раковіч гаварыў і пазіраў на ўнукаў, якія са смакам, навыперадкі . адзін перад адным, елі смажаную пячонку са шкваркамі. Ды так шчыравалі, што, здавалася, у хлопцаў за вушамі трашчыць. Растуць унукі здаровымі, крэпкімі. Максіму ўжо трынаццаць год. Раніцой ён сказаў:
— Дзеда, давай памераемся. Ці дарос я да тваёй барады?
Унук прыхінуўся стрыжанай круглаю галавою, стары Раковіч учуў знаёмы, нейкі цёплы родны пах. Прыставіў шурпатую далонь да Максімавай макаўкі і да свайго падбароддзя.
— Ну, таскаць, дастаеш ужо. Вядома, дзед уніз расце. А ты ўгору цягнешся. Таскаць, закон прыроды. Старому аджываць, маладому расці, квітнець. Налівацца сокамі, набірацца сілы. Жыцё не любіць слабакоў.
— Дзеда, а ты ж у тоўстых шкарпэтках. А я ў тонкіх. Так нячэсна, — петушыўся ўнук. — Глядзі, тата, я дзеда скора пераганю.
— Так, сынку, за лета ты моцна выцягнуўся. Цяпер трэба ў плячах набіраць моцы. Мужнець трэба. Дровы сячы. Гантэлі цягаць, — лагодна павучаў бацька. — Жыццё сапраўды не любіць слабакоў.
— Захацеў памерацца і малы Міколка. Той дастаў дзеду да грудзіны. Уткнуўся галавою ў жывот.
— А ты, Міколка, ужо вышэй майго пупа, — рагатаў шчаслівы дзед.
Радаваўся і бацька сыноў. Мільганула думка: можа, і правільна, што тады адразу пасля Чарнобылю, не паехаў на Віцебшчыну намеснікам старшыні райвыканкама. Можа б. дасюль і хадзіў у намесніках, а так — гаспадар раёна. І бацькам лацвей каля яго, і яму лепш. Утульней. Ніколі не прыехаў да іх з пустымі рукамі, затое і яго улегцы не выпускалі з дому.
Першыя дні пасля разгрому ГКЧП перажываў ён моцна. Але дзякуючы земляку Шандабылу ўсё пайшло на лад. Цяпер не трэба праводзіць бюро райкама. а там кожны мог выказацца — усе ж таварышы па партыі. Усіх выбраў пленум. А цяпер Анатоль Раковіч кожны панядзелак праводзіць планёркі. І рэдка хто асмельваецца пярэчыць яму. Дэмакратыя — дэмакратыяй. А дысцыпліна, субардынацыя — перш за ўсё. Вось і заўтра а сёмай раніцы збяруцца ўсе раённыя кіраўнікі: старшыні селсаветаў, старшыні калгасаў, праўда, аддаленыя не заўсёды прыязджаюць — бракуе паліва. Раковіч гэта разумее, дужа не ўшчувае за тое, што не быў на планёрцы, а вось калі кепска падрыхтаваў ферму да зімы, за гэта ўсыпле па першы нумар.
Читать дальше