Юры СТАНКЕВІЧ
ПАЎНОЧНЫ ВЕЦЕР ДЛЯ СПЕЛЫХ ПЛАДОЎ
Раман
...Углыбіні саляных капальняў
пакідаюць галінку дрэва, якая
акорылася за зіму; праз два ці тры
месяцы яе вымаюць адтуль,
пакрытую бліскучымі крышталікамі.
...Самы пакутлівы міг той, калі
заўважаеш, што зроблены няправільныя
высновы і даводзіцца разбураць цэлую
гронку тых крышталікаў.
Стэндаль. «Каханне».
Надыходзіла ўжо лета, а разам з гэтым спрыяльным часам набягаў і не вельмі прыемны — апошняя перад дзяржэкзаменамі сесія. У скверах зелянелі дрэвы, на вуліцы сталіцы з раніцы прывозілі вялізныя бочкі з танным белым сухім віном, якое можна было ўжываць замест надакучлівага хлебнага квасу, у пракураных пакоях інтэрната ўрэшце адчынялі ўдзень вокны, а ў самым цэнтры к вечару аднойчы проста пад адкрытым небам усталявалі падмосткі і паставілі «Медэю», спектакль, які глядзелі ўсе, хто хацеў.
Менавіта ў гэтыя неспакойныя дні студэнт на прозвішчы Ігнат Мазур раптам адчуў непрадказальную трывожную стомленасць. Па звычцы іншым разам спыніцца і ўсё прааналізаваць ён пачаў дакопвацца да прычыны. Тая агульная прычына такога свайго стану, як аказалася, складалася з некалькіх.
Па-першае. Існавалі прадметы, якія ён, па незразумелых заганах розуму, не ўспрымаў, якія яму было вельмі цяжка здаць: гістарычны матэрыялізм, палітэканомія, гісторыя партыі і бальшавіцкага друку і некаторыя іншыя. Справа была не толькі ў тым, што Мазур быў да іх у лепшым выпадку проста раўнадушны, ён іх — ненавідзеў. Магчыма, тут усплывалі гены бацькі, які ў свой час згінуў у Карлазе як палітвязень, можа, што іншае, хто ведае.
Па-другое. Ён заблытаўся ў сваіх адносінах з жанчынамі.
Трэцяя прычына, якая выцякала з другой, усплыла пазней і з усімі ад таго наступствамі.
Жанчын, а дакладней, дзяўчат, спачатку было двое. З Аняй Балтас, даўняй сяброўкай, студэнт Ігнат Мазур сустракаўся больш як два гады. Яна вучылася ў педінстытуце, прыехала ў сталіцу з заходняй вобласці краіны і знешне мела выгляд тыповай ліцвінкі, якую іншым разам выяўляюць на каляндарыках, — высокая, прыгожая бландзінка спартыўнага целаскладу, з тонкімі і пародзістымі рысамі твару. Студэнт Ігнат Мазур упершыню ўбачыў яе ў нейкай харчовай крамцы побач з інтэрнатам, а потым выпадкова сустрэў зноў, так усё і пачалося. Яму быццам пашанцавала, бо ў дзяўчыны на той час нікога не было. Яе старэйшая сястра, якая заканчвала медінстытут і ўжо была заручаная з трыццаціпяцігадовым забяспечаным чыноўнікам, не ўхваляла іх сустрэч. Яна лічыла студэнта Ігната Мазура няздольным сямейнікам з прычыны ягонай беднасці, а яшчэ таго, што да дыплома, і тым больш удалага размеркавання, яму было далёка.
Між тым, дзякуючы дзядзьку Барысу, роднаму брату маці, які меў сяброў у сталіцы (разам ваявалі), ён перавёўся з філфака на факультэт журналістыкі, што палічыў неверагоднай удачай. Пэўна, гэта было апошняе, што зрабіў для яго дзядзька Барыс, бо нечакана былы франтавік памёр у свае шэсцьдзясят год ад сардэчнага прыступу.
Так Ігнат апынуўся на незнаёмым дасюль курсе факультэта. На ім вучыліліся чатыры гады, і ён мусіў здаваць некаторыя дадатковыя залікі і экзамены самастойна. Апекаваць навічка ўзялася аднакурсніца Юля Маракова. На факультэце разам з беларускімі хлопцамі вучыліся і студэнты з Расіі, Малдавіі, Украіны, нават з Грузіі, і нікога гэта не здзіўляла.
У Юлі Мараковай аказалася, як яна яму пазней прызналася, падтрымка. Яе цётка працавала выкладчыцай на кафедры англійскай мовы. Юля невысокая, хударлявая, нягледзячы на ўмовы жыцця ў інтэрнаце, заўсёды з густам апранутая, з ледзь прыкметнай усмешкай у кутках вуснаў, выклікала ў яго сімпатыю, і калі хто-небудзь спытаў бы студэнта Ігната Мазура, ці кахае ён зараз гэтую дзяўчыну, то, пэўна, атрымаў бы станоўчы адказ, хоць ён быў даволі стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў і думак.
Юля Маракова даволі сур’ёзна ўзялася за абранніка. Нават, як ён даведаўся пазней, аб’явіла дзяўчатам з курса, што навічок Ігнат Мазур — яе хлопец. Дасціпная, разумная крымчанка з Севастопаля, з дамескам габрэйскай крыві, яна карысталася аўтарытэтам сярод аднакурсніц, і на Ігната Мазура ніхто так і не спакусіўся. Урэшце ў заўсёды прагматычным свеце ён пакуль што аніякай асаблівай каштоўнасці не ўяўляў, пра што ведаў і сам.
Варта адразу адзначыць, што курс быў неаднародны, несяброўскі. Некаторыя студэнты — слаба падрыхтаваныя, бралі хітрасцю, выкрутлівасцю і ўседлівасцю. Некаторыя хлопцы адслужылі армію, былі сярод іх і партыйныя.
Читать дальше