Аповесць
Снежань, 198… года. Субота.
З дзевятага паверха ён бачыў шэрыя дамы — адзін зеўраў чорнымі адтулінамі вокнаў — яшчэ не паспелі зашкліць. Па абочыне новай вуліцы бетонныя слупы роўнай шарэнгай цягнуліся ўдалечыню. Ні дрэўцаў, ні кустоўя. На дроце там-сям гайдаліся пад халодным ветрам самотныя, прыціхлыя вароны.
Уступаў пакрысе ў свае ўладанні бог зімы — Зюзя. Ішоў з поўначы лысы, барадаты, несамавіты дзядок, і з кожным яго подыхам узнімаліся завірухі, а пад босымі, пасінелымі нагамі адразу камянела, стыла зямля, і ўсё жывое пачынала адчуваць страх і няўпэўненасць у існаванні, бо лёс жывога залежыць ад шматлікіх прычын і век яго кароткі — жывое ж увогуле нешта парушае, нейкія важныя законы фізікі, якія існуюць па-над намі.
— З’явімся на свет і адразу нешта парушаем, — сказаў Мастак, — такі закон.
Ён стаяў і пазіраў праз акно на вуліцу. Зіма абяцала быць халоднай і працяглай, бо з палёў сабралі незвычайна вялікі ўраджай (старыя казалі, што гэта не на дабро), у садах восенню ламаліся сукі ад яблыкаў, груш, сліў, а ў лесе дубы паскідалі столькі жалудоў, што хапіла б і на некалькі гадоў; грыбы таксама ўрадзілі: і белыя, і падасінавікі, і апенькі, і ваўнянкі, і грузды, і шампіньёнаў на пакінутым палігоне за горадам было столькі, што можна касіць касой. Рабіны ламаліся ад ягад, палымнелі чырванню, мурашкі ўзнялі вышэй свае мурашнікі, а пчолы амаль поўнасцю заляпілі ляткі воскам. Ішла зіма. З раннімі прыцемкамі, піліпаўкай і маразамі.
На Мастаку быў цёплы світэр і джынсы, бо ў кватэры адчуваўся ўсё той жа восеньскі холад. Светлыя дрэнна падстрыжаныя валасы лахмаціліся над шырокім яго лобам. Прыжмураныя вочы былі шэра-зялёныя, а кароткая рудая бародка дзе-нідзе пачынала, нягледзячы на яго малады ўзрост, сівець. Сарамяжлівая, прыгожая ўсмешка часам асвятляла змрачнаваты твар.
З-за расчыненых дзвярэй выйшла жанчына. Шырокі баваўняны халат толькі падкрэсліваў яе цяжарнасць. Твар з крыху кірпатым носам і меднага колеру валасамі быў зусім просты. На бледнай скуры выдзяляліся карычневыя перадродавыя плямы.
Жанчына сказала:
— Адпачываў бы яшчэ. Час жа дазваляе. Усхапіўся і адразу за свае сусветныя праблемы.
— Мужчына павінен заўсёды нешта шукаць, — сказаў Мастак. — Свой дом і дастатак патрэбны, але ж яны разбэшчваюць. Спрадвечны бой, спакой нам толькі сніцца, нас кліча барацьба…
— Дажартуешся. Няўдачнік. Пакуль кватэру ў рэшце рэшт атрымалі, дык работу страціў у горадзе. Цяпер па лясах блукай. І там пачнеш сваё даказваць, зноў апячэшся, ведаю.
— Добра, Рыта, — прымірэнча сказаў Мастак. — Не будзем сварыцца на дарогу, бо шлях мой цёмны, а раніца пужае…
Але жанчына толькі ўзяла разгон.
— Ну, адхілілі некалькі карцін, не прынялі на выстаўку. Іншы б паціху свайго дамогся, а ты ў пакрыўджаныя адразу. Хто хоча мёду, той пчол не дражніць. А раней што было, ты памятаеш?
Мастак нервовым рухам узлахмаціў валасы.
— Раней былі сямідзесятыя. Дзе ты, маё юнацтва? Куды цябе, убогае, затаўклі?
— Адно табе зараз наканавана. У балота. Ты ж сам казаў, што той запаведнік — скрозь балота, ды не простае, а адно з буйнейшых у Еўропе.
— Затое я там галоўны мастак-афарміцель.
— А ў вас ёсць і негалоўныя мастакі? — нязлосна спытала жонка. — Ці доўга і там утрымаешся? Учора ж стагнаў цэлы вечар, што дырэктар прасіў жончын партрэт намаляваць, а ты нуль увагі — за нацюрморты ўзяўся. Яшчэ здзіўляешся пасля таго, што ён глядзіць на цябе, як…
— Як бык на новае шула, — падказаў Мастак. Ён павярнуўся і абвёў рукой сцены, на якіх шчыльна віселі карціны.
— Дырэктар? Што ён такое? Бачыла б ты яго пошлы твар. Затое глядзі сюды. Мае карціны — маё багацце. Калі я памру, ты не прападзеш. Вось.
Жанчына пастукала пальцамі ад сурокаў па самаробным стале са скрыняў.
— Не трэба так жартаваць. Які ты неспакойны. Заўчора зноў піў віно, спрачаўся з сябрамі.
— Угхм… — вінавата ўздыхнуў Мастак.
Яна ўталопілася ў буянства фарбаў на сценах.
— Вы адзін аднаго не разумееце, а ты скардзішся, што не запрашаюць на афіцыйную выстаўку… І дзе ты бачыў такія істоты, такіх жывёл? Такіх не існуе. Фантастыка.
— Памыляешся, — вяла адказаў ён. — У Анры Русо, напрыклад. А ён ніякіх істот не бачыў, акрамя як на сваёй мытні. І ўвогуле, хто ведае, што там, па-за намі?
Мастак зноў уздыхнуў, сеў на зэдлік (мэблю яны яшчэ не набылі) і так жа напаўжартам працягваў:
Читать дальше