Ідучы ў кабінет, Раковіч падумаў: “От з кім трэба пагаварыць пра белавежскія падзеі. Ён шмат чаго ведае. Знаёмцаў багата ў высокіх кабінетах. Можа, з кім паспее перакінуцца словам. Цяпер людзі КДБ не баяцца”.
У кабінеце набраў нумар Шандабылы і пачуў знаёмы глухаваты густы барытон.
— Што ты доўга засядаеш? Нябось, пра белавежскі дагавор пыталіся?
— Так, розныя праблемы. Хаця пыталіся і пра гэта. А я ведаю тое, што і яны. Можа, у вас болей інфармацыі?
— Пакуль што нічога не ведаю. Адно ясна, што дзела цёмнае. Наламалі яны дроў. І бяды будзе шмат. Першая ахвяра ўжо ёсць. Георгій Акапян памёр. Думаў, бедалага, запусціць завод.
Абласны начальнік распавёў далей, што ў суботу ездзіў да Акапяна ў бальніцу, пагаварылі, выглядаў ён няблага, збіраўся выпісвацца. Уранні пачуў паведамленне з Белавежскай пушчы Паспрачаўся з суседам, адстаўным палкоўнікам, выйшаў у калідор, раптам схапіўся за сэрца і асеў на падлогу. Паклікалі доктара, зрабілі ўкол. Але ўжо не выратавалі.
— Стварыце раённую камісію. Пахаванне арганізуйце як след. Інфармуйце мяне. Калі ўдасца, прыеду.
На гэтым Мікалай Арцёмавіч развітаўся. Раковіч сядзеў, бы ў здранцвенні. Ён ведаў, што Акапян сур’ёзна хворы, але пра ягоную смерць і думкі не дапускаў. У яго было столькі энергіі, столькі жадання закончыць будаўніцтва цэментнага завода. Усплыла ў памяці вячэра на Бесядзі. Акапяну тады зрабілася блага, напалохаў ён усю кампанію. А ў Маскве ў той вечар арыштавалі кіраўнікоў ГКЧП. А вось цяпер Белавежскія пагадненні, скананне Савецкага Саюза.
Смерць сваёй вялікай краіны сын армяніна і рускай жанчыны, муж беларускай кабеты, савецкі чалавек і сапраўдны інтэрнацыяналіст — Георгій Сяргеевіч Акапян перажыць не змог.
Раённая жалобная камісія рабіла захады, каб годна правесці ў апошні шлях дырэктара завода, але сям’я Акапяна вырашыла пахаваць яго ў Магілёве, побач з бацькам. Раковіч нават ціха ўзрадаваўся: усё ж меней клопату, накіраваў у Магілёў свайго намесніка, дэлегацыю ад цэментнага завода.
Клопату Анатоль Раковіч пазбыўся, але думкі пра Акапяна не пакідалі яго і на другі дзень, і на трэці. Спярша ўздыхнуў з палёгкаю: не давядзецца быць на пахаванні, не прыедзе Мікалай Шандабыла, а ягоны прыезд заўсёды канчаўся моцнай п’янкай. Абласны чарнобыльскі начальнік любіў гаварыць: аптымізм, добры настрой і добрая чарка перамогуць радыяцыю. Вось чым гэта скончылася для Георгія Акапяна. Мабыць, генетычна ягонае нутро было запраграмавана на вінаграднае віно, а не на саракаградусны напой. Ды Акапян і спіртам не грэбаваў: моцным пітвом ён здымаў стрэс і расшчапляў радыенукліды. Апошнім часам, да ягонай хваробы, Акапян і Раковіч сустракаліся амаль штодня. Будоўля завода, бясконцыя праблемы моцна зблізілі іх, не раз напрыканцы дня здымалі разам стрэс.
І вось Акапяна ўжо няма. Ніякі стрэс, ніякія клопаты для яго не існуюць, бо няма яго самога. Халоднае цела, спакутаванае ад цяжкой хваробы, маральных пакутаў знайшло вечны супакой у беларускай зямлі, якую некалі вызваляў ад немцаў, а потым адраджаў спаленыя вёскі, здратаваныя танкамі палі, няўрымслівы, апантаны Георгіеў бацька — Сяргей Хачатуравіч Акапян, партыйны лідэр раёна.
Гэта ж яму да пенсіі заставался сем гадоў. падумаў Раковіч. А мне да пенсіі, як да неба. Ажно трынаццаць гадоў. Няўжо дацягну? Бацька ж вунь жыве, хоць яму пераваліла за семдзесят. Вайну прайшоў, плячо перабітае. Але ж яшчэ хвост трымае пісталетам. Неяк пасля чаркі прызнаўся, што яшчэ і жонку не крыўдзіць, можа прылашчыць, маўляў, вучыся, сынок, жыць напоўніцу, каб і пасля пенсіі пораху хапала. А тут і зараз ужо няма цягі: то ціск падскочыць, аж патыліца разломваецца, то за грудзінаю сцісне — ні дыхнуць, ні выдыхнуць. Трэба мяняць лад жыцця. Болей хадзіць, а то ўсё на машыне. А мо паспрабаваць раніцой бегаць? Уранні цёмна, мала хто бачыць будзе. А калі й убачыць, дык хіба гэта кепска? Наадварот, добры прыклад падначаленым. І як мага меней піць. Калі зусім завязаць — начальства не зразумее, адразу спішуць у архіў: стаміўся — на ўзбочыну. Тут законы бязлітасныя і правілы гульні суровыя: не можаш цягнуць воз, саступі дарогу маладзейшаму. А цяпер гэтулькі маладых партыйных функцыянераў яшчэ не ўладкаваных, прагных уздымацца па кар’ернай лесвіцы. Вось патрэбны новы дырэктар цэментнага завода. Вядома, шукаць кандыдатуру на вакантную пасаду — клопат міністэрства, але ж і з кіраўніцтвам раёна павінны параіцца абавязкова.
Зноў узгадаў Андрэя Сахуту. Вось гэтаму чалавеку давялося перажыць нямала. Гупнуўся з высокай пасады і апынуўся ў радыяцыйнай зоне шараговым ляснічым, без сям'і, без кватэры з ваннай і цёплым клазетам — тут усе выгоды за вуглом на вуліцы, — без персанальнай “Волті”, без шыкоўнага кабінета з мноствам тэлефонаў і сакратаркай у прыёмнай… Добра, што павысім яго, як я абяцаў, так і будзе. Кіраўніку любога рангу заўсёды прыемна, калі ўдаецца стрымаць сваё слова, тады гэты чалавек болей паважае сябе.
Читать дальше