Можа, сын яшчэ дома? Набраў кватэрны тэлефон — нявестка адказала: Анатоль пайшоў на працу. Пазваніў у кабінет — тэлефон быў заняты. Ат, у яго і без мяне. таскаць. клопату хапае, махнуў стары руко, і болей не тэлефанаваў.
Планёрка пачалася, як звычайна. Толькі на гэты раз у паўцёмнай актавай зале, дзе сабралася каля паўсотні мясцовых кіраўнікоў, было халадней звычайнага. Таму планёрку старшыня райвыканкама пачаў з даклада шэфа камунальнай службы. Невысокі каржакаваты мужчына ў скураной куртцы з мноствам замкоў-маланак падняўся, абхапіў шырокімі далонямі спінку вольнага крэсла перад ім, быццам баяўся пахіснуцца, прагундосіў:
— За выхадныя выстыла. Мароз выскачыў. Сянні дваццаць адзін градус. Праз пару гадзін падымем ціск. Нагрэем, Анатоль Мікалаевіч.
— Ета з Белавежскай пушчы дыхнула холадам, — пачуўся нечы хрыплаваты бас.
Зала ажывілася, усе пачалі дружна перамаўляцца між сабою.
— Вазьміце пад кантроль школы, бальніцу, дзіцячыя садкі. Дарэчы, мароз не першы дзень. Сіноптыкі папярэджвалі. Трэба не спаць у шапку. Вы ж не першую зіму працуеце, — гаварыў Раковіч, а сам думаў, як там, у Белавежскай пушчы усё адбылося? Як ім удалося абхітрыць уладу, чаму праспалі спецслужбы? Што сказаць, калі зададуць пытанне?
Раковіч падняў начальніка раённага сельгасупраўлення, а сядзеў ён за сталом прэзідыума, недалёка ад вядучага планёркі. За гэтым сталом на сцэне сядзелі намеснікі старшыні, загадчыкі аддзелаў. Сядзеў тут раней і дырэктар цэментнага завода — на правах кіраўніка самай вялікай у раёне будоўлі, але цяпер яго месца пуставала, бо ён ужо месяц лячыўся ў абласной бальніцы.
— Як ідзе зімоўка на фермах?
Начальнік упраўлення, вядома ж, падрыхтаваўся, гучным голасам пачаў дакладваць: якія надоі ў калгасах, дзе ёсць прыбаўка, колькі кароў ацялілася. Раковічу хацелася перапыніць яго: тут не месца для справаздачы, ты скажы, якія ёсць праблемы, якія недахопы, што зрабіць, каб іх ліквідаваць.
— Гэта ўсё вядома. А вось чаму ў суботу, пазаўчора, у калгасы не даставілі брагу? Кароў на сухі паёк паставілі?
Выступоўца пачаў сумбурна тлумачыць, што ў суботу на спіртзаводзе адбылася нейкая паломка, таму і брагі не было, але сёння завод працуе, фермы будуць забяспечаны “бардою”.
— А дырэктар спіртзавода ёсць?
— Ён у адпачынку. Галоўны інжынер замяшчае. А ён чамусьці не прыехаў на планёрку, — патлумачыў першы намеснік старшыні.
— Разбярыцеся, што ў іх там здарылася.
Раковіч меркаваў правесці планёрку аператыўна, без цягамоціны. Але тут паднялася дзябёлая русявая кабета, начальнік раённай племянной станцыі:
— Анатоль Мікалаевіч, ёсць праблема. Не ўсе калгасы закончылі выбракоўку хворых на лейкоз кароў...
Тут падхапіўся галоўны ветурач раёна, пачаў тлумачыць сітуацыю. Яму ўзяўся пярэчыць галоўны заатэхнік. Нарэшце з гэтым пытаннем разабраліся: вызначылі хто і калі павінен далажыць старшыні аб прынятых мерах. Затым начальнік міліцыі і пракурор усчалі спрэчку. А сутнасць вось у чым: некаторыя кааператары хочуць гандляваць у вялікіх вёсках, а участковя інспектары міліцыі іх праганяюць.
— Хай набываюць ліцэнзіі і гандлююць. Нікога не трэба ганяць, — рашуча сказаў Раковіч.
У гэты час азваўся тэлефон, які стаяў справа ад Раковіча. Тэлефанаваў Мікалай Шандабыла з Магілёва.
— У цябе планёрка? Закончыш, пазвані мне. Ёсць справа.
Як толькі старшыня паклаў трубку, нехта выгукнуў з залы:
— Можа, наконт пушчы? Як ваша думка, Анатоль Мікалаевіч? Што там адбылося? Што етыя тры зубры вырабілі? Дзе мы цяпер жывём?
— Мы жывём у незалежнай Беларусі. Ну, а дружыць будзем з усімі. Таму і створана Садружнасць Незалежных Дзяржаў. А ўвогуле, у мяне такая ж інфармацыя, як і ў вас. Пачуў уранні кароткае паведамленне. Будуць надрукаваны матэрыялы... Глядзіце сёння тэлевізар. Павінны і паказаць, і сказаць. Справа — вельмі сур’ёзная. Ну, а наша справа — выконваць свае абавязкі, — пасля кароткай паўзы Раковіч дадаў: — Даіць кароў трэба пры любой уладзе. Пячы хлеб і абаграваць кватэры. На гэтым усё. Дзякуй. Да пабачэння!
Разыходзіліся нетаропка. Раковіч чуў: усе гаварылі пра “Белавежскіх зуброў”. У кожнага была свая думка, выказваліся цяпер смела, як тое й належала грамадзянам незалежнай краіны.
Да Раковіча падышоў дырэктар лясгаса, сказаў, што ў яго вакансія галоўнага ляснічага адкрываецца з дзесятага, значыць, з заўтрашняга дня, ці можна афармляць Сахуту?
— Канешне, можна. Калі аформіш, зойдзеш з ім да мяне.
Читать дальше